У Нясвіжы на возеры Дзікае, якое прымыкае да палаца-паркавага комплексу, здарыўся вялікі замор рыбы. Пра гэта Belsat.eu паведамілі мясцовыя жыхары. Паводле відавочцаў, замор адбыўся з прычыны нястачы кіслароду, доступ якога не забяспечылі адказныя службы.


Замор рыбы ў Нясвіжы. Фота https://vk.com/podsluhano_nesvizh

 

«Безгаспадарлівасць відавочная, па краіне такіх азёраў вельмі шмат», – адзначае адзін з падпісчыкаў суполкі «Клуб рыбакоў Нясвіжу».

Як паведамляецца, толькі за 9 сакавіка на звалку былі вывезеныя каля трох тонаў рыбы. Пры гэтым мясцовыя камунальшчыкі забаранялі фатаграфаваць наступствы замору і адганялі тых, хто фатаграфаваў дохлую рыбу ці спрабаваў яе забраць. Адзначаецца, што з пляжу дохлую рыбу ўжо прыбралі, але шмат яшчэ застаецца пад лёдам.

Відавочцы падкрэсліваюць, што памерлі перадусім таўсталобікі і карпы. Пры гэтым, паводле іх, віна ў заморы ляжыць на камунальных службах. Як паведамілі мясцовыя рыбакі ў каментары Belsat.eu, зімой каля аб’язной дарогі сабралася шмат вады, і яе было вырашана скінуць у возера разам з торфакрошкай ды травой. Усё гэта прывяло да таго, што таўсталобікі ў той жа дзень пачалі задыхацца. Каб выжыць, рыбы сталі спрабаваць пераскочыць у іншы вадаём, размешчаны каскадам.

«Людзі рукамі даставалі рыбу каля спаду. Кіпіш паднялі, але яны пакуль выклікалі лабараторыю з Баранавічаў, пакуль зрабілі аналізы вады. Потым толькі нарэзалі дзірак і ўставілі чарот. Але было ўжо позна», – распавялі рыбакі Belsat.eu.

Начальнік Нясвіжскай раённай інспекцыі Менскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Юрый Грынкевіч у каментары Belsat.eu прызнаў наяўнасць толькі невялікага замору ў горадзе.

«Адзінкавыя асобіны пайшлі, але не сказаць, каб такая пагалоўшчына была, як у Лідзе. Натуральны працэс – цяпер, напэўна, паўсюль па рэспубліцы», – адзначыў суразмоўца.

Паводле яго, перадусім гінуць вялікія рыбы, замор малых незаўважаны. Прычыны гэтага зараз высвятляюцца пры ўдзеле навукоўцаў. Юрый Грынкевіч таксама паведаміў, што з 15 студзеня рабіліся ўсе меры, каб не дапусціць замору.

Пры гэтым ён зняпраўдзіў інфармацыю пра вываз 3 тон дохлых рыбін, звінаваціўшы ў яе распаўсюдзе нядобразычліўцаў.

Што тычыцца замору рыбы ў Лідскім раёне, дык ён здарыўся яшчэ ў лютым. Інцыдэнт адбыўся ў адным з балотаў каля вёскі Філонаўцы. Па інфармацыі тэлеканалу АНТ, прычынай гібелі рыбы быў прызнаны недахоп кіслароду.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...