Загадчык аддзелу супрацьракавай барацьбы анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах, кандыдат медычных навук Павел Маісееў дэтальна адказвае на публікацыю ў Фэйсбуку фотаздымку чаргі ў паліклініцы ў Бараўлянах з рэзкім каментаром аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху Віктара Гарбачова.

Загадчык аддзела супрацьракавай барацьбы анкалагічнага цэнтра ў Бараўлянах, кандыдат медычных навук Павел Маісееў

Некалькі тыдняў таму ў Фэйсбуку з’явілася фота чаргі ў паліклініцы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медычнай радыялогіі імя Аляксандрава ў Бараўлянах. Фота размясціў кіраўнік грамадскай кампаніі «За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва» Віктар Гарбачоў з вельмі крытычным эмацыйным каментаром. Ён налічыў 126 чалавек на адным крыле аднаго паверху. Галоўная ідэя ягонага допісу заключалася ў тым, што народ вымірае на вачах, а анкалогія «зжырае краіну». Гарбачоў у сваім рэзкім допісе выказаў падзяку лекарам, якім, паводле яго, за працу ў такіх умовах трэба ставіць помнік, і ва ўсім абвінаваціў дзейную ўладу і сістэму. За некалькі тыдняў гэты пост, у якім выкарыстоўвалася і ненарматыўная лексіка, перадрукавалі амаль 2 тысячы разоў, пад ім больш за 350 каментароў, яго адзначылі больш за 3,6 каментатараў.

-Павел, вы таксама пакінулі каментар пад гэтым пастом. Калі ласка, як начальнік аддзелу супрацьракавай барацьбы згаданага цэнтру выкажыце, калі ласка, вашыя аргументы і факты ў адказ на допіс, які выклікаў шырокі розгалас у грамадстве.

«Анкалогія нікога не „сжирает“, анкалогія дапамагае»

— Гэты выступ, на мой погляд, нічога карыснага ані для пацыентаў, ані для лекараў не нясе, акрамя эмацыйнасці, і прабачце, непісьменнасці ў праблеме, якую аўтар спрабуе неяк абагульніць і ўзняць вострыя пытанні. Насамрэч няма нічога, што давала б падставы меркаваць, што чалавек асабіста зацікаўлены ў тым, каб у нас штосьці змянілася да лепшага. Такое ўражанне склалася, што гэта барацьба за імідж барацьбіта за праўду. Увесь гэты выступ — эмацыйны і непісьменны, пачынаючы ад таго, што чалавек не ведае амаль нічога пра анкалогію як навуку, калі ён кажа, што анкалогія «сжирает» краіну. Анкалогія нікога не «сжирает», анкалогія дапамагае, лечыць, бо гэта — навука, з дапамогай якой мы дапамагаем хворым. Па-другое, факты, якія падаюцца, вельмі спрэчныя, мякка кажучы.

— Давайце пройдземся па канкрэтных фактах.

​— Давайце палічым, выкарыстоўваючы простую арыфметыку. У нашай новай паліклініцы, якая была адчыненая летась у снежні, толькі на прыём пацыентаў працуе амаль 30 кабінетаў па 17 спецыяльнасцях. Можна палічыць, што калі пад кабінетам сядзіць два-тры, самае большае чатыры чалавекі, дык атрымліваюцца тыя самыя 120 чалавек, якія сядзяць у калідоры і чакаюць сваёй чаргі. Да таго ж амаль што ніводзін пацыент не прыязджае да нас без суправаджэння, з ім хтосьці ёсць з родных ці знаёмых. І гэта таксама тыя людзі, якія сядзяць і чакаюць. Акрамя прыёму (паліклініка — гэта не толькі кансультатыўная ўстанова) ёсць і амбулаторная хіміятэрапія, амбулаторная хірургія і дыягнастычнае аддзяленне, ультрагукавое, эндаскапічнае і рэнтгеналагічнае аддзяленні. Выбачайце, але немагчыма імгненна ўвесь гэты народ прапусціць, тэхналагічны працэс не дазваляе гэтага зрабіць.

Ён не бачыў старой паліклінікі, якая была ў нас на першым паверсе і была раскіданая па другіх карпусах, калі там насамрэч было не праціснуцца, не прайсці паміж дзвюх лаваў. Зараз не скажу, што вельмі камфортныя ўмовы, але калі параўнаць, то гэта неба і зямля. Калі не глядзець абʼектыўна і не бачыць лепшага, тады ўсё можна чорнай фарбай пафарбаваць, калі шукаць толькі негатыўнае.

Яшчэ цікавы факт, на які не кожны звярнуў увагу. Ён піша, што прыехалі а 7 гадзіне раніцы. Паліклініка пачынае працаваць а 8 раніцы. Навошта прыяжджаць а 7-й? Што мы раней прыём пачнём весці? І каб ён адзін такі быў. Людзям, якія жывуць у Менску, прыехаць сюды да прызначанай гадзіны не складана, але ж колькі людзей прывязаныя да раскладу руху аўтобусаў і цягнікоў. Яны таксама прыяжджаюць не тады, калі прызначана. Яны таксама сядзяць і чакаюць. Гэта рэальнасць, якая не залежыць ад лекараў, якія працуюць, і ад абсталявання, якое сёння ёсць у паліклініцы. Гэта трэба ўлічваць, а не кідацца лозунгамі пра страшныя чэргі.

Яшчэ ёсць адна акалічнасць. Наш цэнтр — не звычайны цэнтр, ён выконвае функцыю і абавязкі менскага абласнога анкалагічнага дыспансера. Людзі з Менскай вобласці складаюць амаль 60% усіх наведвальнікаў. Людзі едуць з цэнтральных раённых бальніц па накіраванні раённых анколагаў. Найчасцей акрамя накіравання і рэнтгена на руках яны нічога не маюць. Амаль што за дзень яны павінны прайсці ад першага прыёму ў спецыяліста, да выніковага заключэння, у якім будзе пастаўлены дыягназ, будзе вызначаная цыталагічная карціна, адпаведна трэба зрабіць шмат чаго. Канечне, можна амаль 6 гадзінаў сядзець, але ж не проста сядзець, з табой працуюць, думаюць, увогуле ставяць дыягназ, ад якога залежыць, ці будзеш ты жыць, ці будуць цябе лячыць. Гэта вельмі важна. Астатнія 40% наведнікаў або самі едуць без накіравання, таму што хочуць сюды прыехаць, або маюць нейкія складанасьці, і ў такіх сытуацыях натуральна накіроўваюць у наш цэнтар. Яны сюды праяжджаюць, хто на каталцы, хто з мыліцамі, хто на насілках, ці з кіёчкам. І канечне тут іх болей, чым у іншай лякарні. І калі столькі цяжка хворых людзей, натуральна, эмацыйна гэта ўспрымаецца вельмі цяжка. Але ж гэта трэба разумець, а не крычаць, што народ вымірае на вачах. Так нельга, тым больш, што гэта хлусня.

Чытайце па тэме:  Больничный вопрос: Минздрав разрешил, но медцентры пока не готовы

«Анкалагічныя захворванні — гэта хвароба сталых людзей у асноўнай масе»

— Ва ўсім свеце ў сувязі з развіццём медыцыны і адпаведна павелічэннем працягласці жыцця, паляпшэннем дыягностыкі расце колькасць захворванняў на анкалагічныя хваробы. У Беларусі ў дыскусіях апошнім часам даволі часта прыводзіцца эмацыйны аргумент, што маўляў, усе вакол хварэюць на рак і паміраюць ад анкалагічных хваробаў, што краіна вымірае, пра што і Віктар Гарбачоў пісаў. Калі адкінуць эмоцыі, і апераваць выключна фактамі, то як выглядае беларуская анкастатыстыка ў параўнанні з суседзямі, з краінамі ЕС?

— На шчасце, наша краіна не адносіцца да краінаў з высокім узроўнем анкалагічных захворванняў. Яна дзесьці ў сярэдзіне. У некаторых краінах з высокім узроўнем дабрабыту, такіх як Фінляндыя, Францыі і нават Нямеччына, узровень анкалагічнай захворваемасці больш высокі чым у Беларусі. Ведаю, што зараз пачнуць казаць, што хлусяць, прыводзяць сваю статыстыку, якая не адпавядае рэчаіснасці, але ж у нашай краіне за такія рэчы як гульні са статыстыкай ёсць нават крымінальная адказнасць. Ніхто не зацікаўлены ў тым, каб зніжаць колькасць захварэўшых. Па-другое, цяпер нібы адчынілі скрыню Пандоры. Яшчэ дзесяць год таму ніхто не меў магчымасці падлічыць, у СМІ нельга было прачытаць, колькі ў нас захварэлых на рак, а колькі памерла. А сёння гэтыя лічбы даступныя, усе маюць доступ да гэтай інфармацыі, калі хочуць.

Трэба разумець, што анкалагічныя захворванні — гэта хвароба сталых людзей у агульным сэнсе. Ёсць выпадковасці, ёсць маладыя людзі, якія пачынаюць хварэць, але ў сваёй самай асноўнай масе — гэта людзі сталага ўзросту. І тут трэба выбіраць, ці мы хочам жыць даўжэй, ці мы хочам паміраць маладымі і не мець анкалагічных хваробаў. Раней казалі пра чалавека, які да 60 дажываў, што ён добра пажыў. Цяпер можна ў 80 гадоў і працаваць, і нават кіраваць нейкім калектывам, і мець добры стан здароўя, і гэта нармалёва. Прыходзіць час, калі арганізм страчвае свае нейкія абарончыя сілы, гэты працэс ідзе, і ўзнікае пухліна. Гэта таксама натуральны працэс, і гэта трэба зразумець, а не трэба крычаць, што краіна вымірае. За год мы знаходзім і выяўляем анкалагічную хваробу ў амаль 50 тысяч чалавек, а памірае ў год 17 тысячаў чалавек. Але гэта не з тых 50 тысяч, хто захварэлі сёлета, а тыя, хто захварэлі ў розныя часы, у тым ліку і шмат гадоў таму.

Сярод захварэлых 20-22% — гэта тыя, хто памруць на працягу году пасля таго, як ім паставілі дыягназ. Але гэта — чацвёртая, можа, трэцяя стадыя. Пухліна — гэта такая хвароба, пры якой на першай і другой стадыі нават без лячэння, калі нічога не рабіць, чалавек пражыве год-два і не памрэ. І калі памірае, то гэта запушчаныя пухліны. Апошнія лічбы — 237 тысяч анкахворых у краіне. Кожны 34 жыхар Беларусі стаіць на ўліку ў анкалагічным дыспансеры. Гэта і тыя, якія толькі што атрымалі дыягназ, і тыя, якія жывуць 10 гадоў і болей. І яшчэ адна важная лічба: 52% ад тых, што стаяць на ўліку, жывуць пяць і болей гадоў пасля дыягназу. Яны жывуць і працуюць. Гэта адзін з вынікаў.

Чытайце па тэме:  Минздрав убедил ВОЗ, что беларусы не самая пьющая нация в мире

Якое абсталяванне цяпер ёсць у Бараўлянах

— У сваім каментары Віктару Гарбачову вы прапаноўвалі параўноўваць тое, што было, і тое, што ёсць цяпер. Сапраўды, цэнтр у Бараўлянах мяняецца, новая паліклініка, ПЭТ-цэнтр… Раскажыце, як мадэрнізуецца анкалагічная служба, якія праблемы ёсць, і што наперадзе плануецца дзеля ўдасканалення яе?


​— Можна ганарыцца, што маем такую клініку ў нашай краіне. Калі не мець гэтага гонару, я нават не ведаю, чым тады ганарыцца сярод нашых навуковых цэнтраў. Цэнтр анкалогіі — вядучая медычная ўстанова Беларусі, якая сёння мае ўсё. У мінулую пятніцу прайшоў з’езд, прысвечаны стагоддзю нашага першага дырэктара Мікалая Мікалаевіча Аляксандрава. И мы запрасілі вэтэранаў, у тым ліку і з з іншых краінаў — з Канады, з Ізраіля. Многія не бачылі цэнтр 5-10 гадоў, і казалі, што гэта неба і зямля. Толькі сляпы і той, хто не жадае, не бачыць гэтыя змены. Толькі за апошнія сем гадоў зрабілі капітальны рамонт амаль усіх аддзяленняў, умовы ў палатах мяняюцца, стала больш аднамясцовых і дзвухмясцовых палат. Рэканструяваны корпус пухліны галавы і шыі, рэканструяваны і амаль мадэрнізаваны ўралагічны корпус.

Сёння мы маем вельмі абсталяваны цэнтр, які мае амаль што ўсе ўмовы, каб аказваць кваліфікаваную, спецыялізаваную на сучасным узроўні дапамогу нашых хворым

ПЭТ-цэнтр — адзіны ў краіне. Яшчэ пяць гадоў таму, калі толькі пачыналі гэтую праблему ўздымаць, казалі, што немагчыма ў гэтай краіне пабудаваць ПЭТ-цэнтр, таму што гэта вельмі складаная з тэхналагічнага пункту гледжання ўстанова, маленькі міні-завод, які выпрацоўвае мікрачасціцы, ізатопы для даследавання. Пра новую паліклініку я ўжо сказаў. Нядаўна пабудаваны будынак — малекулярна-генетычная лабараторыя, якая на сённяшні дзень дазваляе персаніфікаваць лячэнне, асабліва хіміятэрапію, калі па генах (не буду ў падрабязнасці ўваходзіць) прызначаецца хіміятэрапія ў залежнасці ад геннага статусу. Калі б сказаць пра гэта яшчэ 10 гадоў таму, ніхто б не паверыў, што такое магчыма.

Сёння ў прамянёвай тэрапіі мы маем амаль усё. Але ёсць складанасць. Паколькі цяпер ідзе мадэрнізацыя прамянёвага паскаральніка, і ўсталёўваецца новае абсталяванне для прамянёвай тэрапіі. Калі дарогу рамантуюць, то пішуць: «Прыносім свае прабачэнні, мы працуем для вас». Сёння мы працуе нам тым, каб змяніць абсталяванне, усталяваць самае сучаснае абсталяванне. Трэба пацярпець, пачакаць, але ж ніхто чакаць не хоча. Я разумею, усе хочуць трапіць сёння, бо заўтра не трэба, а праз тыдзень бульбу саджаць ці яшчэ што.

У выніку, як заўсёды, вінаваты лекары, адміністрацыя. Калі кажуць, што наш цэнтр — ніякі, то гэта насамрэч не так. Сёння мы маем вельмі абсталяваны цэнтр, які мае амаль што ўсе ўмовы, каб аказваць кваліфікаваную, спецыялізаваную на сучасным узроўні дапамогу нашых хворым. І гэта не толькі наш пункт гледжання. Амаль кожны тыдзень прыязджаць спецыялісты, нядаўна быў візіт міністра аховы здароўя Польшчы. Ён прыязджаў не толькі азнаёміцца, але і вывучаць структуру анкалагічнай дапамогі ў нашай краіне. На жаль, у нашых суседзяў гэта праблема, служба раздробленая — там лякуюць, там аперуюць, хіміятэрапію ў адным месцы праводзяць, а апраменьванне ў іншым. Такая сістэма, структура анкалагічнай службы, якая ў нас захаваная і мадэрнізаваная, гэта гонар для краіны.

«Па пяцьсот мы ўжо маем»

— Што да фотаздымку чаргі ў паліклініцы, я вам скажу, што чэргі вы можаце пабачыць і ў чэшскіх паліклініках і шпіталях, і там таксама часам даводзіцца чакаць пэўных абследаванняў. А ў якіх умовах працуюць лекары ў Бараўлянах? Які сярэдні заробак у анколагаў?

— Гэта ўсё адзін ланцужок, калі лекар працуе ў нармальных умовах, калі хворы знаходзіцца ў нармальных умовах і камфортна сябе пачувае, бо ён ляжыць на ложку адзін ці ўдвох у палаце, і ў яго менш стрэсу. Я яшчэ памятаю часы, калі ў палатах па 6-7 чалавек ляжала. А зараз новая паліклініка, там і электронны запіс існуе, і тэлефон папярэдняга запісу, і ўсё мае цывілізаваны выгляд. Канечне, калі лекар працуе з сучасным абсталяваннем, ён атрымлівае задавальненне ад сваёй працы. Што да заробку… Па пяцьсот мы ўжо маем. Гэтая задача выкананая ў нашым цэнтры. Чаму я не хацеў бы закранаць грашовую тэму, бо яна пацягне іншую, што ўсе там хабарнікі, што толькі з грашыма можна ў Бараўлянах лячыцца. Калі б гэта было насамрэч так, то тут бы столькі людзей не было. Ехалі бы людзі туды, дзе хабар не даюць і не бяруць. Урэшце ў кожным абласным цэнтры ёсць анкалагічны дыспансер, яны абсталяваныя, можа, крыху горш, але ж маюць усё неабходнае для аказання дапамогі. Але ж едуць і з Віцебска, і з Гомеля, і з Берасця сюды, таму што ведаюць, што гэта — найлепшы цэнтр. Так і ёсць, што ж зробіш.

Чытайце па тэме:  Цуды «чарнобыльскай» статыстыкі

«Я запрасіў Віктара Гарбачова праз у Фэйсбук да сябе зайсці»

— Вядома, што ваша кіраўніцтва рэагуе на крытычныя каментары ў СМІ, што натуральна. У выпадку з пастом Віктара Гарбачова, якая была рэакцыя, ці былі пацярпелыя?

— Адразу супакою, ніякіх пацярпелых не было, дзякуй Богу. Але вы маеце рацыю, што ўсё гэта адсочваецца. Калі крытыка канструктыўная, мы заўсёды нешта з яе бярэм. Былі пажаданні кавярню адкрыць — адкрылі, людзі могуць пайсці ў новай паліклініцы паснедаць ці паабедаць. Але ёсць адваротны бок. Знайшліся незадаволеныя, якія скардзяцца, што цэны вышэйшыя, чым у Менску. Мы ж не ўсталёўваем кошты ў кавярні. Не падабаецца, ёсць другі буфет, куды можна пайсці танней паесці. Гэта бясконца. Чым больш мы будзем рабіць, тым больш будзе незадаволеных.

Дарэчы, я запрасіў Віктара Гарбачова праз у Фэйсбук да сябе зайсці, паразмаўляць, калі ёсць пытанні. Але ж нават не тое, што не зайшоў, але не пакінуў ніякага адказу на мой пост. Гэта таксама красамоўна. Ён пазіцыянуе сябе як паспяховы бізнэсовец, дык, Віктар, прыйдзі да нас і скажы: «У вас ёсць праблема, я бы хацеў дапамагчы, давайце адрамантуем палату, давайце зробім палату падвышанага камфорту». Мы шыльду павесім, што Віктар Гарбачоў прычыніўся і ўсе будуць дзякаваць, але ж гэтага няма. Я разумею, прасцей крытыкаваць і нічога не рабіць.

«У людзей не паўстае пытанне, ці ёсць жыццё пасля 50»

— Свабода некалькі гадоў таму падрыхтавала праект «Жыццё пасьля раку»​, у якім расказала пра лёсы людзей, якія пасьпяхова змагаюцца з анкалагічнай хваробай. Вы былі аўтарам прадмовы да кнігі «Жыццё пасля раку». Як мне падаецца, у гэтай складанай жыццёва тэме, важна апераваць не «страшылкамі», а пазітыўнымі фактамі і прыкладамі. Раскажыце, калі ласка, у якіх сферах у Беларусі, найлепшая статыстыка, што ранняга выяўлення хваробы і яе аператыўнага лячэння? А якія тыпы хваробы традыцыйна маюць не вельмі аптымістычны прагноз.

— Традыцыйна самыя лепшыя вынікі мы маем у ўралогіі, гаворка пра рак мачавога пухіра, прастаты, можна сказаць пра рак скуры. Нават рак лёгкіх, тут вынікі, можа, не выдатныя, але лепшыя, чым у многіх краінах заходняй Еўропы. Традыцыйна самыя цяжкія тыя, якія цяжка дыягнаставаць. Гэта рак падстраўнікавай залозы, страваводу і печані. Гэтыя тры найбольш складаныя пухліны маюць негатыўны прагноз, але ўсё роўна кожны трэці, каму мы дапамагаем, жыве. Гэта ўжо прагрэс.

— І на завяршэнне, пяць парадаў ад анколага як можна прадухіліць анкалагічную хваробу, які лад жыцця дапаможа доўгаму жыццю пасля раку?

— Не буду даваць пяць парадаў. Толькі скажу, што калі вам дорага ваша жыццё, вы павінны што-небудзь зрабіць. Я прывяду замалёўку са свайго жыцця. Калі я выходжу на вуліцу, а ў нас побач ёсць школы і дзіцячы садок, бачу, як маладыя матулі вязуць вазок з дзіцём і паляць. Чаго хочаце пасля гэтага? Я так разумею, што ў людзей не паўстае пытанне, ці ёсць жыццё пасля 50. Беражыце сябе і задумайцеся аб стане здароўя свайго і сваіх блізкіх. Гэта самая галоўная парада. Будуць думкі — будуць вынікі.

Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.