Ці будуць знойдзеныя лекі ад раку? Ці сталі беларусы менш баяцца раку? Як будуць мяняцца лячэнне і дыягностыка анкалягічных хваробаў? Калі анкалягічная хвароба вылечваецца на 100%?

Загадчык аддзелу супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў

 

Пра гэта і іншае расказвае Свабодзе загадчык аддзелу супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава, кандыдат мэдычных навук Павал Маісееў.

«Бліжэйшыя 10 і 20 гадоў таблеткі ад раку мы ня знойдзем»

— Нашая размова адбываецца з нагоды Сусветнага дня барацьбы з анкалягічнымі хваробамі. Цяпер гэта хвароба нумар адзін у свеце. Як у Беларусі, так і большасці краінаў свету найбольшыя сродкі дзяржава выдаткоўвае на лячэнне, дыягностыку і навуковыя даследаванні анкалягічных хваробаў. Які пэрспэктыўны погляд анколягаў на бліжэйшыя дзесяцігоддзі? Ці будуць знойдзеныя лекі ад раку? Як будуць мяняцца лячэнне і дыягностыка анкалягічных хваробаў?

— Вельмі складанае пытанне, але ж і простае, таму што відавочна, што ў бліжэйшыя 10 і 20 гадоў таблеткі ад раку мы ня знойдзем. Ня трэба мець надзей, якія не спраўдзяцца. Але сёння ёсць пэўныя пэрспэктывы, звязаныя перш за ўсё з тым, што мы маем магчымасць даследаваць чалавека на генным узроўні, выяўляць генныя мутацыі, нейкія парушэнні ў геноме і з гэтага выбіраць індывідуальную тэрапію для кожнага віду пухліны.

Ракавая клетка пад мікраскопам

 

З гэтым можа быць звязаны прагрэс у лячэнні злаякасных пухлін. І з гэтым, напэўна, будуць звязаныя нашы мары і надзеі на тое, што мы штосьці такое атрымаем больш-менш сур’ёзнае ў барацьбе з гэтай хваробай. Гэта ўжо не страляць з пушкі па верабʼям, а накіравана лячыць не чалавека агульна, а ўжо канкрэтна тую пухліну, якая ёсць у чалавека, знаходзіць на генным узроўні шляхі развіцця пухліны.

Малекулярна-генэтычная лябараторыя ў РНПЦ анкалёгіі

 

Сёння мы маем малекулярна-генэтычную лябараторыю, якая праводзіць гэтыя даследаванні на сусветным узроўні. Дарэчы, нядаўна ў часопісе Science апублікаваны артыкул, які мае вельмі вялікі розгалас. Там гаворыцца як раз пра тое, што самыя асноўныя кірункі звязаныя менавіта з даследаваннямі на генэтычным узроўні. Гэта так званая вадкасная біяпсія, калі мы ў крыві і іншых вадкасцях чалавечага арганізму можам знайсці пухлінныя клеткі, якія яшчэ нават і не далі вынікаў у выглядзе звычайнай пухліны. І гэта толькі яшчэ раз пацьвярджае, што мы абралі слушны кірунак, адкрыўшы гэтую лябараторыю, і мы ў Беларусі працуем на сусветным узроўні і ў нас ёсць пэрспэктывы. Мы можам сёння казаць пра тое, што ў самай недалёкай будучыні гэта будуць супрацьпухлінныя вакцыны і другія лекі, якія могуць сурʼёзна дапамагчы ў гэтай справе.

«Я памятаю, што людзі нават баяліся заходзіць на тэрыторыю анкалягічнага цэнтру»

— Павал Іванавіч, штодня праз Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя Аляксандрава праходзяць сотні людзей, якім ставяць дыягназ ці наадварот здымаюць дыягназ, якіх лечаць, кантралююць, апэруюць, даследуюць. Вы прыйшлі ў цэнтар адразу пасля інстытуту, працуеце ўжо больш за 30 гадоў. Як змянілася стаўленне людзей да раку? Ці можна сказаць, што людзі стала менш баяцца анкалягічнага дыягназу?

— Калі глядзець на тое, што было 30 гадоў таму, калі я толькі прыйшоў у тады яшчэ інстытут анкалёгіі, і параўнаць з тым, што мы маем зараз, то гэта, як кажуць у Адэсе, дзве вялікія розніцы. Калі раней чалавека толькі накіроўвалі ў інстытут анкалёгіі, гэта быў амаль што прысуд для чалавека, жыццё яго амаль што скончылася. Нягледзячы на тое, што і тады былі нейкія вынікі, ня ўсё было безнадзейна, але ж усё роўна гэта была для людзе страшэнная справа.

 Я памятаю, што людзі нават баяліся заходзіць на тэрыторыю цэнтру. Тыя пацыенты, якія ў нас знаходзіліся, казалі сваім блізкім і родным, каб яны не прыяжджалі да іх, тым больш з дзецьмі. А калі сёння паглядзець, асабліва, калі добрае надворʼе летам, то прыяжджаюць з дзецьмі, з малымі дзецьмі. Безумоўна, стаўленне да хваробы змянілася кардынальна. Людзі пачалі разумець, што ёсць пэрспэктыва, што ня ўсё так дрэнна і ёсць вынікі. Самае галоўнае, што працуе так званае сарафаннае радыё. Хоць у нас людзі і ня вельмі любяць гаварыць пра свае хваробы, але тое-сёе даходзіць. Адзін сказаў другому, той сказаў, трэці сказаў… Таксама дае вынік тая масіраваная інфармацыйная атака, якая прывяла да таго, што мы сёння маем такі рэзананс у грамадзтве, калі людзі пачынаюць разумець, што гэта не прысуд, што гэта хвароба, хвароба сурʼёзная, у шэрагу выпадкаў смяротная, але ўсё ж гэта хвароба, з ёй можна змагацца, можна дапамагаць людзям, ёсць лекі, ёсьць хірургі, хіміятэрапія, прамянёвая тэрапія і даволі сурʼёзны арсэнал сродкаў лячэння, які дазваляе дасягаць нядрэнных вынікаў.

У тым, што змянілася стаўленне і грамадзтва, і індывідуальна кожнага чалавека да гэтай хваробы, і СМІ адыгралі сваю ролю. Але ж ёсць і іншы бок. Тыя ж СМІ «забруджаныя» масай інфармацыі, якая ня тое што не дазваляе казаць пра нейкі станоўчыя вынікі, а наадварот прыносіць сурʼёзную шкоду для чалавека, які пачынае казаць пра тое, што сёння можна вылечыцца, бо дастаткова папіць раствор соды ці яшчэ што-небудзь. Глеба для шарлатанства ёсць. Гэта ўжо другі бок. У чацвер у нас была выніковая калегія ў міністэрстве аховы здароўя, на якой падкрэсліваўся і гэты нэгатыўны бок.

«Ёсць пухліны, якія вылечваюцца на 98-100%, асабліва калі выяўляюцца на першай, другой стадыі»

— Якія апошнія дадзеныя, што да колькасці анкалягічных хваробаў у Беларусі. Пра якіх відах раку найвялікшая працягласць жыцця пасля своечасовага выяўлення і лячэння? Ці можна казаць, што ёсць больш і менш небяспечныя анкалягічныя хваробы, што з аднымі пры належным кантролі і лячэнні можна дажыць да старасці і памерці ад іншых хваробаў, а з другімі шанцы мінімальныя, як бы не развівалася мэдыцына?

— Гэта не сакрэт, мы гэтыя лічбы даводзім да людзей. Калі не прыводзіш канкрэтных лічбаў, то вельмі сурʼёзна размаўляць аб нашых поспехах цяжка, а калі людзі ведаюць, што ёсць віды раку, якія вылечваюцца ў 100% выпадкаў, а ёсць такія, якія менш паддаюцца лячэнню. На сёння ў Беларусі прыкладна 50 тысяч новых хворых са злаякаснымі пухлінамі мы маем кожны год. Я ня думаю, што будуць выключэнні па выніках 2017 году. У 2017 годзе будзе прыкладна на тысячу болей, каля 51 тысячы. Гэта не трагедыя.

Гэта ня значыць, што ў нас на тысячу болей у параўнанні з мінулым годам захварэла болей людзей. Мы ж ня ведаем, колькі іх было раней, бо не было дакладных дыягнастычных інструмэнтаў, мы ня мелі магчымасці выяўляць тыя пухліны. Раней што было? Рэнтген звычайны, УЗІ ў лепшым выпадку і рукі ды вуха доктара. А сёння мы маем вялізарны арсэнал, які дазваляе выяўляць пухліны ў тых, якіх раней лічылі здаровымі людзьмі.

Цяпер сярэднюю працягласць жыцця сярод жанчын 79 гадоў, сярод мужчын 69 гадоў. Чым больш чалавек жыве, тым больш у яго рызыка ўзнікнення пухліны. Як раз пік захворваемасці прыходзіцца на ўзрост пасьля 50 гадоў. Чым сталейшы чалавек, тым большая ў яго рызыка ўзнікнення пухліны. І ўсе ведаюць, што частка грамадзтва, людзі пэнсійнага ўзросту, у Беларусі і ў іншых краінах, павялічваецца з кожным годам. Таму відавочна, што колькасць хворых са злаякаснымі пухлінамі будзе расці, і гэта абʼектыўная рэальнасць, гэта трэба прыняць.

Ня трэба выстаўляць гэта як чуму, што гэта толькі ў Беларусі так. Гэта абʼектыўная хада жыцця. Ёсць пухліны, якія вылечваюцца на 98-100%, асабліва калі выяўляюцца на першай, другой стадыі. Гэта рак скуры, пухліны малочнай залозы, іншыя пухліны, якія вылечваюцца нядрэнна. Нават пухліны страўніка і кішэчніка маюць нядрэнныя вынікі ў лячэнні, але калі справа ідзе пра раннія стадыі. Ёсць традыцыйна больш недабранадзейныя пухліны — страваводу, нырак, лёгкіх, падстраўнікавай залозы асабліва, якія цяжка дыягнастуюцца, часта іх выяўляюць на 3-4 стадыі. Адпаведна і вынікі лячэння больш сціплыя, але ўсё роўна нават пры 4 стадыі, мы маем сёння да 25% пяцігадовую выжывальнасць. Так што гэта таксама нядрэнна. Ня толькі важна, якая пухліна, але калі яна дыягнастуецца.

«Людзі лічаць, што ў Віцебску, у Магілёве ў нас лечаць дрэнна, і трэба ехаць толькі ў РНПЦ»

— Летась дырэктар цэнтру імя Аляксандрава Алег Суконка ў вялікім інтэрвію Свабодзе расказваў пра сучасныя тэхналёгіі і мэтодыкі, якія зявіліся ў апошнія некалькі гадоў у Бараўлянах — пазітронна-эмісійны цэнтар як найсучаснейшы мэтад дыягностыкі, малекулярна-генэтычна лябараторыя, найбольш сучасныя мэтодыкі прамянёвай тэрапіі і шмат іншае.

Я сама разам са здымачнай групай наведвала розныя аддзяленні цэнтру і магу засведчыць, што многія з іх выглядаюць проста як абсталяванне касмічных караблёў. Як на тле Бараўлянаў выглядаюць іншыя анкалягічныя аддзяленні, дыспансэры ў Беларусі — абласныя, раённыя, гарадзкія?

— Ня трэба мець у кожным абласным цэнтры ці буйным горадзе РНПЦ анкалёгіі, ніводная краіна сабе не дазволіць такой раскошы, ды гэта і немэтазгодна. Высокатэхналягічная мэдычная анкалягічная дапамога павінна здзяйсняцца ў РНПЦ, на тое ён і пабудаваны, абсталяваны і існуе ўвогуле. Ня трэба на нашу краіну больш за адзін ПЭТ-цэнтар.

Яго будзе дастаткова, каб праводзіць дыягностыку ў тых хворых, якім гэта трэба. Малекулярна-генэтычная лябараторыя маю назву рэспубліканскай, хоць і адносіцца да РНПЦ анкалёгіі, але ж яна працуе на ўсю краіну, і яе магутнасці дазваляюць абслугоўваць усіх, каму гэта трэба.

Што тычыцца астатніх анкалягічных цэнтраў, то вядома, што ёсць абласныя анкалягічныя дыспансэры за выключэннем Гарадзенскай і Менскай вобласці. З Менскай зразумела, замест звычайнага абласнога дыспансэра пацыенты Менскай вобласці абслугоўваюцца ў РНПЦ, які выконвае функцыі абласнога дыспансэру. У Горадні больш складана. Там анкалягічныя аддзяленні адносяцца да абласной клінічнай бальніцы. І гэта адзіная вобласць, якая ня мае свайго дыспансэру, але справа рушыцца, і дасць Бог, мы хутка будзем мець там свой дыспансэр.

Што тычыцца абсталявання, што сёння ўсё, што ёсць у РНПЦ для правядзення стандартнага лячэння (хіміятэрапія, прамянёвая тэрапія, хірургічнае абсталяванне), то для выканання стандартнай дапамогі ёсць усё, і ня трэба ехаць у РНПЦ, каб зрабіць звычайную апэрацыю пухліны страўніка ці малочнай залозы. Калі яны ня могуць зрабіць пэўныя рэчы на абласным узроўні, то павінны накіроўваць хворых у РНПЦ. Ніякіх складанасцяў, каб да нас трапіць, няма таксама. Калі ёсць накіраванне, то чалавек едзе, яго прымуць, шпіталізуюць і ўсё будзе добра. Іншая справа, што людзі ў нас лічаць, што ў Віцебску, у Магілёве ў нас лечаць дрэнна, і трэба ехаць толькі ў РНПЦ. І з 6 гадзін яны стаяць у чарзе, чакаюць, і мы іх павінны ўсіх прыняць.

Ёсць міжраённыя дыспансэры, якія існуюць яшчэ з савецкіх часоў, яны ў значна горшым стане знаходзяцца. Гэта тычыцца і Пінскага міжраённага дыспансэру. Там больш складаная сытуацыя. Гэтае пытанне стаіць даволі востра. Вырашана, што гэтыя дыспансэры будуць перапрафіляваныя на так званыя міжраённыя скрынінгавыя цэнтры, дзе будзе закупленае спэцыяльнае дыягнастычнае абсталяванне. Будзе правільна, калі яны ня будуць рабіць нейкія складаныя апэрацыі, праводзіць складаную хіміятэрапію, а будуць выконваць дыягнастычную функцыю, выяўляць пухліны на раньніх стадыях і накіроўваць пацыентаў туды, куды ім трэба. Такая сыстэма павінна быць пабудаваная ў бліжэйшыя гады. Дарэчы 2 гады таму ў Берасці быў пабудаваны хірургічны корпус, які мае вельмі сучаснае абсталяванне. Можа, і ў РНПЦ няма такіх апэрацыйных, якія там ёсць. Увосень будзе адчынены новы хірургічны комплекс у Магілёве. Так што паціху справа рушыцца.

«Раней цыкль навучання анкалёгіі ў мэдінстытуце быў 6 дзён, зараз — два тыдні»

— РНПЦ анкалёгіі ня можа паскардзіцца на адсутнасць фінансавання з боку дзяржавы, зусім нядаўна цэнтар атрымаў прэмію «За духоўнае адраджэнне». У рэчышчы гэтага хацела запытацца пра самы першасны ўзровень падрыхтоўкі спэцыялістаў. Чаму ў Беларусі ў мэдінстытутах ня вучаць на анколягаў і спэцыялізацыя адбываецца ўжо падчас першых гадоў працы? Якія рэформы ў падрыхтоўцы спэцыялістаў прапанавалі бы дасведчаныя анколягі з цэнтру імя Аляксандрава?

— Мы ня толькі даем парады, але маем рэальныя дзеянні. У верасні 2018 году на базе РНПЦ арганізаваны адукацыйны аддзел, які будзе займацца, і пачаў займацца паслядыплёмнай адукацыяй выпускнікоў мэдычных інстытутаў і ўнівэрсытэтаў. Гэта тычыцца ня толькі нашых, але і спэцыялістаў з іншых краінаў, найперш СНД. За тры з нечым месяцы ўжо 39 чалавек з Украіны, Малдовы, Казахстану, Узбэкістану і Беларусі прайшлі кароткатэрміновыя курсы. Мы будуем такую сыстэму, што чалавек будзе вучыцца на базе нашага адукацыйнага аддзелу менавіта з практычнага пункту гледжання, не тэарэтычна, а будзе хадзіць у апэрацыйныя, будзе ўдзельнічаць у правядзенні складаных апэрацый, прысутнічаць падчас прамянёвай тэрапіі і гэтак далей.

Гэта паслядыплёмная адукацыя ўжо не на базе Акадэміі паслядыплёмнай адукацыі, а менавіта на базе РНПЦ анкалёгіі. Мы атрымалі ліцэнзію на адукацыйную дзейнасць. Я думаю, што гэта добры крок. Змянілася сытуацыя ў лепшы бок і ў мэдычных унівэрсытэтах. Раней цыкль навучання быў 6 дзён, калі я яшчэ вучыўся, зараз гэта два тыдні. Гэта мала, але ўсё ж крок наперад. Лепш так, чым ніяк. Рухі ёсць. Будзем спадзявацца, што зменім і гэтую сытуацыю. На ўсё патрэбны час.

«Я ніколі ў жыцці не паліў»

— Павал Іванавіч, як анколяг, як спэцыяліст у лячэнні раку лёгкіх, як доктар, адказны за сфэру прафіляктыкі і супрацьракавую барацьбу, ведаючы вельмі шмат пра гэтую хваробы і тысячы розных выпадкаў, якія правілы жыцця вы сфармулявалі для сябе? Якія прадукты заўсёды ў вашым рацыёне, а ад якіх адмовіліся? Якая ваша фізычная актыўнасць? Якія вашыя жыццёвыя прыярытэты і псыхалягічныя ўстаноўкі?

— Ніколі не лічыў сябе ідэальным у гэтым сэнсе. Як у любога ў мяне ёсць свае хібы. Магу сказаць наступнае. Я ніколі ў жыцці не паліў, тытунь для мяне табу. Што да фізычнай актыўнасці — я гуляю ў футбол, спадзяюся, што колькі мне адведзена, буду старацца падтрымліваць сваю фізычную форму. У нас на стале заўсёды ёсць нейкі набор гародніны і садавіны, бяз гэтага сёння немагчыма.

І пазытыўны настрой. Калі раней думалі, што ўсё будзе заўтра ці паслязаўтра ці праз тыдзень, то сёння ўжо з вышыні гадоў магу сказаць, што трэба дзякаваць Богу за тое, што мы сёння маем кожны дзень. Зыходзячы з гэтага пункту гледжання я лічу, што мы маем даволі добрыя падставы, каб быць аптымістамі. А калі ты аптыміст, верыш у лепшае, то ўсё павінна адбыцца.

Ганна Соўсь, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: