Азербайджан адмовіўся выдаць агрэман, то бок даць папярэднюю згоду, на прызначэнне расійскага дыпламата Георгія Зуева амбасадарам у Баку. Свабода пацікавілася, ці былі падобныя выпадкі з беларускімі дыпламатамі.

«Надзвычайнай сітуацыяй» назваў такое рашэнне ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» былы намеснік міністра замежных спраў Расіі, а цяпер вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных дачыненняў Георгі Кунадзэ.

«Гэта досыць рэдкая рэч. Адмова ў выдачы агрэмана амбасадару іншай краіны — гэта, вядома ж, я б сказаў, надзвычайнае здарэнне», — падкрэсліў ён.

Выпадак з Рыжанковым

А ці былі падобныя выпадкі ў гісторыі сучаснай беларускай дыпламатыі? На гэтае пытанне Свабоды прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітры Мірончык адказаў, што такія выпадкі яны не каментуюць.

«Запыт агрэмана і адказ на яго — станоўчы або адмоўны — яны ніколі публічна не анансуюцца і не каментуюцца», — сказаў ён.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што і з беларускімі дыпламатамі былі падобныя здарэнні. Але паколькі афіцыйнай інфармацыі наконт гэтага не знойдзеш, то суразмоўца можа з поўнай упэўненасцю казаць пра адзін выпадак. Ён тычыцца цяперашняга першага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Максіма Рыжанкова, які раней працаваў у амбасадзе Беларусі ў Польшчы.​

«Падчас ягонай кадэнцыі ў двухбаковых дачыненнях узнікла напружанасць, якая вылілася ў асіметрычную высылку з краін па некалькі дыпламатаў, — узгадаў Якаўлеўскі. — Рыжанкоў быў вымушаны вярнуцца ў Мінск. Праз нейкі час, паводле неафіцыйнай інфармацыі, беларускі бок накіраваў запыт на прызначэнне яго амбасадарам у Румынію. Але Бухарэст не даў агрэмана, бо існуе практыка салідарнай палітыкі краін Еўрасаюза».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: