Што агульнага ў «Марша раззлаваных беларусаў» і ўкраінскай Рэвалюцыі Годнасці? На самай справе паралеляў хапае. Але ёсць і тое, чым яны істотна адрозніваюцца — нявер’ем беларусаў ва ўласную моц. Маўляў, прайшліся, пагрукалі ў дзверы падатковай, а што далей?

ok9
Безліч палітыкаў, экспертаў, палітолагаў сцвярджалі, што пасля ўкраінскай Рэвалюцыі Годнасці аналагічнае развіццё падзей у Беларусі немагчыма. Маўляў, вынікамі тых падзеяў стала акупацыя Крыма і вайна на Данбасе — а таму памяркоўныя беларусы ні ў якім разе не пойдуць на нават самы лёгкі рэвалюцыйны сцэнар.

Пратэсты, якія на мінулым тыдні ахапілі Беларусь, сталі найбольш масавымі за даволі доўгі час — прынамсі, з «маўклівых пратэстаў» 2011 года. У Мінску на «Марш раззлаваных беларусаў», паводле розных падлікаў, выйшла ад трох да пяці тысяч чалавек. Нечакана здзівіў Гомель, дзе сабралася каля трох тысяч пратэстоўцаў супраць «дармаедскага» дэкрэту. У іншых абласных цэнтрах маніфестантаў было меней — ад 100 да 300 чалавек.

Але, улічваючы, што раней у рэгіёнах на плошчы выходзілі ў лепшым выпадку пяць-дзесяць чалавек, і сотня падаецца вялікай лічбай.

Паралелі з Рэвалюцыяй Годнасці ў сённяшніх пратэстах напрошваюцца самі сабою. Па-першае, людзі абурыліся той несправядлівасцю, з якой да іх ставіцца ўлада. Менавіта несправядлівасць улады была рухавіком Рэвалюцыі Годнасці, як і сённяшніх пратэстаў.

Па-другое, на вуліцы выйшлі сапраўды абураныя беларусы, а не прадстаўнікі «тытульнай апазіцыі». Варта толькі згадаць, што частка той самай апазіцыі (Партыя БНФ, «Гавары праўду», Рух «За Свабоду» і інш.) ад арганізацыі гэтага мерапрыемства самаўхіліліся. Шмат хто з каментатараў адзначае: на мінскі марш выйшлі не сталыя апазіцыянеры, а зусім іншыя людзі — тыя, якія сядзяць у «Аднакласніках» і «УКантакце», каго проста задзяўблі паборы ў той час, калі ўзровень жыцця імкліва пагаршаецца, а беспрацоўе з немагчымасцю знайсці працу з годным заробкам становіцца рэальнай перспектывай.

Чытайце па тэме:  Лідары беларускай апазіцыі аб'ядналіся супраць расійскай авіябазы

І па-трэцяе, на пратэст выйшлі зусім не «дармаеды». Большасць з удзельнікаў акцыі сцвярджала, што яны добрасумленна працуюць і плацяць падаткі. А на маршы прыйшлі, каб выказаць салідарнасць з тымі самымі «дармаедамі» і звярнуць увагу ўладаў на гаротны стан эканомікі, паніжэнне заробкаў і павышэнне цэнаў.

А вось адрозніваюцца беларускія маршы ад украінскіх падзей нявер’ем народа ва ўласную моц. Большасць кажа: «Прайшліся, пагрукалі ў дзверы падатковай. А што далей? Яшчэ раз так пройдземся? А вынік?»

У тым і справа, што імгненнага выніку тут і быць не можа. Не далей як за два тыдні да пратэстаў Лукашэнка ў размове з прэсай казаў: «Давайце пару гадоў паглядзім, як будзе працаваць гэты дэкрэт, а там вырашым, што з ім рабіць». Адразу адкруціць назад сваё рашэнне ён не можа — таму і ўзяў паўзу, з’ехаўшы ў Сочы. Каб быў вынік, трэба нарошчваць ціск на ўладу. Трэба, каб на наступную акцыю выйшла яшчэ больш народу. Трэба, каб людзі вярнулі сабе вуліцы, і хадзілі ў цэнтр сталіцы, а не на плошчу Бангалор.

Але і зараз нельга казаць, што пратэстоўцы нічога не дамагліся. «Марш раззлаваных беларусаў» быў менавіта «дэманстрацыяй» — дэманстрацыяй незадаволенасці і абурэння. І гэтае абурэнне пачулі, што бачна па змяненні тону ўладных прапагандыстаў хаця б на тым жа тэлеканале «Беларусь 1». Раней яны агрэсіўна нападалі на «дармаедаў». Пасля дэманстрацыі рыторыка змянілася на перапрашаючую: «Калі ласка, заплаціце падатак! Усяго 20 базавых!» Можа, для БТ 20 базавых — гэта «ўсяго», але ў рэгіёнах 225 долараў лічыцца ўжо годным заробкам…

Чытайце па тэме:  Бастующие предприниматели достучались к полоцкой вертикали

Так што, відавочна, улада разгубілася. І не толькі ў выніку колькасці пратэстоўцаў. Але і тым, што масавы «дэсант» найбуйнейшых чыноўнікаў «у народ» дзеля тлумачэння дармаедскага падатку (які адбыўся акурат напярэдадні акцыі пратэсту) выніку не даў. Улада нарэшце пабачыла, што яна страчвае давер народу.

Ці ёсць у грамадстве патэнцыял, каб працягваць пратэсты? Ці не будзе гэта акцыя «аднаразовым стрэлам»?

Сапраўды, пяць тысячаў дэманстрантаў на вуліцах сталіцы — колькасць невялікая. Але, разам з тым, рэпартажы пра гэтую падзею ў інтэрнэце за суткі набралі каля мільёна праглядаў. Гэта паказвае, што пратэстны патэнцыял ёсць, і галоўнае — зрабіць з гледача рэпартажаў героя тых самых рэпартажаў, то бок удзельніка акцыі.

І, канешне ж, шмат што залежыць ад улады. Яна можа дзейнічаць звыкла: запусціць механізм разгону вулічных акцый і адміністрацыйных арыштаў. Але тады давядзецца развітацца з кволай пакуль нармалізацыяй адносін з Еўропай. Адмяніць дэкрэт — пра гэта ўжо было вышэй. Лепшым выйсцем зараз з’яўляецца «замарозка» дэкрэту: то бок, перавод яго ў шэраг «мёртванароджаных» дакументаў, калі ён, нібыта і ёсць, але выконваць яго падатковая не будзе.

Канешне, тыя грошы, якія добраахвотна сплацілі некаторыя «дармаеды», ніхто не верне. Аднак намагацца атрымаць падатак праз суд таксама ніхто не будзе.

Але і для гэтага таксама павінен быць ціск на ўладу. А таму акцыі супраць «дармаедскага дэкрэту» маюць патэнцыял. Пабачым, колькі народу збярэ наступная.

Чытайце па тэме:  Петербургские дальнобойщики решили "идти на Кремль"

Сяргей Пульша, Новы час


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.