Былы эканамічны аглядальнік «БелГазэты» Аляксандар Абуховіч ужо больш за 20 дзён знаходзіцца ў рэанімацыі з траўмай галавы і шматлікімі пераломамі. Нейкі час ён быў у коме. Сваякі шукаюць вінаватых, паведамляе Радыё Свабода.

Аляксандр Абуховіч, БелГазета

 

«Што і як здарылася з бацькам, дагэтуль невядома, бо ён нічога ня памятае і яшчэ ня можа гаварыць. У першыя дні пасьля атрыманьня траўмаў казаў, што „падвярнулася нага“. А потым быў у коме, дыхаў праз трубку.

Пры апошняй сустрэчы змог напісаць адно слова „Ліквідацыя“. Магчыма, меў на ўвазе, што гэта яго ліквідуюць, але каму гэта дакладна адрасавана — невядомаму забойцу ці лекарам, мне незразумела», — дзеліцца са Свабодай падазрэньнямі сын журналіста Максім.

Хто такі Абуховіч?

Аляксандру Абуховічу ў красавіку будзе 70 гадоў. Працаваў на адказных пасадах на «Інтэграле» ды іншых прадпрыемствах, у апошнія гады стаў друкавацца ў СМІ. Як эканамічны экспэрт выступаў на старонках «Комсомольской правды» в Беларуси», вёў рубрыку «Рэальны сэктар» на партале Tut.by. Паўсюль крытыкаваў улады жорстка, але выключна ў сфэры эканомікі.

Апошняе месца працы — «БелГазэта», дзе таксама друкаваў крытычныя эканамічныя агляды. Яшчэ на пачатку лютага як аналітык удзельнічаў у запісе праграмы «Кожны з нас» на тэлеканале «Белсат».

І раптам трапіў з траўмамі ў рэанімацыю. Выпадковасьць, наступствы паважанага ўзросту, неахайнасьць лекараў ці ўсё ж нечая замова?

Сын Абуховіча Максім не бярэцца адкідаць ніводную з вэрсій і для аргумэнтацыі выклаў у храналягічным парадку падзеі, якія адбываліся з ягоным бацькам цягам мінулага месяца.

Храналёгія здарэньня і лячэньня

14 лютага Аляксандар Абуховіч паступіў у рэўматалягічнае аддзяленьне 1-й гарадзкой клінічнай лякарні г. Менску на абсьледаваньне.

22 лютага каля 2 гадзін ночы Абуховіч ачуўся на падлозе ў калідоры шпіталя за некалькі мэтраў ад сваёй палаты з сур’ёзнымі пашкоджаньнямі: трэшчынай у чэрапе, пераломамі ключыцы і рэбраў. Што зь ім здарылася, дагэтуль ня памятае. У лякарні кажуць, што, мабыць, ён упаў на падлогу і ад гэтага атрымаў цяжкія траўмы.

Апоўдні 22 лютага на шпітальным аўтамабілі Абуховіч быў дастаўлены ў прыёмнае аддзяленьне 6-й гарадзкой клінічнай бальніцы. Паводле Максіма Абуховіча, там ягонага бацьку толькі візуальна агледзелі.

«Рэнтгенаўскія здымкі не рабіліся, загадчыку аддзяленьня было дастаткова зробленых у 1-й лякарні. Апрацавалі вонкавыя пашкоджаньні, наклалі лянгету на ключыцу і на тым жа аўтамабілі адправілі назад у рэўматалягічнае аддзяленьне 1-й лякарні».

Раніцай 23 лютага стан пацярпелага пагоршыўся. Зьявіліся праблемы з дыханьнем, паднялася тэмпэратура, анямела левая нага. На патрабаваньне сына быў выкліканы дзяжурны доктар, які запрасіў рэаніматоляга, нэўроляга ды іншых спэцыялістаў. Былі зроблены новыя рэнтгенаўскія здымкі, усе неабходныя аналізы, ЭКГ ды іншыя працэдуры.

25 лютага лекарка, якая непасрэдна займалася лячэньнем Аляксандра Абуховіча, паведаміла сыну пра свае пляны пазбавіцца ад такога праблемнага пацыента. «Спачатку спрабавала перавесьці яго ў 9-ы шпіталь на падставе траўмы галавы, потым Абуховіча звазілі ў 10-ы шпіталь з прычыны пашкоджаньня вока».

Раніцай 26 лютага была дасягнутая дамоўленасьць з шпіталём хуткай дапамогі аб пераводзе Аляксандра Абуховіча ў аддзяленьне спалучаных траўмаў. Пасьля здачы аналізаў і неабходных працэдур Абуховіч быў дастаўлены ў гэтае аддзяленьне, але некалькі гадзін аніводны лекар да яго не зьяўляўся.

