Заяву дэпутата Ігара Марзалюка пра тое, што Польшча павінна папрасіць прабачэння ў Беларусі за гістарычныя правіны, пракамэнтавалі Свабодзе польскія інтэлектуалы.

Рыская мірная дамова. Карыкатура. 17 верасня, Заходняя Беларусь.

 

У інтэрвію рэсурсу sonar2050.org дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня парлямэнцкай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы заявіў, што на яго думку, каб будаваць нармальныя міждзяржаўныя дачыненні Польшча павінна папрасіць прабачэння перад Беларуссю за свае гістарычныя грахі, у тым ліку за злачынствы Райса-Бурага, які ладзіў забойствы беларусаў на Падляшшы падчас і пасля ІІ сусветнай вайны.

Прафэсар, былы сябра Рады Інстытуту Нацыянальнай Памяці Польчшы Антоні Дудэк, сказаў Свабодзе, што такія рашэнні могуць прымаць толькі дзяржаўныя ўлады і параіў звярнуцца да іх. Але гісторык дадаў:

«Я магу толькі выказаць думку, што польскія гісторыі павінны весці дыялёг з гісторыкамі ўсіх суседніх краінаў на тэму спрэчных тэмаў нашага мінулага. А ўжо вынікам такога дыялёгу могуць быць рашэнні кіроўных палітыкаў пра магчымасць выбачэнняў ад імя дзяржавы».

На заяву Ігара Марзалюка адгукнулася ў сваім Фэйсбуку дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўска-Гузы. Яна лічыць, што вакол польска-беларускіх адносінаў пачынаецца нешта брыдкае і звязала заяву Марзалюка са скандалам вакол усталявання помніка Касцюшку ў Швайцарыі.

Агнешка Рамашэўска-Гузы

 

«Дзіўным чынам у гэты самы час дэпутат Марзалюк (былы нацыяналіст, сёння лукашэнкавец, а верагодна заўсёды, і тады і сёння, стаўленік той самай інстытуцыі) выпусціў востра антыпольскі артыкул на дзіўным партале, які выглядае як нядаўна створаны. Паверце мне: хутка ў беларускай інфармацыйнай прасторы гэтага будзе яшчэ больш. У краіне, дзе поўна Суворава, і горш за тое, Леніна — пры на палову афіцыйнай падтрымцы будуць адбывацца чарговыя войны за герояў ВКЛ, робячы выгляд, што яно ніколі не ўваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай».

Дырэктарка Белсату папярэдзіла сваіх сяброў у Фэйсбуку, што кожны, хто стане ў гэтай спрэчцы на адзін з бакоў, будзе для перакрэслены.

Доктар Пётр Каcціньскі, з польскага фонду Ёахіма Лялевэля, кажа, што, на шчасце, паміж палякамі і беларусамі не было такіх вострых праблемаў, як паміж палякамі і ўкраінцамі. Ён не адмаўляе, што ў польскай гісторыі былі і «непрыгожыя моманты», але ня бачыць нагоды, каб Польшча выбачалася перад Беларуссю.

Пётр Касьціньскі

 

«Да вайны Беларусі не было, як дзяржавы. Так, пэўныя дзеянні міжваеннай польскай улады адносна беларусаў мы можам сёння назваць кепскімі. Але патрабаваць ад нас выбачацца за Бярозу Картускую — гэта нейкая памылка. Гэта быў лягер адасаблення ня толькі, і не найперш, для беларусаў. Там было і шмат важных польскіх палітыкаў. Мы асуджаем Бярозу, нам за яе сорамна, але нам няма за што выбачацца. Заганай была ліквідацыя беларускіх школаў. Але ці павінны мы прасіць прабачэння за дзеянні даваеннай улады».

Паводле Касціньскага, спрэчныя моманты павінны і могуць вырашыць гісторыкі. Працу польскіх гісторыкаў ён называе аб’ектыўнай і лічыць, што яны працуюць на карысць дыялёгу.

«Ведаеце, кожны народ, па вялікім рахунку, мае за што выбачацца перад іншымі. Ёсць і дзеянні беларусаў, якія з польскага пункту гледжання былі для нас некарыснымі. Былі дзеячы КПЗБ, якія ня толькі віталі Чырвоную Армію ў 1939 годзе, але і былі суарганізатарамі сабатажу супраць польскіх жаўнераў. Сярод камуністаў былі і палякі, і габрэі, то бок прэтэнзіі можна высунуць усім. Але ці павінны беларусы выбачацца за дзеянні камуністаў падчас вайны? Я не лічу гэта добрай ідэяй. Мы не былі святымі, памылкі і грахі ёсць у кожнага. Але прасіць прабачэння ў Беларусі нам няма за што».


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.