Жыхары прыгарадных магілёўскіх вёсак Вейна і Навасёлкі патрабуюць спыніць высяканне лесапаласы, якая аддзяляе паселішчы ад хімічных вытворчасцяў. Вяскоўцы лічаць, што працы вядуцца незаконна. Ім адказваюць: пад пілу пайшлі дрэвы з жукамі-шкоднікамі. І абяцаюць, што дзялянкі, дзе павысякалі сасонкі, засадзяць ліставым лесам.

Ссечаныя сасонкі. За шашой прадпрыемства «Кронаспан» і яго комін

 

Вяскоўцы: «Спыняйце працы…»

Менш як за два кілямэтры ад Вейна і Навасёлак і за пяць ад Магілёва — прамысловы вузел Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» № 4. Тут працуюць і ўводзяцца ў дзеянне некалькі дзясяткаў хімічных вытворчасцяў. Вяскоўцы кажуць, што іхнія выкіды забруджваюць наваколле. Экалягічную сытуацыю вакол паселішчаў яны параўноўваюць з Чарнобылем.

4 снежня з дзясятак жыхароў вёсак прыйшлі бараніць істотна парадзелую лесапаласу з елак і сасонак, што між прамзонай і паселішчамі. На дзялянцы штабялямі ляжалі спілаваныя дрэвы. Нямала ў лесе было сасонак, пазначаных пад высечку.

Вяскоўцы лічаць, што гэты лес ня хворы, а будаўнічы

 

«Спыняйце працы. Тут здаровы лес…» — такімі словамі сустрэлі вяскоўцы Андрэя Савонькіна, прадстаўніка Вільчыцкага лясніцтва, якое і высякае дзялянку.

Стоячы на ўскрайку Гомельскай шашы перад карпусамі прадпрыемства «Кронаспан», комін якога выкідае ў паветра клубы белаватага дыму, вяскоўцы эмацыйна даводзілі ляснічаму сваю пазыцыю.

«Тут усцяж высякаюць дрэвы, вы ж паглядзіце, — шукаючы падтрымкі вяскоўцы звярталіся да журналіста. — Якое ж гэта санітарнае высяканне? Санітарнае — гэта калі кропкава пілуюць, а тут узяліся за такую дзялянку адразу».

Ляснічы: «У лесе — лякальнае стыхійнае бедзтва»

Андрэй Савонькін даводзіў, што высякаць усю лесапаласу не збіраюцца. Мяжа дзялянкі з хворымі дрэвамі, казаў ён, вызначаная адмысловым прыстасаваннем, а на вока яе можна пазнаць там, дзе пачынаецца паржавелая ігліца.

Чытайце па тэме:  Менчукі выпусцілі гульню з злыднямі ды жыценямі (відэа)

«Пацярпелы ад жука дрэвастой пашкодзіць здаровым дрэвам», — тлумачыў ляснічы грамадзе вяскоўцаў.

Па ягоных словах, у лесапаласе адбываецца «лякальнае стыхійнае бедзтва»: жук-пільшчык мог трапіць на тутэйшыя сасонкі з лесавозаў, якія транспартуюць на перапрацоўку драўніну з Гомельшчыны, дзе маштабы пашкоджання лесу калясальныя.

Недзе тут пасяліўся жук-шкоднік

 

Дзеля нагляднасці ляснічы надрэзаў кару — пад ёй былі відаць іржавыя пляміны. Паводле адмыслоўца, гэта сведчанне, што дрэва апанавалі шкоднікі. Але вяскоўцаў гэта не супакоіла.

Яны прыгадвалі, як будавалася найбуйнейшае ў Магілёве прадпрыемства «Хімвалакно». Тады, казалі вяскоўцы, каб засцерагчы прылеглыя мясціны ад шкодных рэчываў, лес не кранулі.

«А цяпер жа, як узяліся ўзводзіць новыя заводы ў гэтай прамысловай зоне, то лес высеклі і пакінулі толькі гэтую вузенькую лесапаласу. Дык няхай бы бульбяное поле, што за ёй, засадзілі лесам і такім чынам кампэнсавалі тое, што знішчылі. Тады ж не дурныя былі», — казаў адзін з вяскоўцаў Уладзімер.

Па яго словах, на адным са сходаў такое пытанне ўздымалася. Людзям чыноўнікі паабяцалі падумаць. Але цяпер кажуць, што на такія працы няма сродкаў.

Высякання лесу вяскоўцы не спынілі. Дрэвы пілуюць

 

Супрацоўнік Магілёўскага вытворчага лесагаспадарчага абʼяднаньня Юры Галезнік у тэлефоннай гутарцы сказаў, што прайшоў сход, і на ім жыхароў Вейна і Навасёлак паінфармавалі пра высяканне хворых дрэў у лесапаласе. Па ягоных словах, на сходзе было больш за трыццаць чалавек. Ён адпрэчыў закіды вяскоўцаў, што замест лесу ўзвядуць ачышчальныя збудаванні.

Чытайце па тэме:  Стабилизация погибающих предприятий: гибель может затянуться надолго

«Мы патлумачылі людзям, што высяканне законнае, — казаў Галезнік. — Лес заселены жуком-шкоднікам, і каб абараніць здаровыя дрэвы, адбываецца высяканне. Увесну будуць высаджаныя хуткарослыя пароды ліставых дрэваў, каб максымальна паскорыць аднаўленьне лесу».

Эколяг: «Пад карой мы ня ўгледзелі прыкметаў пашкоджання»

Сябра міжнароднага грамадзкага абʼяднання «Экапраект» Леанід Платоненка таксама гутарыў з лесніком Андрэем Савонькіным. Дакумэнты з дазволам на высечку яму атрымаць не ўдалося. Вусныя ж запэўніванні былі непераканаўчыя, кажа ён.

«Мы пакуль толькі пабачылі, што спрэс высякаюць сасонкі, якія нібыта заселеныя жуком-шкоднікам. Але пад карой мы ня ўгледзелі прыкметаў пашкоджаньня, — кажа Платоненка. — Мы не атрымалі пэўнага адказу, што збіраюцца рабіць з дзялянкай бяз дрэваў далей. Верагодна, што пляцоўку могуць рыхтаваць пад патрэбы вытворчасцяў, якія яшчэ ўзводзяцца на супрацьлеглым баку шашы».

Актывіст звярнуў увагу на смуроднае паветра ля хімічных вытворчасцяў, а таксама на сытуацыю з ручаямі, якія сцякаюць з боку прадпрыемстваў — вяскоўцы непакояцца, што вада ў іх забруджаная.

Прававую ацэнку дзеянням лесагаспадарчай арганізацыі, як спадзяюцца абаронцы лесу, дасць Дзяржаўная інспэкцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзыдэнце. У гэтую ўстанову яны звярнуліся пасля гутаркі з ляснічым.

Псыхалёгія леснікоў — небяспека

Магілёўская эколяг Ганна Скрыган салідарная з пазыцыяй свайго калегі па абʼяднанні «Экапраект» Леанідам Платоненкам. Каб пераканацца ў законнасці высякання сасонак, кажа яна, трэба азнаёміцца з дакумэнтамі, на падставе якіх дзейнічаюць леснікі. Пры гэтым эколяг адзначае, што сытуацыя з жукамі-шкоднікамі дужа складаная.

Чытайце па тэме:  «Ад сілы 300 долараў, на большае не разлічваем». Улады працягваюць абяцаць «усім па 500», але беларусы ў гэта не вераць

«Дзве апошнія зімы былі дужа цёплыя, і гэтыя жукі ня вымерзлі, — кажа яна. — А паколькі пасля высякання дрэў застаюцца пні ды сучча, то жукі працягваюць размножвацца, тэрыторыя пашкоджанага лесу павялічваецца, і гэта дужа вялікая праблема для ўсёй краіны».

Пазначаныя пад высечку дрэвы

 

У Беларусі сёлета праз жука-караеда высечана больш за 20 тысяч гектараў лесу. Найбольш пацярпелі ад шкодніка Гомельшчына, Берасцейшчына, а таксама паўднёвыя раёны Меншчыны і Магілёўшчыны. Паводле спэцыялістаў, шкоднікі трапляюць у Беларусь з Украіны. Там пашкоджана 300 тысяч гектараў лесу.

На Магілёўшчыне, кажа далей экспэрт, сытуацыю пакуль удаецца кантраляваць. Праблема мае лякальны характар. Але ёсць іншая небяспека — псыхалёгія леснікоў.

«Яны перакананыя: як з’явіўся караед, значыць, трэба высякаць лес, бо змагацца з ім немагчыма. Але ў кожным выпадку трэба разбірацца. Калі жук — не караед-тыпограф, то высякаць спрэс увесь лес і не абавязкова. Аднак паўтаруся: варта сытуацыю вывучаць на месцы», — кажа Ганна Скрыган.

Пратэсты не спыняюць узвядзення хімічных вытворчасцяў

Супрацьстаянню вяскоўцаў з чыноўнікамі і кіраўніцтвам прадпрыемстваў прамзоны не адзін год. Хімічныя вытворчасці Свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў» нясуць патэнцыйную небяспеку навакольнаму асяродздзю і здароўю людзей, кажуць жыхары навакольных вёсак.

Аднак незадаволенасць вяскоўцаў не спыняе будаўніцтва.

За два апошнія гады пратэсты жыхароў Вейна і Навасёлак супраць хімічных вытворчасцяў прымусілі ўлады колькі разоў ладзіць грамадзкія слуханні. Чыноўнікі спрабавалі тлумачыць абураным вяскоўцам, наколькі такія прадпрыемствы важныя для эканомікі, казалі пра новыя працоўныя месцы ды інвэстыцыі. Людзей запэўнівалі, што найноўшыя тэхналёгіі гарантуюць бяспеку вытворчасці «хімічнага прадукту». Разам з тым службоўцы прызнавалі, што прадпрыемствы эканамічнай зоны час ад часу шкодзяць наваколлю, і за гэта іх штрафуюць.

Радыё Свабода

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.