Раніцай 28 лютага пасьля неаднаразовых патрабаваньняў было праведзена дадатковае абсьледаваньне, якое выявіла парушэньне работы лёгкіх. Да першапачатковага пнэўматораксу дадаўся гематоракс. Тэрмінова выклікалі хірурга, была зроблена апэрацыя для дрэнажу лёгкіх. Аляксандар Абуховіч быў пераведзены ў іншую палату і падключаны да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

1 сакавіка 6.40 раніцы мэдсястра патэлефанавала Максіму Абуховічу і паведаміла, што стан Абуховіча значна пагоршыўся і яго перавялі ў рэанімацыю.

4 сакавіка рэаніматоляг запэўніў, што становішча выпраўляецца і неўзабаве Абуховіча перавядуць назад у аддзяленьне.

6 сакавіка стан Абуховіча зноў пагоршыўся. Была зроблена апэрацыя трахеастаміі, пацыента ўвялі ў стан мэдыкамэнтознай комы і падлучылі да апаратаў жыцьцезабесьпячэньня.

18 сакавіка хворага адключылі ад апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, бо, паводле мэдыкаў, яму стала лепей.

На гэты момант Аляксандар Абуховіч усё яшчэ знаходзіцца ў рэанімацыі. Мэдыкі ацэньваюць ягоны стан як стабільна цяжкі. Ніякіх прагнозаў не даюць.

Што кажуць міліцыя і кіраўніцтва шпіталя

​Сын Абуховіча Максім з заявай у міліцыю не зьвяртаўся. Кажа, што ня верыць у магчымасьці і жаданьне праваахоўнікаў разабрацца, што насамрэч адбылося ноччу 22 лютага зь ягоным бацькам у 1-м клінічным шпіталі.

«Быў гэта няшчасны выпадак ці спроба забойства — для мяне пакуль застаецца загадкай. Магчыма, высьветліць гэта можна, калі апытаць ня толькі лекараў, але і пацыентаў шпіталя, толькі хто гэтым будзе займацца?»

Таксама Максіму Абуховічу не дае супакоіцца тое, як ягонага бацьку глядзелі лекары, асабліва ў 1-м і 6-м шпіталях.

«Чаму з такімі пашкоджаньнямі чалавек ня быў адразу дастаўлены ў шпіталь хуткай дапамогі? І чаму ў 6-й лякарні не былі зроблены дадатковыя абсьледаваньні і чаму яны не шпіталізавалі хворага, а адправілі назад, дакладна ведаючы, што ў 1-й бальніцы няма ні спэцыялістаў, ні абсталяваньня на гэты выпадак?»

Але часткова малады чалавек наракае і на шпіталь хуткай дапамогі, дзе цяпер знаходзіцца ягоны бацька і дзе, паводле Максіма, цяпер стараюцца дапамагчы хвораму.

«Чаму ў „хуткай“ чалавек знаходзіўся тры дні і толькі пад пагрозай скандалу было зроблена дасьледаваньне, якое выявіла праблему ў апошні момант? Чаму палатная доктарка павінна дамаўляцца з начмэдам, каб перавесьці пацыента па прызначэньні і гэтым выратаваць яму жыцьцё? А што было б, калі б не дамовілася?» — задае пытаньні Максім Абуховіч.

Калі лекарцы, якая наглядае за Аляксандрам Абуховічам, перадалі просьбу аб размове з журналістам Свабоды, тая ад кантактаваньня адмовілася.

Што кажуць лекары

У рэўматалягічным аддзяленьні 1-й гарадзкой клінічнай лякарні, дзе абсьледаваўся і атрымаў траўмы Аляксандар Абуховіч, пра абставіны здарэньня сказалі каротка: «Паваліўся ў прыбіральні, бо зачапіўся тапкам» і спынілі размову.

Намесьніца галоўнага ўрача 1-й лякарні Марына Рэмша на пытаньне карэспандэнта Свабоды, ці абавязаныя лекары інфармаваць міліцыю ў выпадку атрыманьня пацыентам траўмаў на тэрыторыі ўстановы, адказала, што не, і дадала: «Залежыць ад абставінаў атрыманьня траўмы». Ад камэнтару пра здарэньне з Аляксандрам Абуховічам Марына Рэмша адмовілася, спаслаўшыся на ўрачэбную тайну.

1-я гарадзкая клінічная лякарня знаходзіцца на тэрыторыі Першамайскага раёна Менску. Намесьнік міліцыі грамадзкай бясьпекі Першамайскага РУУС Дзьмітры Млынарчык расказаў пра парадак праверкі здарэньняў з грамадзянамі.

«Пры паступленьні ў шпіталь грамадзяніна з траўмамі ці атрыманьня там траўмы лекары абавязаны паведаміць пра такога пацыента ў выпадку яўнага крымінальнага характару траўмаў. У астатніх выпадках грамадзянін сам ці ягоныя прадстаўнікі могуць зьвярнуцца з заявай у міліцыю. Калі ласка, хай прадстаўнікі гэтага грамадзяніна прыйдуць да нас з заявай, мы ўсё праверым», — сказаў міліцыянт.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...