Апошнім часам у карыстальнікаў у хатняй гаспадарцы (найчасцей вяскоўцаў) газавых балонаў выклікае недаўменне тая акалічнасць, што пры замене пустога балона на поўны газавікі пачалі яго апламбоўваць.

gs.by

 

Апошні раз, калі мне замянялі балон, яго апламбавалі — абкруцілі дротам з пломбай. Газавікі кажуць, зрываць пломбу самому нельга, палохаюць штрафам. У тым апламбаваным балоне ўжо канчаецца газ. Я заказаў новы, але прывязуць яго толькі 14 сакавіка, праз паўмесяца. І як мне быць? Як есці зварыць, ваду падагрэць, каб памыцца?.. Раней газ вазілі некалькі дзён на тыдні і ніякія пломбы не ставілі, а цяпер — два разы на месяц толькі возяць і пламбуюць! Атрымліваецца, што ўжо і газавікі на нас эксперымент па выжыванні право­дзяць? Але ў мяне ёсць камерцыйны балон з газам, таму сарву іхнюю пломбу і падключу свой балон на той час, пакуль не прывязуць новы, бо без газу мне не абысціся, — выказаўся ў тэлефоннай размове з карэспандэнтам «ГС» наконт гэтага новаўвядзення вясковец з Азгінавічаў.

Было гэта 1 сакавіка. Яшчэ раней у размове з аўтарам гэтых радкоў новаўвядзеннямі ў забеспячэнні іх газам абураліся жыхары вёскі Вострава.
Навошта пачалі пламбаваць газавыя балоны і што пагражае таму, хто зрушыць з месца тую пломбу, карэспандэнт «ГС» пацікавіўся ў дырэктара ВУ «Слонімгаз» Андрэя Кавальчука ў пісьмовым запыце на сайце прадпрыемства.

«На Ваша iнфармацыйнае пытанне пламбавання балонаў з ЗВГ паведамляем: Згодна з СТП 03.08-2017, зацверджанымі загадам ДВА «Белпалівагаз» ад 29.09.2017 №210, «Забеспячэнне насельніцтва звадкаванымі вуглевадароднымі газамі ў балонах» пункт 4.3.10 «Для выключэння магчымасцi самавольнага адлучэння i падлучэння балонаў з ЗВГ спажыўцамi газу, якiя не маюць права самастойнай замены балонаў з ЗВГ, газазабеспячэнская арганiзацыя (фiлiял) у абавязковым парадку павiнна праводзіць пламбаванне балонаў пры ix устаноўцы ў спажыўцоў газу адным са спосабаў, якiя ўжываюцца ў газазабеспячэнскай арганiзацыi».

За парушэнне патрабаванняў Правiлаў, згодна з артыкулам 20.9 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адмiнiстрацыйных правапарушэннях, самавольнае выкарыстанне газу або iншае парушэнне Правiлаў, якія не нанеслі iстотнай шкоды, цягнуць накладанне штрафу ў памеры ад чатырох да дваццацi базавых велiчынь.

Акрамя таго, згодна з артыкулам 29 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб газазабеспячэннi», газазабеспячэнская арганiзацыя мае права спынiць забеспячэнне газам спажыўца газу ў выпадках парушэння Правiлаў i (або) нездавальняючага стану газавыкарыстальнага абсталявання спажыўцоў газу, якiя ўяўляюць пагрозу жыццю i бяспецы грамадзян», — адказаў кіраўнік ВУ «Слонімгаз».
Як бачым з гэтага адказу, аўтарам новаўвядзення пра пламбаванне з`яўляецца «Белпалівагаз». Той факт, што вясковец на паўмесяца застанецца без газу, калі будзе выконваць іхнія правілы, сталічных газавых начальнікаў, якія прыкрываюцца клопатамі пра бяспеку таго ж спажыўца газу, падобна, не хвалюе зусім.

Мікалай Канановіч, Газета Слонiмская
Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: