Балаш Ярабік, палітоляг, экспэрт Фонду Карнэгі адказвае на пытанне, ці паверыць Захад Лукашэнку, які заяўляе «мы ня з Захадам супраць Расеі, мы не з Расеяй супраць Эўропы», заяўляе, што ўнутраныя перамены ў Беларусі — у інтарэсах самой улады, і тлумачыць, чаму і як беларуская апазыцыя страціла манаполію на сувязі з Захадам.

Балаш Ярабік (Balázs Jarábik)

 

Менскі форум паказаў, што ніякага даверу паміж Расеяй і Захадам няма

— Падзяліцеся спачатку сваімі ўражаннямі ад выступу на форуме Аляксандра Лукашэнкі. Што вам падалося самым важным, што б вы палічылі неабходным адзначыць?

— Я думаю, гэта вельмі важна, што прэзыдэнт Лукашэнка першы раз, калі не памыляюся, выступіў на такой канфэрэнцыі. Гэта будзе паказана па дзяржаўнай тэлевізіі, і гэта вельмі важны чыннік. Гэта пэўны доказ таго, што адносіны паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасцю пачынаюць мяняцца. Я думаю, гэта вельмі важны мэсыдж.

З іншага боку, было відаць, асабліва ў той сэкцыі, дзе выступаў прэзыдэнт, што паміж НАТО і Расеяй няма ніякага даверу. Канечне, дыпляматычна, але абвінавачвалі адзін аднаго. Ані кроплі даверу не было відаць. І Беларусь якраз хацела ўвесці нейкі мэханізм даверу, каб вырашаць праблемы, якія немагчыма вырашыць без вялікіх гульцоў.

— «Усё, што казаў Мікалай Мікалаевіч (Бардзюжа), — праўда. Тое, што казаў прадстаўнік НАТО — таксама праўда. Гэта факт, нікуды не падзенесся», — сказаў Лукашэнка. Па-вашаму, наколькі гэтая пазыцыя — і вы маеце рацыю, і вы маеце рацыю — цяпер ёсць афіцыйнай беларускай палітыкай?

— Я думаю, гэта звязана з тым, што ўкраінскі крызіс даў Беларусі шанец паправіць імідж. І цяпер ідзе рэбрэндынг Беларусі на фоне ўкраінскіх падзей як дзяржавы, якая міратворца і можа рэгуляваць гэты канфлікт. Беларускія чыноўнікі кажуць, што Менск становіцца донарам рэгіянальнай бяспекі. Я думаю, гэта надта моцныя словы.

Але сапраўды, у Беларусі ёсць шанец на рэбрэндынг свайго іміджу ў рэгіянальным маштабе, у Эўропе. Калі разам з гэтым будуць адбывацца і ўнутраныя змены, тыя эканамічныя і палітычныя трансфармацыі, якія зробяць Беларусь іншай краінай.

— Лукашэнка сказаў — Беларусь не з Расеяй супраць Эўропы і не з Эўропай супраць Расеі. Для Захаду гэта ўжо прагрэс — ці гэта ўспрымаецца толькі як рыторыка? У Захаду ёсць нейкія аб’ектыўныя падставы верыць гэтым словам? Бо Беларусь жа — вайсковы, палітычны і эканамічны саюзнік Расеі.

— Я думаю, што на Захадзе пачынаюць звяртаць на Беларусь больш сур’ёзную ўвагу. Верыць гэтым словам пакуль вельмі цяжка, бо Беларусь — саюзнік Расеі. І ня можа быць па-іншаму, пра гэта і Лукашэнка сёння казаў. Вайсковы і эканамічны саюз з Расеяй для Беларусі вельмі важны.

Вельмі істотнае пытанне — унутраная трансфармацыя Беларусі. Менск хоча, каб гэта адбывалася тэмпам, якім беларускія ўлады могуць кіраваць.

Разам з рэбрэндынгам іміджу Беларусі магла б адбывацца і ўнутраная трансфармацыя ў краіне

— Але ж пазыцыя беларускіх уладаў заўсёды была наступная — «адчапіцеся ад нас з гэтымі ўнутранымі пераменамі. Самае галоўнае — каб мы геапалітычна былі не такія прарасейскія, як раней».

— Тут вельмі важнае пытанне даверу паміж Менскам і Захадам, які пакуль меншы, чым Беларусь хацела б. З іншага боку, гэты давер ужо большы, чым у адносінах Захаду і Расеі. Таму разам з рэбрэндынгам іміджу Беларусі магла б адбывацца і ўнутраная трансфармацыя ў краіне.

Калі раней усё было адназначна — «апошняя дыктатура ў Эўропе», самаізаляваная краіна, — то цяпер аказваецца, што ня ўсё так. І гэта дае Беларусі шанец прадставіць сябе па-іншаму.

— Вы ведаеце, што ў адзін дзень з Менскім форумам адбыўся і форум «Свабоду палітвязням», дзе гучалі заклікі да таго, каб госці Менскага форуму не забывалі пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

— Вельмі істотна, што гэта адбылося. Правы чалавека — гэта вельмі лімітуючы чыннік у адносінах Захаду і Беларусі. Гэта паказвае, што ёсць сэктары, дзе змены ідуць даволі маштабна, і ёсць сэктары, дзе зменаў амаль не відаць. І правы чалавека — гэта адзін з іх.

— Беларуская апазыцыя апошнім часам нярэдка выказвае ў дачыненні да Захаду пэўныя нездавальненні і нават крыўду. Можа, не афіцыйна, «не для прэсы», але гучаць заявы, што Захад ледзь ня кінуў беларускую апазыцыю, забыў пра яе і пераключыўся толькі на дыялёг з афіцыйным Менскам. Ці згодныя вы з такім меркаваннем?

— Якраз у гэтыя дні лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі акурат знаходзяцца ў Вашынгтоне з даволі шырокай праграмай. Быў час, калі апазыцыя мела манаполію на сувязі з Захадам. Гэты час прайшоў.

З іншага боку, чаканні Захаду адносна апазыцыі, што яна можа змяніць сытуацыю ў краіне шляхам выбараў, таксама не ажыццявіліся. На Захадзе разумеюць, што апазыцыя — гэта важна, але важна і мець афіцыйныя кантакты, каб праз дыялёг уплываць на сытуацыю. Вось тут апазыцыя застаецца дастаткова моцным акторам. Але ня мае ўжо манаполіі на стасункі, якая была яшчэ пяць гадоў таму.

Польшча і Літва — галоўныя краіны, якія ўплываюць на адносіны ўсяго Эўразвязу з Менскам

— Палітыка «нармалізацыі» адносінаў Менску з Захадам, якая пачалася ў 2015 годзе, спачатку прасоўвалася даволі актыўна. Але ёсць уражанне, што апошнія месяцы назіраецца нейкая паўза, няма нейкіх новых крокаў насустрач. Што трэба зрабіць бакам, каб ажывіць гэты працэс?

— Як я сказаў напачатку, украінскі крызіс даў Беларусі магчымасць, і Менск гэта вельмі ўмела выкарыстаў. На сёння ў Беларусі даволі напружаныя адносіны з суседзямі — Польшчай і Літвой (з Польшчай у значна меншай ступені). Але гэта галоўныя краіны, якія як сябры Эўразвязу ўплываюць на адносіны ўсяго Эўразвязу зь Менскам.

Ёсць пункты, якія не мяняюцца — палітычная сыстэма, правы чалавека — і яны ўплываюць на тое, што дагэтуль не падпісанае базавае пагадненне паміж Менскам і Брусэлем. Пакуль гэтага не адбылося, будзе адчуванне, што Беларусь дагэтуль перш за ўсё саюзнік Расеі. І адносіны з Захадам — гэта адносіны дэ-факта, проста на фоне ўкраінскага крызісу, а не дэ-юрэ.

— Гэтае пагадненне, Прыярытэты партнэрства, на думку экспэртаў, не заключаецца толькі з прычыны адносінаў Літвы ў звязку з Беларускай АЭС, ці ёсць нейкія іншыя прычыны?

— Я думаю, самае галоўнае — гэта пазыцыя Літвы. Але ня толькі. Няма пакуль пэўнага ўзроўню даверу ў адносінах. Той перапынак, які быў у адносінах, пакуль не забыты. І калі рэбрэндынг іміджу Беларусі супадзе з унутранай трансфармацыяй, то гэта будзе станоўчым крокам. Не хачу казаць, што Менск гэта абавязаны рабіць. Але думаю, што гэта супадае з інтарэсамі беларускіх уладаў. Беларусь хоча рабіць гэта так, каб улады працягвалі кантраляваць сытуацыю.

У эканоміцы мы бачым ужо некаторыя крокі, а ў палітычнай сфэры ад Менску варта чакаць найперш змены стаўлення, а ня змены палітычнай сыстэмы.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: