Падчас паседжання групы ў справе стварэння памятнага знаку «прымірэння і смутку» ў Курапатах, якое напярэдадні прайшло ў рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия», прадставілі тры «найбольш удалыя эскізы», адабраныя па выніках конкурсу Міністэрства культуры.

Адзін з эскізаў помнікаў

 

Прозвішчы фіналістаў не названыя, толькі адзначана, што пераможца будзе абвешчаны пазней. Звяртае на сябе ўвагу, што стылістыка афармлення помнікаў ва ўсіх выпадках падобная. Першыя два — гэта чатыры стылізаваныя калёны, яшчэ адзін — перакручаны канат (вяроўка).

Відэа са здымкамі Міністэрства культуры размешчана на сайце «Советская Белоруссия». У Міністэрстве культуры Свабодзе ўдакладнілі, што праекты яшчэ дапрацуюцца дзеля прывязкі да мясцовасці і афіцыйна будуць апублікаваныя пасля 1 ліпеня. Заказнікам будаўніцтва вызвалася быць афіцыйная Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Арцімовіч: Якубовіч сабе, прафсаюзы сабе, грамадзкасць сабе

Скульптар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафэсар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Анатоль Арцімовіч быў сярод ляўрэатаў леташняй грамадзкай кампаніі «Курапаты — народны мэмарыял», аднак па выніках афіцыйнага конкурсу ягонае прозвішча ў ліку адзначаных не фігуруе. Сярод манумэнтальных працаў Арцімовіча — помнікі Рагнедзе і Ізяславу ў Заслаўі, Эўфрасінні Полацкай у Менску, Францішку Скарыну ў Калінінградзе, заснавальніку гораду князю Барысу ў Барысаве ды іншыя.

«Я ня маю права некага асуджаць, бо любыя падазрэнні — гэта ўжо нібыта абвінавачанне, — гаворыць суразмоўца. — Тым ня менш лічу, што ў Паўла Якубовіча як дзяржаўнага куратара курапацкай тэмы зусім іншае стаўленне да яе. Вакол яго канкрэтныя людзі і канкрэтныя справы. Іншымі словамі, свая зацікаўленасць (гэта да пытання, чаму праект Арцімовіча на народным праглядзе быў, а на гэтым — не). Зірніце збоку, уважліва. У справе Курапатаў сёння задзейнічаныя тры сілы, якія складана састыкаваць: Якубовіч — сабе, прафсаюзы — сабе, грамадзкасць — сабе. І хто ўрэшце пераважыць? Па ідэі, мусяць прафсаюзы, бо ў іх грошы».

На перакананне Анатоля Арцімовіча, улады зробяць усё, каб зрабіць помнік «ні пра што» — максымальна пазбаўленым «нэрва нацыі». Што, на яго думку, і дэманструюць наяўныя фотаэскізы.

 «Зразумела, што хочуць паставіць нешта нэўтральнае, навошта ім з гэтага ўздымаць нейкую напружанасць? — адзначае скульптар. — З шэрагу — нешта будзе. І яно, несумненна, будзе. Архітэктура і будаўніцтва ў нас на досыць высокім узроўні. Таму будуць сродкі — зробяць усё дасканала, чысценка, акуратненька. Але ці будзе там нэрв чалавечы, нэрв нацыі — вось што мяне трывожыць як аўтара».

Драздоў: хто ў журы, хто ў камісіі — даведваемся постфактум

Адзін з кіраўнікоў мастацкай суполкі «Пагоня» Генадзь Драздоў збіраецца звярнуцца ў Міністэрства культуры, каб атрымаць адказ, зыходзячы з якіх крытэраў выбіраліся найлепшыя творы. Пакінутыя работы прымушаюць думаць, што маглі быць і больш годныя варыянты.

«Засмучае, што ўсё робіцца цішком, невядома, хто каго запрашае і за якія заслугі, — ня ўтойвае абурэння мастак. — Хто ў журы, хто ў камісіі — даведваемся ўжо постфактум. Паводле якіх крытэраў вызначаюць лепшага, які канцэпт усяго мэмарыялу. Гэтыя пытанні я збіраюся задаць міністру культуры, каб той агучыў афіцыйна, як праводзяцца такога кшталту конкурсы. Бо фактычна мае месца канстатацыя факту: зараз выберам з трох і паставім. Грамадзкасць не павінна пра гэта даведвацца тады, калі чыноўнікі ўжо ўсё вырашылі. Таму ніякай глыбокай ідэі ў праект не ўкладаецца, проста трэба паставіць галачку, адмахнуцца і забыцца».

Ці не атрымаецца, што за помнік, няўзгоднены з зацікаўленымі бакамі, можа быць як мінімум няёмка, разважае Драздоў.

«Ім ня будзе сорамна ні за што, — кажа Генадзь Драздоў. — Тым часам у бальшыні краін постсавецкай прасторы ўсё гэта афіцыйна адзначаецца, ёсць адпаведныя мэмарыялы. Таму і нашым уладам таксама нешта трэба зрабіць, каб сказаць, што і мы „развянчалі культ“. Я нядаўна быў у Быкаўні пад Кіевам, дык вось кіраўніцтва Ўкраіны выдзеліла 232 гектары пад мэмарыял. Там цэлы штат музэйных супрацоўнікаў, усё выдатна працуе. У людзей нават думак няма, каб паставіць побач нешта а-ля „Бульбаш-хол“, забаўляльныя ўстановы ці рэстарацыі. Дзяржава, якая ваюе, і тое знайшла сродкі дзеля ўвекавечвання памяці ахвяраў масавых рэпрэсій».

Шапуцька: працоўная група ня болей чым фікцыя

Актывістку грамадзкай ініцыятывы «За ўратаванне мэмарыялу Курапаты» Ганну Шапуцьку  разам з сябрам Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Алесем Чахольскім у мінулую пятніцу запрасілі на панядзелкавае паседжанне ў рэдакцыі «Советской Белоруссии». Абое сустрэчу праігнаравалі, адпаведна, у абмеркаванні рабочых эскізаў мэмарыяльных знакаў ня ўдзельнічалі.

«Так званая працоўная група як такая фактычна не існуе, — тлумачыць адмову Ганна Шапуцька. — Гэта шырма для таго, каб выкарыстаць нас дзеля сваіх мэтаў — напрыклад, зацьвердзіць тое, што трэба камусьці. Ня ведаю, каму канкрэтна — ці гаспадару на самым версе, ці пэрсанальна Якубовічу. Бо калі сапраўды ёсць працоўная група, якая ствараецца, каб разам абмяркоўваць праекты мэмарыялу, уносіць свае прапановы, то мусілі нас збіраць не ў аўральным рэжыме (тым больш не паведаміўшы, што конкурс, аказваецца ўжо прайшоў і вызначаныя фіналісты), а цывілізавана. Таму мы ў гэтай працоўнай групе больш ня ўдзельнічаем. Усё гэта фікцыя».

Паводле Ганны Шапуцькі, улады яскрава прадэманстравалі сваё сапраўднае стаўленне да Курапатаў, даўшы згоду на будаўніцтва ў непасрэднай блізкасці ад народнага мэмарыялу забаўляльнага комплексу. Усё іншае выглядае звычайнай спробай пераарыентаваць увагу.

«Для нас галоўнае — пакінуць народны мэмарыял, лес, урочышча ў спакоі, — лічыць яна. — А помнік? Адным больш, адным менш. Вядома, з’явяцца і таленавітыя праекты, якія калі-небудзь абавязкова будуць рэалізаваныя. Пакуль жа, спадзяюся, на саму Галгофу яны са сваімі знакамі не палезуць, там і так усё ўладкавана. Калі нешта хочуць зрабіць за свае 12 тысяч рублёў, няхай экспэрымэнтуюць дзе-небудзь унізе, поле вялікае. Там помнікаў можна паставіць колькі хочаш. Але які можна зрабіць мэмарыял за тыя грошы? Дый галоўны іх помнік ужо стаіць — так званы „Бульбаш-хол“. Калі самі не адумаюцца, то гэта будзе помнік усяму іхнаму бессэнсоўнаму жыццю».

Народны конкурс на помнік у Курапатах

Летась у красавіку ў менскім Палацы мастацтваў адбылася цырымонія ўзнагароджання ляўрэатаў і ўдзельнікаў першага этапу конкурсу «Курапаты — народны мэмарыял». Конкурс доўжыўся больш за год, было прадстаўлена паўсотні работ у самых розных жанрах: літаратура, музыка, жывапіс, графіка, скульптурная кампазыцыя, інсталяцыя, тэхна-арт.

Узнагароды тады атрымалі скульптары Леў Гумілеўскі, Анатоль Арцімовіч, Гэнік Лойка, Алесь Сакалоў, Алег Усціновіч, мастакі Аляксей і Ігар Марачкіны, Генадзь Драздоў, Генадзь Мацур, Кацярына Сумарава, Вольга Бычкова, Уладзімер Анішчанка, паэт і перакладчык Алесь Разанаў і многія іншыя. Цяпер працягваецца другі этап, конкурсныя работы працягваюць паступаць.

Ігар Карней, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: