Уладальнік парталу TUT.BY распавёў Радыё Свабода, што асабіста адмовіў Віктару Пракапеню выдаліць з сайту публікацыі пра затрыманне ІТ-прадпрымальніка, а рэдактар «Новага часу» расказвае, чаму выданне пагадзілася скарэктаваць матэрыялы.

Віктар Пракапеня

 

Яшчэ ў верасні ў блогу «Ресурс киберакына» з’явіўся артыкул з пералікам дзясяткаў архіўных публікацый, выдаленых з сайтаў беларускіх недзяржаўных мэдыяў, якія распавядалі пра затрыманне ў 2015 годзе вядомага ІТ-прадпрымальніка Віктара Пракапені.

Абвінавачаны ў «незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці ў складзе арганізаванай злачыннай групы», ён правёў 9 месяцаў у менскім СІЗА № 1. Пасля чаго выйшаў на волю, «цалкам кампэнсаваўшы нанесеную шкоду», рапартаваў Следчы камітэт. Сам Пракапеня віны не прызнаў. Пазней паведамлялася, што ўсе абвінавачванні з бізнэсоўца былі знятыя, а справа аб незарэгістраванай прадпрымальніцкай дзейнасці спыненая ўказам прэзыдэнта.

Блог са спісам выдаленых архіўных публікацый выклікаў новую хвалю цікаўнасці пасля таго, як 22 снежня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт«Аб развіцці лічбавай эканомікі». Адным з яго аўтараў і самых заўважных прыхільнікаў быў Віктар Пракапеня.

У сакавіку 2017 Лукашэнка наведаў менскі офіс кампаніі Віктара Пракапені. Побач з імі кіраўнік Парку высокіх тэхналёгіяў і былы галоўны ідэоляг Беларусі Усевалад Янчэўскі

 

У снежаньскіх публікацыях блога і абмеркаваннях у Facebook з’явіліся сведчанні таго, што вядомы бізнэсовец або ягоныя прадстаўнікі нібыта звязваліся з шэрагам недзяржаўных СМІ і прасілі выдаліць альбо адкарэктаваць публікацыі з інфармацыяй пра яго затрыманне і знаходжанне ў СІЗА.

Некаторыя з уладальнікаў і рэдактараў згаданых сайтаў цалкам ці часткова прызналі праўдзівасць гэтай інфармацыі. Акрамя гэтага з’явіліся паведамленні аб тым, што інфармацыя аб затрыманні Віктара Пракапені была таксама выдаленая з афіцыйнага сайту Следчага камітэту.

Я, конечно, впечатлен возможностями ряда лиц. Ибо умудриться заставить сайтег СК удалить новость -это сильно.Но блин, пл…

Geplaatst door Dim Iva op dinsdag 26 december 2017

 

Свабода папрасіла пракамэнтаваць скандал прадстаўнікоў некаторых выданняў, што фігуруюць у спісе, Віктара Пракапеню, а таксама незалежных экспэртаў.

Аксана Колб: «Уплыву на рэпутацыю выдання скандал мець ня будзе»

«Па-першае, я ня бачу нічога такога страшнага ў гэтай гісторыі. Як у іншых выданнях гэта рабілася, я ня ведаю, — кажа галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аксана Колб. — Да нас таксама звярталіся з гэтай просьбай, але я адразу сказала, што ў аўтарскія тэксты праўкі ўносіць ня буду. Акрамя сапраўды фактычных памылак. У двух выпадках памылкі былі. На той момант, калі яшчэ не былі выстаўленыя абвінавачанні, мы напісалі, што гэта здарылася. Выправілі «арыштаваны» на «затрыманы».

Аксана Колб расказвае, што першапачаткова з ёй звязваліся не афіцыйныя прадстаўнікі Віктара Пракапені і ня ён сам, а «вядомая ў журналісцкіх колах асоба», назваць імя якой яна ня можа. Галоўрэд «Новага часу» падкрэслівае, што ніякіх патрабаванняў не было, а прапанова змяніць змест матэрыялаў гучала як просьба.

«Пасля была іншая сустрэча, была заключаная рэклямная дамова, — працягвае Колб. — У розныя тэксты ўносіліся спасылкі на асабістую старонку Віктара Пракапені ў фэйсбуку, на старонку ягонай кампаніі. Другая сустрэча адбывалася ўжо з піяршчыкамі Віктара Пракапені. Гаворка ідзе пра зусім невялікія сумы. У сёньняшніх коштах гэта да 200–300 даляраў. У залежнасці ад колькасці спасылак. Магчыма, нехта рабіў іх больш. Гэта стандартныя кошты на рэкляму».

На думку галоўнага рэдактара «Новага часу», скандал не паўплывае на аўтарытэт і папулярнасць выдання.

«Мне здаецца, чытачы нават не заўважылі гэтага скандалу. Гэта ўсё абмяркоўваецца ў фэйсбуку, — перакананая Аксана Колб. — Першы раз тэма ўсплыла некалькі месяцаў таму, тады ніхто нават не заўважыў… Таму ніякага ўплыву на рэпутацыю выданняў агулам, на адносіны чытачоў скандал мець ня будзе».

Яна перакананая, што тэма «ня вартая абмеркавання» і што «ніхто нічога страшнага не зрабіў».

«Тое, што дзесьці падкарэктавалі, змянілі… Як тлумачыла тая асоба, якая да нас звярталася, гэта ўсё было для вонкавых спажыўцоў, якія гуглілі, хто такі Пракапеня, і ў якіх адразу ўзнікалі пытанні, хто ён такі… Паўтаруся, што гэта ня тычылася прынцыповых момантаў», — сказала ў камэнтары Свабодзе галоўны рэдактар «Новага часу».

Юры Зісер: «Тэксты былі адкарэктаваныя бяз нашага ведама. Супрацоўнік пакараны»

 «Звяртаўся сам Пракапеня. І да мяне, і да іншых акцыянэраў. Мы яму адмовілі, ня выдалілі гэтыя навіны, яны ўсе на месцы, — кажа ўладальнік парталу TUT. BY Юры Зісер. — Аднак, як высветлілася, частка навінаў была адкарэктаваная. З 20 матэрыялаў у 5 прыбралі прозвішча Пракапені з загалоўка, яшчэ ў некалькіх навінах замянілі кірыліцу на лацініцу. Але гэтыя навіны ў гугле выдатна знаходзяцца, ні на што гэта не паўплывала асабліва. Толькі на рэйтынг. Але самі навіны мы не выдалялі, у адрозненне ад іншых СМІ».

Уладальнік парталу TUT. BY кажа, што, на яго думку, праблема «высмактаная з пальца», а ў краіне ёсць значна больш важныя тэмы. Таксама Юры Зісер згадвае пра прызнанае Эўрапейскім судом «права на забыццё» ў інтэрнэце, згодна з якім кожны мае права звярнуцца з просьбай выдаліць згадкі пра яго ў пошукавіках.

«Так, у нас былі выпраўленыя навіны. Мы высветлілі, хто гэта зрабіў, чалавек пакараны, — дадае Зісер. — Я ня ведаў, галоўны рэдактар даведалася пазней. Гэта не было санкцыянавана. Зразумейце, я 17 гадоў у інтэрнэце, і з майго боку было б фантастычна наіўна думаць, што гэта ня ўскрыецца. Як мы пакаралі свайго супрацоўніка, я сказаць не магу, гэта наша ўнутраная справа».

Андрэй Бастунец: «Пляную асабіста пагаварыць з рэдактарамі СМІ, якія згаданыя ў публікацыі»

«Афіцыйна мы пакуль сваю пазыцыю не сфармавалі. Вывучаем тое, што адбылося, — кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. — Я згодны з крытыкай, мне не падабаецца, што былі знятыя матэрыялы альбо што да іх быў абмежаваны доступ».

Бастунец таксама згадвае пра права на забыццё ў інтэрнэце, аднак дадае, што яно таксама павінна быць адпаведным чынам аформленае. Трэба прытрымлівацца зацьверджанай заканадаўчай працэдуры, якой у Беларусі пакуль не існуе.

«Наколькі я ведаю, пэўныя людзі выказвалі жаданне звярнуцца ў камісію па этыцы БАЖ, — дадае Бастунец. — Адзін такі зварот ужо быў, але ён быў фактычна ананімны. Цяпер мы чакаем афіцыйнага звароту. А па-другое, у бліжэйшыя дні я сам хачу пагаварыць з кіраўнікамі тых СМІ, якія называліся ў сувязі з гэтай справай. Каб лепш разабрацца ў гэтай сытуацыі. Справа нават ня ў тым, што БАЖ выступіць з нейкай заявай або камісія па этыцы прыме нейкае рашэнне. Вельмі добра тое, што тэма пачала абмяркоўвацца, што сама журналісцкая супольнасць пачала абмяркоўваць сытуацыю».

Кампанія Пракапені: «Мы звярталіся да некаторых мэдыярэсурсаў»

Свабода звярнулася з просьбай аб камэнтары ў аддзел мэдыя кампаніі VP Capital, якая належыць Віктару Пракапеню. Там паведамілі, што «звярталіся да некаторых мэдыярэсурсаў з просьбай аб выдаленні шэрагу матэрыялаў, якія змяшчалі фактычна недакладную інфармацыю».

Аляксей Казлюк: «Гэта гісторыя ня мае ніякага дачынення да „права на забыццё“»

Праваабаронца Лябараторыі лічбавых свабодаў Human Constanta Аляксей Казлюк тлумачыць, што згодна з гэтак званай канцэпцыяй «права на забыццё»ў інтэрнэце (Right to be forgotten), чалавек можа патрабаваць ад пошукавых рэсурсаў кшталту Google выдалення з пошукавай выдачы спасылак пра неактуальныя падзеі са свайго жыцця, якія перашкаджаюць ягонай прыватнасці ці ствараюць праблемы.

«Дзеянне „права на забыццё“ распаўсюджваецца найперш на краіны Эўрапейскага Звязу, Аргентыны, Расеі і яшчэ некалькіх дзяржаў, дзе яно ўведзенае ў заканадаўства, — кажа праўнік. — Напрыклад, у Эўропе гаворка ідзе пра стандарты, усталяваныя Судом Эўрапейскага Звязу, а ня нейкай карпарацыяй ці супольнасцю. Таму ёсць і празрыстая працэдура, як гэта робіцца».

Аляксей Казлюк кажа, што найчасцей «права на забыццё» не распаўсюджваецца на публічных асобаў — палітыкаў, бізнэсоўцаў, актораў. «То бок людзі, да якіх прыцягнуты грамадзкі інтарэс, як правіла, ня могуць скарыстацца гэтым правам», — кажа экспэрт.

Ён заўважае, што ў беларускім заканадаўстве гэты канцэпт не існуе, таму з дапамогай заканадаўства патрабаваць выдалення неактуальнай інфармацыі пра сябе ў нашай краіне немагчыма. Асобны закон аб пэрсанальных дадзеных у нас толькі пачынаюць распрацоўваць. Ці будзе там права на забыццё, яшчэ ня вырашана.

«Можна дамовіцца з рэдакцыяй — але гэта ўжо, хутчэй, пытанне журналісцкай этыкі, чым права — выдаляць ці не выдаляць матэрыял на запатрабаваньне фігуранта публікацыі, — кажа Аляксей Казлюк. — Зразумела, бываюць выпадкі, калі без выдалення публікацыі пагражаюць наступствы юрыдычнага кшталту. У дадзеным выпадку мы ня ведаем, чым кіравалася кожная з рэдакцыяў, з сайтаў якіх зніклі публікацыі».

Паводле экспэрта, звычайна СМІ, наадварот, супраціўляюцца прымяненню «права на забыццё», бо яно ўступае ў канфлікт са свабодай інфармацыі.

«Сама канцэпцыя „права на забыццё“ даволі спрэчная, яна мае ў юрыдычным свеце як прыхільнікаў, гэтак і апанэнтаў. Напрыклад, у ЗША яна ня дзейнічае, бо існуе Першая папраўка да Канстытуцыі, якая сцьвярджае свабоду інфармацыі перадусім».

Пры гэтым Аляксей Казлюк перакананы, што гісторыя з выдаленнем публікацый пра затрыманне Віктара Пракапені «ня мае ніякага дачынення» да «права на забыццё». «Маем эфэктыўную працу піяр-службы бізнэсоўца і шмат этычных пытанняў да журналістаў», — кажа праўнік з арганізацыі Human Constanta.

Паводле Аляксея Казьлюка, калі б усё гэта адбывалася ў Эўропе, Пракапеня мог бы звярнуцца найперш да пошукавага сэрвіса Google. «Гэта можна зрабіць праз форму на сайце. Магчыма, інфармацыя была б выдаленая з пошукавай выдачы, але ніколі — з саміх мэдыйных рэсурсаў».

Ён дадае, што мы назіраем «эфэкт Стрэйзанд» — сацыяльны фэномэн, калі спробы схаваць ці выдаліць непажаданую для некага інфармацыю толькі падвышаюць да яе цікавасць і спрыяюць яе шырэйшаму распаўсюджванню.

Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

 

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: