Блогер Ілля Варламаў выявіў чарговы фэйк расійскай прапаганды, які меў дачыненне і да Беларусі. Да пятай гадавіны Майдану на расійскім Першым канале выйшаў сюжэт аб жыцці Украіны, піша Наша Ніва.

Віталь Юрчанка. Фота Настассі Роўды

 

У роліку з’яўляецца нібыта ўкраінец Кірыл Чубенка, які лашчыць ката і расказвае пра тыя жахі, якія яму даводзіцца цярпець пасля Майдану: «Нічога мне асабіста не даў Еўрамайдан. Вось, паглядзіце, дзе мы аказаліся. Трэба было глядзець у будучыню, а мы ў будучыні засталіся без цяпла, з дарагой энергіяй, і незразумела, калі ўсё гэта скончыцца. Як перажыць зіму, як дзяцей адпраўляць у школу?!» — абураўся «Кірыл Чубенка».

Аднак высветлілася, што «Чубенку» сыграў жыхар горада Мінска Віталь Юрчанка. Знаёмыя Юрчанкі адпісаліся Варламаву ў сацыяльных сетках, што гэта сапраўды беларус, а ніякі не жыхар Крывога Рога.

Віталь Юрчанка сам звязаўся з рэдакцыяй «Нашай Нівы», каб распавесці сваю гісторыю. Хлопец бясконца паўтараў, што яму сорамна за гэтую сітуацыю.

«Я працаваў аналітыкам у беларускай кампаніі, якая з’яўляецца пасярэднікам між тэлеканаламі і аператарамі па ўсім свеце. Напрыклад, дзесьці здараецца землятрус — і тэлеканалам трэба адтуль ролік, мы шукаем аператара.

Прыйшла замова ад Першага канала Расіі зняць сям’ю ці чалавека ў Крывым Розе ва Украіне, які пакутуе ад адсутнасці газу і дарагога ацяплення. Такога чалавека знайшлі, знялі матэрыял, даслалі нам. Сам я па сваіх абавязках ніяк не ўзаемадзейнічаю з аператарамі, таму не быў у курсе, што яны здымаюць.

Потым высветлілася, што ў матэрыяле з Крывога Рога быў кепскі гук. Яго было нельга адпраўляць заказчыку. Прынялі абсалютна няслушнае рашэнне — перазняць сюжэт з такім самым тэкстам, што зрабілі ў Крывым Розе. Я не ведаю, ці падпісалі імя таго ж чалавека.

Я ў кампаніі адпрацаваў чатыры месяцы, там працуюць прафесіяналы. Такі выпадак — адзіны. Было прынята такое няслушнае рашэнне, вы бачыце, якія наступствы яно мела.

Мне прапанавалі зняцца ў якасці героя, бо я нядаўна працаваў, маўляў, новы работнік. Я сумняваўся, але паехаў здымацца. Я пабаяўся адмовіцца, хаця ўвесь час сумняваўся. Змаладушнічаў, ці што. Калі ўжо знялі матэрыял, то я нейкі час пахадзіў, пасля папрасіў нічога не адпраўляць у Маскву. А мне адказалі на гэта, што матэрыял ужо даслалі.

Замоўца з Першага канала не быў у курсе, што так адбылося. Нельга было ўжо сказаць «выбачайце, мы вам не тое адправілі». Ролік з’явіўся на Першым канале два з паловай тыдні таму. Мне ўжо тады стала і сорамна, і я спалохаўся. У дзень эфіру трое маіх знаёмых напісалі мне, што пабачылі сюжэт. Я неяк змог ім усё растлумачыць, хаця і пачуў шмат непрыемных словаў пра сябе.

Я не меў ніякага маральнага права ў гэтым удзельнічаць. Гэта супярэчыць усім маім поглядам. Мне сорамна да самай высокай ступені.

Грошай за гэты ролік я не атрымліваў. Проста ўнутры кампаніі папрасілі дапамагчы, а пра наступствы ў той момант я не падумаў. Я не магу знайсці сабе месца. Хачу папрасіць прабачэнне ва ўсіх, хто гэта бачыў і не бачыў, калі за такое ўвогуле можна выбачыцца.

Пасля выхаду матэрыяла Варламава мне сталі пісаць у сацыяльных сетках з пагрозамі. Яны мне пішуць жахлівыя словы, а я разумею, што іх заслужыў. Не магу зразумець, як я на такое пагадзіўся.

У канфлікце Украіны і Расіі я не займаю нічыёй пазіцыі. Гэта інфармацыйная вайна, і мне сорамна, што я стаў яе часткай.

Я вучыўся на юрфаку БДУ, скончыў магістратуру па бізнэс-адміністраванні. На практыку трапіў у тую самую кампанію, дзе і застаўся працаваць. Але цяпер я сышоў.

Можа, і добра, што так атрымалася. Калі ў мяне ёсць хоць мінімальны шанец патлумачыць ці выбачыцца, то я хачу ім скарыстацца. Мне бясконца сорамна, гэта ганьба», — расказаў Віталь Юрчанка.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...