Паэт Уладзімір Някляеў распавёў сайту palitviazni.info пра сваё жыццё і працу ў Швецыі, а таксама пракаментаваў кадравыя змены ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

“Добра, што паехаў, бо ніколі б сваю літаратурную працу не закончыў, – кажа суразмоўца. — А ўвогуле, калі працую, то не бачу, у якім я месцы. Дарэчы, у ліпені прыеду ў Мінск…”

Як вядома, Уладзімір Някляеў атрымаў двухгадовую шведскую стыпендыю і ўжо каля месяца знаходзіцца ў горадзе Лунд.

Някляеў працуе па праграме, “накіраванай на пісьменнікаў, якія падвяргаюцца цэнзуры ці пераследу ў сваёй краіне», зараз ён дапісвае раман пра Янку Купалу.

“Прапанова паўдзельнічаць у праграме паступіла ўжо даўно, але ж ніяк не мог выбрацца, – распавёў палітык. – То садзіўся на “суткі”, то з’яўляліся нейкія іншыя справы. Але ў рэшце рэшт, азірнуўшыся навокал, я паглядзеў на тое, што адбываецца зараз у Беларусі, за якую ў мяне на самай справе баліць сэрца, і вырашыў скарыстаць магчымасць узяць палітычны тайм-аўт, для таго каб падрабіць свае справы.

А раней проста не было часу на літаратурныя даробкі. Я аддаў у часопіс “Дзеяслоў” першую частку рамана пра Янку Купалу, але пасля мы вырашылі, што лепш друкаваць усё разам. Для гэтага раман давялося перарабляць, і змена формы пацягнула за сабой змену зместу, а гэта вельмі вялікая праца. І я проста не знаходзіў дома на тое часу. Таму гэта была адна з галоўных прычын, чаму я з’ехаў у Швецыю.

Акрамя таго, ёсць яшчэ адна немалаважная прычына. Пасля таго як у снежні 2010 года мяне збілі сілавікі, а пасля ўтрымлівалі ў ізалятары КДБ, у мяне ўзніклі праблемы медыцынскага кшталту. А ў Швецыі таксама прапанавалі прайсці медыцынскі агляд, а медыцына там на самым высокім узроўні. І, дарэчы, абсалютна бясплатная”.

Уладзімір Пракопавіч уважліва сочыць за тым, што адбываецца ў Беларусі і змену міністра ўнутраных спраў каментуе так:

– Тое, што Ігар Шуневіч пакінуў пасаду міністра ўнутраных спраў, а на яго месца прыйшоў Юрый Караеў, па сутнасці нічога не змяняе. Мы маем паліцэйскую дзяржаву, якая застаецца паліцэйскай заўсёды. У гэтай паліцэйскай дзяржаве адну агароджу можна прыбраць на час правядзення Еўрапейскіх гульняў, але, калі яны закончацца і пачнецца звычайнае жыццё, то агароджы вяртаюць.

Пакуль не зменіцца сама сістэма, ніякія частковыя змены нічога не вырашаюць. Так што ў мяне пасля кадравых перастановак у МУС не ўзнікла нейкіх надзей на лепшае. Змяняюцца толькі дэкарацыі, а ўсё астатняе абсалютна тое самае.

– Але былы міністр Ігар Шуневіч быў занадта адыёзны…

– Так, яго паводзіны і дзеянні нярэдка выклікалі пытанні, хаця я не магу сказаць, што ўяўляе сабой і новы міністр. Мы ж таксама яго не ведаем, але ведаем іншае. Практычна ўсе міністры ўнутраных спраў Беларусі нарадзіліся не ў Беларусі. Шуневіч – з Луганска, Караеў – з Асеціі…

Можна заўважыць, што наогул сілавое акружэнне Лукашэнкі складаецца не з беларусаў. Такое ўражанне, што беларускі кіраўнік ці то баіцца беларусаў, ці то існуе нейкі недавер да тых людзей, якія нарадзіліся на гэтай зямлі.

– Вы ўжо месяц жывеце і працуеце ў Швецыі. Прызвычаіліся да новага ладу жыцця?

– Добра, што паехаў, бо ніколі б гэтую літаратурную працу не закончыў. Вось зараз у Мінску спёка, а ў спёку я наогул нічога не магу рабіць. А ў Лундзе даволі камфортна – сонейка, 22 градусы, ніхто не дурыць галаву.

А ўвогуле, калі працую, то не бачу, у якім я месцы. Я гэдак чатыры гады пражыў у Фінляндыі. Калі б я там не працаваў, то, напэўна, звар’яцеў бы. Я ж бачыў, як таўкуцца эмігранты ля танных крамаў ды месцаў, дзе можна бясплатна паесці. Але я жыву, тым, што пішу, а не вонкава.

Хаця, шчыра кажучы, за месяц крыху стаміўся, бо ўсё-такі фізічна мне цяжкавата. Трэба пастаянна працаваць за сталом, таму знаходжанне ў следчым ізалятары КДБ у 2010 годзе нагадвае пра сябе і ў Швецыі.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...