80 гадоў таму былі расстраляныя больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлектуальнай эліты. Як змяніла краіну і людзей «чорная ноч»? Што павінна адбыцца, каб трагедыя не паўтарылася — пакаянне ці пакаранне? Чаму варта правесці «ноч паэтаў» у Курапатах?

Абмяркоўваюць у Зоне Свабоды дырэктар беларускай Свабоды, даследчык гісторыі рэпрэсій Аляксандар Лукашук, пісьменнік і гісторык Сяргей Абламейка, складальнік «Картатэкі Сталіна», пісьменнік Сяргей Дубавец і вядучая Ганна Соўсь.

Свабода прапануе фрагмэнт дыскусіі.

Ганна Соўсь: Аляксандар Лукашук, напачатку 1990-х вы былі сябрам камісіі Вярхоўнага Савету Беларусі па правам ахвяраў палітычных рэпрэсій, працавалі ў архівах КДБ, даследавалі канкрэтныя гісторыі як ахвяраў, так і катаў. І ня толькі. У вашай кнізе «За кіпучай чэкісцкай работай» асобны раздзел прысвечаны таму, як палілі кнігі. Ці была бы Беларусь іншай краінай, каб тады не былі знішчаныя найлепшыя прадстаўнікі беларускай эліты? Як змяніла нас усіх тая «чорная ноч»?

Аляксандар Лукашук: Сяргей Дубавец быў рэдактарам гэтай кнігі. Яна выйшла 20 гадоў таму ў 1997 годзе. За некалькі месяцаў да расстрэльнай ночы выйшаў загад Галоўліта, загад 33, у якім прадпісвалася проста спальваць літаратуру. Там было больш за 420 пазыцый, і ў больш чым 50 стаяла толькі прозвішча і пазнака «усе кнігі». Значыць усе кнігі гэтага аўтара, любыя, дзе б яны не знаходзіліся, трэба было канфіскаваць і спаліць. Я зачытаю спіс аўтараў, у каго было загадана спаліць усе кнігі.

Астроўскі, Аляхновіч, Баранавых, Багун, Багдановіч, Бабарэка, Баліцкі, Воўк-Левановіч, Вольны, Валабрынскі, Гарэцкі, Гарун, Глыбоцкі, Доўнар-Запольскі, Дубоўка, Дзяржынскі, Друшчыц, Даўгяла, Дарожны, Дудар, Дзякаў, Знаёмы, Звонак, Зарэцкі, Каваль, Куніцкі, Кляшторны, Лёсік, Луцкевіч, Ластоўскі, Ліхадзіеўскі, Маракоў, Мікуліч, Некрашэвіч, Півавараў, Пушча, Прышчэпаў, Пічэта, Ракіта, Смоліч, Сташэўскі, Скрыган, Таўбін, Хадыка, Цьвікевіч, Чарот.

Вялізарная колькасць творчасці, Боскага дару, які атрымаў чалавек на сваёй мове, на сваёй зямлі, аказалася, што гэты неверагодны скарб знік. Я кажу зараз пра людзей, якія былі знішчаныя, у тым ліку гэта і імёны тых людзей, якія былі знішчаныя ў ноч 29 кастрычніка. І прачытаю яшчэ адзін спіс, што трэба было знішчаць.

Чытайце па тэме:  НКУС забіваў у Курапатах, нават калі нацысты ўвайшлі ў Мінск

Беларуская навуковая тэрміналёгія, Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналёгіі, Слоўнік хімічнай тэрміналёгіі, Слоўнік тэрміналёгіі грамадазнаўства, Слоўнік матэматычнай тэрміналёгіі, Слоўнік граматычна-лінгвістычнай тэрміналёгіі, Слоўнік бугальтарскай тэрміналёгіі, Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва, Геаграфічныя, касмаграфічныя тэрміны і назвы нябесных цел, Геалёгія, мінэралёгія, крышталяграфія, Батаніка агульная і спэцыяльная, Тэрміналёгія лёгікі і псыхалёгіі.

Апроч усяго знішчаліся вельмі дакладна словы, мова, цэлыя накірункі развіцця нацыянальнай, беларускай, дакладнай і гуманітарнай адукацыі.

Ганна Соўсь: Сяргей Абламейка, у гэтыя дні адбываецца шмат жалобных імпрэзаў — сустрэчы з народжанымі ў ГУЛАГу, песні на вершы рэпрэсаваных паэтаў, чытанне імёнаў ахвяраў, ланцуг памяці ля КДБ, ноч паэтаў у Курапатах. Свабода рэалізавала ўнікальны праект «Расстраляныя літаратары», цягам апошняга месяцу мы публікавалі ўнікальныя матэрыялы пра забітых пісьменнікаў і паэтаў. Але ня толькі кастрычнікам 1937-га, ня толькі «чорнай ноччу» абмяжоўваюцца страты, якія панесла Беларусь. Сяргей, што можна цяпер зрабіць, каб аднавіць перарваную культурную, інтэлектуальную традыцыю, тое, што было спынена, знішчана ў тыя часы?

Сяргей Абламейка: Патрэбныя некалькі рэчаў. Па-першае, асэнсаваць сапраўдны маштаб рэпрэсій і нашых стратаў. Гэта трэба для катарсісу, для ачышчэння, асабліва тых галоваў, якія ўсё яшчэ затлумленыя савецкай, камуністычнай прапагандай. Вы вельмі слушна сказалі, што ня толькі кастрычнікам 1937 году, і ня толькі 37-м годам абмяжоўваюцца рэпрэсіі супраць беларускага народу і яго інтэлігенцыі.

Рэпрэсіі, па сутнасці, амаль не спыняліся з моманту абвяшчэння «чырвонага тэрору» у верасні 1918 году. Скажам, хто сёння ведае пра рэпрэсіі супраць беларускіх эсэраў у 1922-23 гадах, калі было арыштавана і выслана больш за 800 чалавек? Або хто ведае пра 500 сялянскіх паўстанняў за зямлю, якія адбыліся ў БССР да 1925 году і былі жорстка падаўленыя? А арышт і высылка 106 найвыдатнейшых прадстаўнікоў беларускай культурнай і навуковай эліты ў 1930 годзе?

Чытайце па тэме:  У Курапатах група ў масках напала на актывiстаў (відэатрансляцыя)

А што трэба зрабіць, каб вярнуць? Страчанае, вядома, ня вернеш. Ня вернеш пачуццяў, эстэтыкі, рэфлексіі, ведаў і талентаў забітых мастакоў, паэтаў, пісьменнікаў і навукоўцаў. Але можна стварыць умовы для нараджэння і развіцця новых талентаў. І тут, на жаль, без дапамогі дзяржавы не абыдзешся. Нідзе ў свеце нацыянальныя навука, культура і мастацтва ня могуць нармальна развівацца без дапамогі дзяржавы, і тым больш ня могуць нармальна развівацца там, дзе дзяржава перашкаджае — знішчае часопісы, газэты, выдавецтвы, акадэмічныя інстытуты, зразае фінансаванне.

А мы ўсе, хто адчувае і ўсведамляе патрэбу развіцьця культуры павінны нястомна працаваць, памятаючы, што гэта наша асабістая адказнасць перад нябёсамі і перад сваім народам.

Ганна Соўсь: Урочышча Курапаты пад Менскам — містычнае месца. Я была там з паўтысячы разоў, Курапаты ў пэўнай ступені вызначылі і мой лёс. Я часта чула, калі старыя жанчыны, вельмі стомленыя ці расстроеныя, прыходзілі ў Курапаты і казалі: «Стала лягчэй дыхаць, я супакоілася». Уявіце, лягчэй дыхаць на месцы расстрэлаў… У Курапатах адбываюцца рытуальныя, сымбалічныя рэчы і з’явы — 8-месячная вахта памяці 16 гадоў таму, сёлета адчайная абарона Курапатаў, цяпер гэтая ноч паэтаў у лесе, у цемры сярод крыжоў і знічоў. Якую энэргію, які сакральны змест нясуць гэтыя магілы? І ці для ўсіх нясуць?

Сяргей Дубавец: Я думаю, што павінна ўздзейнічаць. Што такое містычнае ўздзеянне? Гэта калі нешта неабдымнае не змяшчаецца ў нечым малым, як Бог у царкве. Так Курапаты — гэта велічэзная пакута, яна не змяшчаецца ў гэтым ляску. І тут і ўзнікае гэтая невыноснасць у чалавеку, невыносная лёгкасць быцця, як казаў Кундэра. Але як да гэтага ставіцца і як гэтую містыку захоўваць?

Чытайце па тэме:  Супраць абаронцаў Курапатаў завялі крымінальную справу

Калісці я напісаў эсэ, дзе даследаваў скразны матыў творчасці Янкі Купалы. І скразны вобраз — гэта курган. Дзясяткі вершаў і паэмаў прысвечаныя тэме кургана, то бок магілы. Ёсць паэма «Сон на кургане», дзе герой засынае на магіле фактычна, і ён у сне бачыць усё,што адбываецца ў гэтай магіле. А там князі, старажытныя рытуалы, скарбы заклятыя і не заклятыя. Там усё на свеце, у тым ліку і гэтыя знішчаныя паэты. Там кнігі, пра якія казаў Аляксандар Лукашук.

Мы ўсе спім на кургане, і адтуль ідзе гэтая праўдзівая беларушчына, якая была пад корань вынішчаная ў сталінскія часы. Я думаю, што ў гэтым ёсць містычнасць і звычайная чалавечая, калі ты ідзеш каля месца неверагоднай трагедыі, а вакол цябе прыгажэнны беларускі лес. І на гэтым кантрасце і ўзнікае сьвятло ў душы чалавека, ён разумее, як можа быць страшна і як здорава, што зараз ня так страшна.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.