Пісьменьнік і былы кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Някляеў трэці месяц у самаізаляцыі. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як праводзіць гэты час, пра зьмену плянаў на прэзыдэнцкія выбары, пра тое, чаму станоўча ацэньвае вылучэньне Бабарыкі і Цапкалы, як працуе над новай аповесьцю пра вірус і пандэмію, як спрачаўся са швэдзкімі айцішнікамі.

 

«Сярод блізкіх памерлі пераважна тыя, хто не зважаў ні на якія перасьцярогі»

— Уладзімер Пракопавіч, ці закрануў каранавірус каго з вашых блізкіх або сваякоў?

— Так, закрануў. І многіх. Калі пандэмія пашыраецца, як агонь па сухой траве, цяжка ўберагчыся.

Я ня ведаю, які спосаб для гэтага найлепшы. Але бачу, што сярод тых маіх знаёмых, хто не ўбярогся, хто цяжка захварэў, хто памёр, пераважная большасьць людзей, якія не зважалі ні на якія перасьцярогі. Жылі так, як звыклі жыць, нібы нічога не зьмянілася.

А зьмянілася ўсё. Усё, апроч улады, якая ўпарта даводзіць, што няма ў нас ніякай пандэміі, а ёсьць толькі каранавірусны псыхоз. І каб ад яго пазбавіцца, найлепшы сродак — вайсковы парад.

— Як вы ўвогуле ацэньваеце меры, якія прымаюцца для барацьбы з пандэміяй у Беларусі?

— Парад і ёсьць на сёньняшні момант асноўная мера. Раней быў трактар, але танк круцейшы за трактар. Захворваньні на пнэўманію, як паведаміў галоўнакамандуючы беларускімі Ўзброенымі сіламі, пасьля праходу танкаў па Менску скараціліся ўдвая. Яшчэ адзін парад — і ўсе будзем здаровыя.

Калі пракамэнтаваць парад у час чумы папрасіла мяне расейская служба Радыё Свабода, я пракамэнтаваў яго такім вершыкам:

Не зря сражались наши деды!
Бессмертен подвиг твой, солдат!..
Идет по Минску в день Победы
Коронавирусный парад!

Чеканит шаг за ротой рота!
Ликует и поет народ!..
И в небе имя идиота
В салютах праздничных цветет!

Не стрываў. Ну нельга пры пандэміі, эпідэміі, хоць пры якой інфэкцыі зьбіраць тысячы людзей у адным месцы — гэта вам любы санітар скажа. Нельга рызыкаваць здароўем, жыцьцём людзей дзеля палітыкі. Гэта вандалізм, вар’яцтва. Але ніхто з набліжаных да галоўнага вірусоляга яму пра тое не сказаў. Усе яны ўсьлед за ім: «Мы інакш ня можам». Дык я падумаў: чаму? Можа, ён нават іх ужо так дастаў, што яны падумалі: а няхай увесь сьвет убачыць яго ва ўсёй красе?

— Выступаючы за народны карантын, вы самаізаляваліся. Ці ёсьць у вас праз гэта псыхалягічныя праблемы?

— Мяне столькі разоў ізалявалі прымусова, што самаізаляцыя — ня горшае, што можа быць. Хоць бы таму, што няма ў маім доме, як гэта было пад хатнім арыштам, людзей зь пісталетамі. І раніцай у чарзе ў прыбіральню за імі ня трэба стаяць.

Псыхалягічная стомленасьць, тым ня менш, мае месца быць. Але мне лягчэй, чым іншым, яе пераносіць, бо я і ў самаізаляцыі займаюся тым жа, чым займаўся дасюль: пішу. І ў нечым тут самаізаляцыя нават на карысьць: бокам абыходзіць мітусьня, не адхіляесься на спакусы.

Самаізаляцыя, карантын ня могуць быць бясконцымі. Гэта адзінае, у чым я згодны з тымі, хто выступае супраць іх. І ўсё часьцей думаю: чаму навукова-тэхнічны прагрэс, пра які пратрубілі чалавецтву вушы ляўрэаты ўсялякіх, уключна з Нобэлеўскай, прэмій, абышоў бокам вірусалёгію? Яна хіба не навука? А калі навука, дык як сталася, што ўсё, чаму могуць навучыць нас яе карыфэі, гэта мыць рукі з мылам? Я спрабую знайсьці адказ на гэтае пытаньне ў новай аповесьці, якую пачаў пісаць яшчэ ў Швэцыі.

«Неяк я форсу айцішнікаў не стрываў, спытаў: „Ведаеце, што такое лямпачка Ільіча?“»

— У Швэцыі вы пісалі раман пра Купалу. Аповесьць пра вірус — гэта нешта іншае?

— Так. Яна пра тое, што ёсьць праблема, якая пакуль ня мае вырашэньня. Ня толькі ў нас — у сьвеце. Супраць чалавецтва, няхай празь неасьцярожнасьць, праз выпадак, але прымененая бактэрыялягічная зброя, узьдзеяньне якой не прадказальнае ні ў блізкай, ні ў далёкай (Ковід знаходзяць ужо нават у спэрме) пэрспэктыве. І я бачу, як па-рознаму адносяцца да гэтага людзі з розным мысьленьнем. Скажам, з гуманітарным — і з тэхнакратычным. Я ўжо не кажу пра чыста палітычнае мысьленьне, дзе ў кожнага выключна свой інтарэс.

На жаль, гуманітарыі зь іх швэйцэраўскай філязофіяй «благоговения перед жизнью» ў супрацьстаяньні з палітыкамі, з тэхнакратамі прайграюць, што можа стаць, калі ўжо ня стала, прычынай усясьветнай катастрофы. Нездарма ж лябараторыю бактэрыялягічнай зброі ва Ўхані, куды ўкладвалі сродкі і эўрапейцы, і амэрыканцы, цяпер маскіруюць пад кажана, даводзячы, нібы каранавірус — прыродны, ад кажана, а не лябараторны.

— А што небясьпечнага ў тэхнакратычным мысьленьні?

— Я пра гэта кажу досыць даўно. Пра гэтую небясьпеку — паэма «Зона», напісаная яшчэ ў 1986 годзе, адразу пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС: «Божа! Зь якога рабра вырабіў ты тэхнакрата, на лобе якога таблічка прыбіта: ЭЛІТА!»

Тэхнакратыя сёньня зусім ня тое, што меў на ўвазе Плятон, вызначаючы яе выключна як уладу разумных, адукаваных. Тэхнакратыя сёньня экстрапалюе свае каштоўнасьці на ўсе астатнія, што выпрацаваныя чалавецтвам. Небясьпека сёньняшняй тэхнакратыі ў машынным, звужаным, дыскрэтным мысьленьні, якое да таго ж непераборлівае ў сродках для дасягненьня мэты. Але гэта не пазбаўляе людзей з такім мысьленьнем ад пыхі, адчуваньня перавагі над тымі, хто, умоўна кажучы, не разумее, чаму электрычная лямпачка гарыць. Хоць нават Эйнштэйн прызнаваўся, што ён не разумее чаму.

У Швэцыі я жыў у студэнцкім гарадку Лундзе, дзе знаходзіцца ўнівэрсытэт, у якім вучыліся, бадай, усе знакамітыя сёньня швэды. Яшчэ нядаўна ўнівэрсытэт быў пераважна гуманітарны, цяпер ён амаль цалкам тэхнічны, можна нават сказаць, айцішны. Я ў ім бываў, чытаў лекцыі па культуры. Дык вось: жменька гуманітарыяў, якія там застаюцца, ня маюць столькі аплёмбу і форсу, колькі айцішнікі, затое маюць значна глыбейшае і нашмат больш цэласнае ў разуменьні сьвету мысьленьне. Неяк я форсу айцішнікаў не стрываў, спытаў: «Ведаеце, што такое лямпачка Ільіча?» Ніхто, у адрозьненьне ад гуманітарыяў, ня ведаў. Я расказаў і дадаў, што тыя, хто сто год таму падключаў тыя лямпачкі, былі для людзей такімі ж чарадзеямі, як сёньня яны. Хоць насамрэч людзі тыя былі проста электрыкамі. Гэткімі ж электрыкамі, сказаў, і вы станеце. І раней, чым праз сто гадоў.

Ух, што ўсчалося! «Ды мы сёньня-заўтра створым штучны інтэлект!..» — «На які прынцыпах?» — «Бяз прынцыпаў!» Вось гэта, бадай, найнебясьпечнае. Бяз прынцыпаў.

Я ня ўпэўнены, дарэчы, што створаць. Штучнае можна ўдасканальваць, але ці здольнае яно самаўдасканальвацца, без чаго інтэлект не інтэлект? Наўрад ці Бог такое дазволіць, разумеючы, што ў такім разе чалавечая цывілізацыя скончыцца. Не для таго Ён даў нам розум, каб мы яго страцілі.

«Швэдам адпачатку ніхто не маніў, не казаў, што каранавірус — проста псыхоз»

— Чаму, дарэчы, на самым пачатку пандэміі вы вярнуліся са Швэцыі ў Беларусь? Падыходы ж Менску і Стакгольму даволі падобныя.

— Вярнуўся, бо тут, а ня там, родныя людзі. І калі днём і ўночы думаеш, непакоісься: як яны, што зь імі? — дык пісаць, дзеля чаго я паехаў у Швэцыю, немагчыма. У такія часы трэба быць са сваімі.

Швэды не праводзяць парадаў, не гуляюць у хакей, сабрацца ў адзін час у адным месцы могуць ня больш за 50 чалавек. Швэдам адпачатку ніхто не маніў, не казаў, што каранавірус — проста псыхоз. Улады адразу папярэдзілі, што гэта цяжкае, зь непазьбежнымі ахвярамі, выпрабаваньне для нацыі, да якога трэба быць гатовымі. І ўлады ведалі, што таксама важна, з чым і да каго зьвярталіся. Калі прымаюцца нейкія законы, пастановы, рашэньні, дык швэды не спрачаюцца, правільныя яны ці няправільныя, а пунктуальна іх выконваюць. Калі пастаноўлена, што людзі, якія ў групе рызыкі, сядзяць па хатах, яны і сядзяць, не называючы гэта карантынам. Кожны робіць тое, што абавязаны рабіць. А пра правільнасьць ці няправільнасьць рашэньняў яны думаюць да таго, як рашэньні прынятыя. І ў тым, бадай, галоўная розьніца паміж імі і намі ў падыходах, і ня толькі да праблемы каранавірусу.

— Вы паехалі ў Швэцыю пісаць раман пра Янку Купалу. На якім этапе праца?

— 28 чэрвеня 1942 году ў лесьвічны пралёт гатэля «Масква» скінулі нашу нацыянальную сьвядомасьць, якая мела імя Янка Купала. Гэта трагедыя не паэта, а народу, які спыніўся ў сваім нацыянальным разьвіцьці на сьвядомасьці тутэйшых. А цяпер гэтаму народу даводзяць, нібы, спыніўшыся, ён перагнаў усё астатняе чалавецтва, бо нацыянальная ідэя — рэч непрадуктыўная, час яе прамінуў. Сёньня гэта найвялікшы падман, скіраваны на зьнікненьне, на зьнішчэньне нацыі. Яму неабходна ўсімі сіламі, у тым ліку сіламі літаратуры, супрацьстаяць — таму раман пра Янку Купалу. Ён напісаны. Вось фінал толькі… Разоў пяць я перарабляў яго. Час яго напісаньня прыпаў на пандэмію, якой галава забіта, і лезе, лезе вірус у тэкст.

Каб ня лез, я і пачаў новую, дзе гэтаму вірусу месца, аповесьць.

«У нас жа як: зьяўляецца ў палітыцы новы чалавек, дык першая задача — яго спляжыць»

— Летась вы казалі, што хоць і ня ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты, але таксама будзеце браць удзел у прэзыдэнцкай кампаніі. Якія былі пляны і ці зьмяніліся яны?

— Пляны зьмяніліся, таму цяпер пра іх можна сказаць.

Ствараючы Беларускі Нацыянальны Кангрэс, мы са Статкевічам мелі на ўвазе аб’яднаньне людзей, якія перакананыя, што далейшае разьвіцьцё Беларусі магчымае толькі пры зьмене ўлады. А значыць, людзі гэтыя гатовыя да самых рашучых дзеяньняў. Заклікаць да іх мусіў адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад беларускай дэмакратычнай апазыцыі — толькі ў такім выпадку гэтыя дзеяньні маглі быць масавымі і эфэктыўнымі. Паколькі верагоднасьць рэгістрацыі Статкевіча ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты была малаверагоднай, а я ў гэтай ролі выступаць не зьбіраўся, мы вырашылі падтрымаць Паўла Севярынца, які праз акцыі пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі» стаў нефармальным лідэрам апазыцыі.

Але фармальным лідэрам тая ж апазыцыя не дазволіла яму стаць, яшчэ раз прадэманстраваўшы сваю няздольнасьць да вырашэньня той задачы, дзеля якой яна існуе. Тады Статкевіч сканцэнтраваўся на запасным пляне пад назвай «кандыдаты пратэсту», а я заняўся раманам пра Янку Купалу. Як для мяне, дык, можа, яно і да лепшага, а то мог бы застацца і бяз Плошчы, і без рамана.

Гэта не азначае, што я зьмірыўся з уладай, якая зьнішчае Беларусь. Ні ў якім разе і ніколі. Як і з пандэміяй.

— Як вы ацэньваеце вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты айцішніка Цапкалы і банкіра Бабарыкі?

— Ня так кансьпіралягічна, як большасьць тых, хто ўжо ацаніў. Маўляў, Цапкала, які доўгі час быў блізкі да Лукашэнкі, — ягоны спойлер, а Бабарыка, які праз свой банк з Расеяй зьвязаны, — стаўленік Крамля.

Ня факт ні тое, ні другое. У мяне ёсьць уласны досьвед. У 2010 годзе, калі я вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты, на мяне таксама наклеілі цэтлік «прарасейскі». Прычым, як улада, бо Лукашэнка заявіў, што ў Някляева расейскія грошы, гэтак і апазыцыя, якая даводзіла тое самае ва ўсіх эўрапейскіх кабінэтах.

У нас жа як: зьяўляецца ў палітыцы новы чалавек, дык першая задача — яго спляжыць. Вось, маўляў, Бабарыка сказаў, што рана ці позна Беларусі давядзецца падпісаць 31-ю інтэграцыйную карту. Дык адно — сказаць, іншае — падпісаць. Палітычная рыторыка можа быць супрацьлеглай палітычным намерам. Так што ня словы давайце слухаць, а глядзець на дзеяньні. А яны пакуль якія?

Цапкала прадаў дом, каб правесьці выбарчую кампанію, а Бабарыка пакінуў пасаду старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку». І што я па гэтых дзеяньнях, а ніякіх іншых пакуль няма, павінен думаць? Што хлопцы такія хітразадыя? А чаму я не магу думаць, што ім гэтаксама, як некалі мне, стала сорамна, немагчыма жыць тым жыцьцём, якім жывём, і яны вырашылі яго зьмяніць? Рызыкнуць, паспрабаваць. Дык лепш я буду думаць пра іх лепш, калі ўсе горш думаюць.

У стасунках зь людзьмі я заўсёды зыходзіў з таго, што лепш у чалавеку памыліцца, чым загадзя запісаць яго ў нягоднікі. Здараліся, вядома, памылкі, часам з сур’ёзнымі наступствамі, але прынцыпу ў адносінах зь людзьмі я не мяняў — і не шкадую пра гэта.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...