17 лістапада Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з журналістамі рэгіянальных расійскіх СМІ і расказвае пра непарыўную сувязь паміж Расіяй і Беларуссю, а ўжо 21 лістапада прымае дэлегацыю Еўрасаюза і кажа неабходнасць далейшага збліжэння Беларусі і ЕС.

Валерый Салавей, фота hvylya.net

Валерый Салавей, фота hvylya.net

Такі вось прыклад нашай палітыкі шматвектарнасці, імкнення сябраваць і гандляваць з усімі. Але як да гэтай палітычнай эквілібрыстыкі на самай справе ставіцца наш стратэгічны партнёр — Расія? Да якой мяжы мы можам беспакарана “збліжацца” з Захадам, тлумачыць расійскі палітолаг, доктар гістарычных навук Валерый Салавей.

— Казаць пра непарушнае сяброўства любяць палітыкі абедзвюх нашых краін, а якія на самай справе адносіны паміж нашымі краінамі?

— Я б гэтыя адносіны назваў надзвычайна блізкімі, але гэта блізкасць, у якой за два апошнія гады ўзнікла напружанасць. Узнікла яна таму, што беларускае кіраўніцтва баіцца паглынання Беларусі Расіяй. І нават не столькі паглынання, колькі змяшчэння цяперашняга рэжыму, калі Расія раптам палічыць гэты рэжым нелаяльным да сябе. Зразумела, што ў такой сітуацыі Лукашэнка пачынае шукаць контрбаланс — супрацьвагу Расіі на Захадзе. Спрабуе ў той бок паціху паўзці. Расія за гэтым усім назірае. Ёй гэта ўсё не вельмі падабаецца, але глядзіць яна на гэта “скрозь пальцы”. Але, назіраючы за ўсім гэтым, яна расстаўляе “чырвоныя сцяжкі”: вось ёсць лінія, якую не трэба пераходзіць, і ў нас, маўляў, ёсць сродкі ўплыву і ціску на вас, Аляксандр Рыгоравіч, і на Беларусь увогуле.

— І дзе стаяць тыя “чырвоныя сцяжкі”?

— Калі раптам Аляксандр Рыгоравіч скажа, хаця б не публічна, а толькі ў коле сваіх паплечнікаў, што месца Беларусі — на Захадзе і разам з Захадам. А калі яшчэ скажа, што не толькі з Захадам, але і ў блоку NATO… Гэта тая мяжа, якую нельга пераходзіць ні ў якім выпадку.

— Мне падаецца, што ён нават фізіялагічна не прымае такога варыянту!

— Я таксама думаю, што ён наўрад ці на гэта пойдзе. Хаця ў палітыцы сустракаюцца самыя розныя кульбіты. Таму нейкая прастора для манеўру існуе. Толькі трэба разумець, што любы рух Беларусі ў бок Захаду — гэта вуліца з двухбаковым рухам. Пытанне яшчэ і ў тым, як Захад да гэтага ставіцца. Захад робіць нейкія заахвочвальныя жэсты, але ў большасці яны маюць сімвалічны характар. Беларусь можа наважыцца на шчыльныя абдымкі з Захадам толькі ў тым выпадку, калі атрымае ад яго вельмі сур’ёзныя фінансы. Але Захад не будзе іх даваць. Не толькі таму, што сумняваецца ў эфектыўнасці іх выкарыстання, — ён проста не давярае Аляксандру Рыгоравічу. Спробы флірту ўжо былі, але Лукашэнка Захад, кажучы мовай падлеткаў, кінуў. І гэта вельмі добра памятаюць. І таму сёння і Лукашэнка асабіста, і Беларусь увогуле знаходзяцца ў непарыўнай залежнасці ад Расіі. На жаль, гэта лёс усіх невялікіх краін у складаным геапалітычным становішчы: паміж дзвюма сіламі, якія напружана адна да адной ставяцца.

— Беларускае кіраўніцтва асцерагаецца змяшчэння рэжыму — якім чынам, на вашу думку, можа адбыцца гэтая змена?

— Пытанне гіпатэтычнае, але ж вы памятаеце, што напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Аляксандр Рыгоравіч “не па-дзіцячаму” хваляваўся. І зусім не праз дзеянні беларускай апазіцыі. Я не сумняваюся, што ў Расіі даволі шмат сімпатызантаў у Беларусі, у тым ліку сярод беларускага кіраўніцтва, якія, калі спатрэбіцца, падтрымаюць дзеянні Расійскай Федэрацыі. Вы ж ведае, пра вынікі закрытага апытання афіцэраў беларускай арміі, які выявіў, што 70-80% хацелі б не фармальнага, а фактычнага аб’яднання Расіі і Беларусі. Так што абаперціся Расіі ў Беларусі ёсць на каго. Папраўдзе, Аляксандр Рыгоравіч сам шмат для гэтага зрабіў: 20 гадоў яго палітыка будавалася на тым, што “мы з Расіяй браты навек, адзін народ, адзін лёс”.

— У расійскіх СМІ перыядычна з’яўляюцца выказванні, што “Лукашэнка здрадзіў Расіі”, што нашы ўлады праводзяць мяккую беларусізацыю. Такія патрыёты могуць падштурхнуць Пуціна да прыняцця нейкіх небяспечных для нашай краіны рашэнняў?

— Пакуль Пуціну, на шчасце Беларусі і Расіі, не трэба прымаць ніякіх рашэнняў адносна і Беларусі, і Лукашэнкі асабіста. Бо сёння ўсё знаходзіцца ў выгадных для Расіі межах. Такія выказванні сапраўды гучаць, але яны носяць нязначны ў агульным аб’ёме інтэрнэт-актыўнасці характар. А расійскае грамадства ўпэўненае, што рускія і беларусы — браты, што Лукашэнка — надзейны і паслядоўны саюзнік і што так будзе заўжды. Безумоўна, машыну прапаганды ўключыць лёгка, але я сумняваюся, што Беларусь і беларусаў можна дэманізаваць гэтак жа лёгка, як гэта атрымалася з Украінай і ўкраінцамі. Прапаганда не ўсёмагутная, і мяжа эфектыўнасці ёсць нават у самай эфектыўнай прапаганды.

— А калі беларускія ўлады вырашаць распачаць у краіне “мяккую беларусізацыю”, а то і бел-чырвона-белы сцяг з Пагоняй вернуць — як да гэтага паставяцца ў Расіі?

— Мяркую, будуць глядзець скрозь пальцы. Магчыма, погляд будзе крыху незадаволеным, але асаблівай увагі на гэта звяртаць не будуць. Ёсць шмат больш важных праблем. І Беларусь у гэтым сэнсе не будзе ўваходзіць у лік прыярытэтаў. Пакуль яна будзе знаходзіцца ў базавым кансенсусе з Расіяй, яна можа спакойна займацца культурным адраджэннем. Бо гэта непазбежна і зразумела. Вам трэба фармаваць і грамадзянскую, і нацыянальную ідэнтычнасць — гэта відавочна. Калі Беларусь адбылася як нацыянальная дзяржава, а яна адбылася, то варта завяршыць гэты працэс: людзі павінныя пачаць ідэнтыфікаваць сябе менавіта з гэтай краінай і з гэтым грамадствам. Гэтым уладам таксама неабходна займацца. А гэты працэс заўжды ўключае ў сябе этнічны кампанент: функцыянаванне нацыянальнай мовы, да прыкладу. Але працэс гэты на гады, а можа, і на дзесяцігоддзі: цяпер пачаць — гадоў праз 15 атрымаеце вынік.

— Вы разважаеце як навуковец, а што на гэта скажа расіянін унутры вас?

— А я не лічу, што беларусы — гэта частка рускага народа. Як і ўкраінцы. Так, гэта народы, якія з намі блізка звязаныя гістарычна і культурна, блізкія нам генетычна — і што? Асабіста мне існаванне незалежнай беларускай дзяржавы і беларускай ідэнтычнасці нічым не перашкаджае. Мяркую, Расіі было б больш карысна засяродзіцца на сваіх унутраных праблемах. Чым больш мы будзем пра сябе — тым лепш будзе для нас і асабліва для суседзяў!

— Беларусь апошнім часам актыўна дэманструе ўсяму свету сваю нейтральную пазіцыю па той жа Украіне. Але наколькі мы на самай справе нейтральныя?

— Ніякая яна не нейтральная — Беларусь падтрымлівае па ключавых пытаннях сусветнай павесткі Расію. Канечне, Беларусь можа дасылаць і іншыя сігналы: “Ну, не ўспрымайце гэта ўсур’ёз, на самай справе мы думаем інакш”. Але ж судзіць будуць па справах, а не па словах. Вось галасавалі ў ААН вы за гэта — значыць, вы гэты пункт гледжання падтрымліваеце, стаіце на гэтай пазіцыі.

— У Мінску лічаць, што за наша сяброўства Масква павінная плаціць. І яна плаціла, але ж цяпер у Расіі крызіс…

— І ў Расіі скарачаюцца ўсе артыкулы бюджэту, апроч ваеннага. Але нават ваенныя выплаты пераносяцца на больш познія тэрміны. Расія ў цяжкім крызісе — грошай няма. І гэта, безумоўна, адаб’ецца на фінансава-эканамічным баку расійска-беларускіх адносінаў.

— І на Усходзе праблемы, і ў Еўропе нас не асабліва чакаюць — сумная перспектыва…

— А я магу сказаць, што ў Еўрасаюзе расцэньваюць перспектывы Беларусі (канечне, асцярожна) у выпадку змены рэжыму як вельмі аптымістычныя. Яны лічаць, што Беларусь больш, чым любая іншая краіна, гатовая да ўваходжання ў Еўрасаюз. Параўнальна невялікая плошча краіны з нядрэннай інфраструктурай, вельмі дысцыплінаванае і законапаслухмянае насельніцтва, што надзвычай важна. Канечне, я не думаю, што гэта перспектыва найбліжэйшых гадоў, але тое, што яе не выключаюць, — гэта вельмі цікавае назіранне.

Зміцер Лукашук, Еўрарадыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: