11 траўня выйшаў на волю паэт, палітык Уладзімір Някляеў. Яго затрымалі 6 траўня каля дому, як патлумачылі АМАПаўцы, за ўдзел у «Маршы недармаедаў» 17 лютага і адвезлі на Акрэсціна адбываць 5 сутак арышту.

Як сказаў Свабодзе Уладзімір Някляеў, сядзець яму давялося ў камеры з бамжамі, у якіх былі вошы. Да таго ж літаратара пазбавілі магчымасці пісаць — далі паперу, але не далі асадку ці аловак.

Уладзімір Някляеў прызнаецца: думаў, што перажыве гэты 5-суткавы тэрмін лягчэй. Калі яго забіралі 6 траўня каля дому, на руках у Някляева быў бальнічны ліст — ён яшчэ не адышоў ад гіпертанічнага крызу. Пасля крызу пры канцы сакавіка ў Берасці ў яго было яшчэ два крызы, у красавіку паэт двойчы ляжаў у шпіталі. Але, нягледзячы на бюлетэнь, Някляева забралі ў турму на Акрэсціна. АМАПаўцы сказалі, што ў іх загад.

Калі яго прывезлі ў ЦІП, Някляеў запатрабаваў паперу, каб напісаць скаргу, што яго ўзялі хворага, нібыта ён крымінальнік і ўяўляе небяспеку для грамадства. Яму сказалі: «Потым напішаце» — і павялі ў камеру.

Сшытак перадалі, асадку — не

«Жонка Вольга яшчэ раней за ежу перадала мне сшытак і асадку. Але мне аддалі толькі сшытак без асадкі. Я запытаўся: „А чым пісаць?“ — „А гэта вы самі прыдумаеце“, — быў адказ. І гэта вельмі падарвала мне нервы. Калі забіралі, я быў міралюбіва настроены, маўляў, што зробіш, буду пісаць пяць дзён. А тут такая падлянка. Я дамагаўся, каб далі асадку, штодня на кожнай праверцы пытаўся: „Назавіце прычыны, па якіх мне забаронена займацца тым, чым я займаюся ўсё жыццё, і чаму вы забіраеце пяць дзён з майго жыцця і ператвараеце іх у бессэнсоўнасць?“ Адказу не было. Казалі — маўляў, „пытанне разглядаецца“. Я разумеў, што гэта не яны самі прыдумалі. Відавочны здзек: „Недзе ты прызнаны пісьменнік, лаўрэат, а ў нас ты ніхто, ты зэк. Кашу еж“. Галоўнае — не даць ні думаць, ні пісаць. Еж кашу, і ўсё.

Чытайце па тэме:  Міхаілу Жамчужнаму пагражае "нізкі сацыяльны статус" у Горках

Чацвёрты крыз за месяц — у турме

Я ж пасля 2010 году жыву на таблетках, а тут у мяне тры крызы запар. Вельмі складана пасля гэтых крызаў нармалізаваць ціск. Але на наступны дзень мне ўжо не далі магчымасці выпіць пігулкі ад ціску. Я спрабаваў патлумачыць, што гэта больш сурʼёзная справа, чым проста страта прытомнасці, што, дарэчы, і адбылося. А 8 траўня ў мяне зноў адбыўся крыз. Але ў адрозненне ад Берасця, дзе спалохаліся і накіравалі мяне ў шпіталь, тут толькі ўвечары выклікалі хуткую і сказалі: „Мы самі яго купіруем“. Гэтым разам неяк абышлося…

Я проста назіраю заканамернасць, як яны са мной абыходзяцца, і складаецца ўражанне, што прадумана гэта робіцца: забіраюць, садзяць, не даюць прымаць лекі і назіраюць, што будзе. Не хачу праводзіць паралелі, але так было з Генадзем Карпенкам: давялі да крызу, а потым вазілі па горадзе, шукаючы, дзе яму дапамогуць. Можна па-рознаму разабрацца з тымі, хто не даспадобы: можна так, як з Ганчаром, а можна так, як з Карпенкам. Можна давесці да „летальнага выніку натуральным чынам“.

Дарэчы, на прагулку першы раз вывелі толькі на чацвёрты дзень».

На Акрэсціна сістэма адбудаваная так, што апазіцыянеры паміж сабой не перасякаюцца ні на прагулках, ні на пастраенні, ні на пераклічках. Таму пра Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля ды іншых, якія там жа адбываюць 15 сутак за акцыю 1 траўня, Някляеў нічога не чуў. Дый цяпер «палітычных», як правіла, саджаюць у камеру да бамжоў, алькаголікаў ды іншых маргінальных элементаў, кажа Уладзімір Някляеў.

Чытайце па тэме:  Возобновлено следствие по факту суицида барановичского школьника. У мамы появились фото издевательств над сыном

«Вошы ўверх не скачуць», — дзяжурны турмы на Акрэсціна

«Сённяшні кантынгент ЦІПу — бамжатнік з прастытуткамі, разбаўлены „адмарозкамі з пятай калоны“. Прычым нашых усіх хлопцаў садзяць да бамжоў, і я з бамжамі сядзеў.

Шчыра скажу, мне было вельмі шкада гэтых людзей без дому, без працы, бо ты адседзіш і пойдзеш дахаты. А гэтыя людзі — як цені, яны такія затурканыя, калі на іх крычыць дзяжурны, яны сціскаюцца і лезуць пад нары.

Прывялі аднаго бамжа са сметніцы, ён увесь у вошах. Кінулі яго на верхнія нары, вошы сыплюцца з яго ўніз. Урэшце я дагрукаўся ў дзверы да дзяжурнага: „Зрабіце хоць што-небудзь, пражарку, ці што“. А мне адказваюць: „Перакладзіце яго ўніз“. Я пярэчу: „Якая розніца? Ён увесь вашывы“. „Вошы ж уверх не скачуць“, — адказвае мне дзяжурны. Калі я вяртаўся ад доктаркі, пачуў, як тая казала адной бамжысе, якая паскардзілася на вошай: „Я цябе зараз бензінам абалью і спалю, пудзіла!“ Так што ў санітарна-гігіенічным сэнсе сітуацыя выглядае жахліва».

Несанкцыянаваны мітынг у турэмным калідоры

«На развітанне я зладзіў несанкцыянаваны мітынг на другім паверсе каля 13-й камеры, растлумачыўшы, хто ёсць супрацоўнікі ЦІПу і што ёсць гэта сістэма. Яны спрабавалі гэты мітынг спыніць, але я давёў яго да канца. Так што, думаю, яны могуць яшчэ скласці пратакол за несанкцыянаваны мітынг на Акрэсціна і яшчэ за яго пасадзіць».

Чытайце па тэме:  Міхаілу Жамчужнаму пагражае "нізкі сацыяльны статус" у Горках

Тым часам Уладзіміру Някляеву ўручылі позву ў Ленінскі суд на 17 траўня — за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве 1 траўня. Уручаючы позву, міліцыянты сказалі гэтым разам чакаць «трайнога тарыфу», то бок 15 сутак.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment