Міністэрства аховы здароўя і віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка пракаментавалі інфармагенцтву БелТА інфармацыю пра тое, што пасля планавых аглядаў гінеколагі будуць перадаваць міліцыі звесткі пра палавое жыццё школьніц, маладзейшых за 16 гадоў. Медыкі адзначылі, што такія звесткі адносяцца да медыцынскай тайны, якую “ніхто не адмяняў”, нагадвае Еўрарадыё.

Flickr.com

 

А віцэ-прэм’ер назваў гэтую тэму, якая хвалюе беларускае грамадства, чуткамі, “ўкідам ў інфармацыйную прастору” і “дутай, абсалютна беспадстаўнай сенсацыяй”.

Гінеколагі, з якімі пагутарыла Еўрарадыё, сцвярджаюць, што, насуперак каментарыям Міністэрства аховы здароўя і віцэ-прэм’ера, такі парадак ужо існуе. А сілавікі кажуць, што крымінальныя справы супраць мужчын, якія ўступілі ў інтымныя сувязі з дзяўчатамі ва ўзросце да 16 гадоў, часта пачынаюцца менавіта пасля паведамленняў ад медыкаў.

Дык ці могуць і ці павінны лекары паведамляць супрацоўнікам органаў унутраных спраў аб выніках гінекалагічных аглядаў, калі да іх прыйшла школьніца да 16 гадоў, якая ўжо вядзе палавое жыццё?

Калі коратка, то адказ на першае пытанне — так, могуць. А вакол адказу на другое пытанне як раз і разгарнулася грамадская дыскусія.

У тым жа артыкуле з афіцыйнымі каментарыямі пад назвай “Міністэрства аховы здароўя: медыцынскую тайну ніхто не адмяняў”, чытаем:

а). Інфармацыю пра палавое жыццё непаўналетніх медыкі не павінны перадаваць нікому, нават бацькам, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам;

б). Канкрэтныя сітуацыі, якія даюць падставу для ўмяшання праваахоўнікаў, выкладзеныя ў пастанове Савета Міністраў ад 18 снежня 2014 года №1192, якая тычыцца медыцынскай тайны: калі дзяўчынка, маладзейшая за 16 гадоў цяжарная, калі пры аглядзе ўстаноўленая наяўнасць траўм і пашкоджанняў, якія сведчаць аб супрацьпраўных дзеяннях у дачыненні да яе (гэта могуць быць прыкметы згвалтавання, умяшання для штучнага перапынення цяжарнасці).

Што важна ў гэтых каментарыях:

а) урачэбная тайна — не догма, і ў пэўных выпадках заканадаўства дазваляе яе абысці;

б) гэтыя выпадкі пералічаныя ў пастанове Савета Міністраў ад 18 снежня 2014 года №1192. Гэта могуць быць прыкметы згвалтавання або штучнага перапынення цяжарнасці. А калі ўважліва прачытаць пастанову, то знойдзецца і яшчэ адзін пункт, пра які ў апублікаваным 20 лютага каментарыі Міністэрства аховы здароўя няма ні слова. Гінеколагам развязваюць рукі выяўленыя “іншыя звесткі аб тым, што шкода здароўю пацыента нанесеная ў выніку супрацьпраўных дзеянняў” (пункт 3.5 палажэння аб медыцынскай тайне, зацверджанага пастановай №1192) — пра іх трэба распавесці вышэйстаячаму начальству, якое перадасць іх міліцыі.

Такім чынам, медыцынскую тайну ніхто не адмяняў. Але дэ-юрэ, калі гінеколаг палічыць выяўленыя ім падчас агляду прыкметы таго, што дзяўчынка ва ўзросце да 16 гадоў вядзе палавое жыццё, “іншымі звесткамі аб тым, што шкода здароўю пацыента нанесеная ў выніку супрацьпраўных дзеянняў” і паведаміць гэтыя звесткі ў міліцыю, гэта не будзе лічыцца парушэннем медыцынскай тайны. Пытанне ў тым, ці складзецца ў Беларусі такая практыка, што кожны зафіксаваны гінеколагам выпадак страты нявіннасці дзяўчынкай да 16 гадоў будзе лічыцца прыкметай здзейсненага злачынства.

Ёсць яшчэ некалькі спадарожных пытанняў. Напрыклад, ці будзе пакінутае выключэнне для выпадкаў, калі маладыя людзі займаюцца сексам па каханні? Як міліцыя будзе правяраць атрыманыя паведамленні? Ці не стане новая практыка зручным спосабам для звядзення рахункаў паміж дзяўчатамі і хлопцамі з-за неўзаемнага кахання? Адказы на гэтыя пытанні мы, верагодна, даведаемся ад чыноўнікаў і сілавікоў у бліжэйшы час.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: