Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў адзначае, што канфрантацыя — адзіны шлях для сённяшняй Расеі прымусіць іншых з сабой лічыцца; разважае, як Крэмль можа паспрабаваць прыструніць Беларусь, і тлумачыць, што азначае, калі «Масква любіць вушамі».

Ані эканамічна, ані тэхналягічна Расея ня можа канкураваць з развітымі краінамі

— Выбары прэзыдэнта Расеі нібыта цалкам фармальная падзея, бо пераможца ў іх быў загадзя вядомы. Але для палітычных аналітыкаў гэта было пэўнай вяхой, бо многія аглядальнікі лічаць, што пасля выбараў палітыка Крамля набудзе пэўныя новыя рысы. Ці згодныя вы з тымі, хто кажа, што новы тэрмін Пуціна — гэта будзе яшчэ большае процістаянне з Захадам, большы ізаляцыянізм ад астатняга свету?

— Машына палітычных тэхналёгіяў і маніпуляцыяў у Расеі дазваляе арганізоўваць амаль любы працэнт падтрымкі, неабходны гэтаму палітычнаму рэжыму. Таму я ня думаю, што выбары нейкім істотным чынам будуць мяняць той курс Расеі, які быў выбраны Пуціным, і моцна задэкляраваны падчас ягонай знакамітай Мюнхэнскай прамовы. Дзе ён паставіў задачу вяртання Расеі ў сусветныя лідэры, і потым мы бачым усе дзеянні ад Грузіі да Ўкраіны і Сырыі.

Гэта такая агрэсіўная палітыка, накіраваная на абвастрэнне канфрантацыі, і такім шляхам Расея прымушае размаўляць з сабой. І ў Масквы няма ніякіх іншых магчымасцяў рэалізаваць гэтую місію, дэкляраваную Пуціным, акрамя агрэсіўных вайсковых дзеянняў, правакаваннем канфліктаў, нагнятаннем супрацьстаяння з Захадам. Бо ані эканамічна, ані тэхналягічна Расея ня можа канкураваць з развітымі краінамі. Таму гэта застаецца для іх адзіным шанцам заняць тое месца, якое Пуцін бачыць для Расеі на міжнароднай арэне.

Крэмль можа паспрабаваць прыструніць Беларусь

— У гэтым сэнсе нас, вядома, больш цікавіць, як гэтая старая палітыка можа відазмяніцца ў стаўленні Крамля да Беларусі. Магчыма, кіраўніцтва Расеі будзе патрабаваць ад свайго найбліжэйшага саюзніка стаць у адзін антызаходні шэраг. Што на гэта можа адказаць Менск, як ён можа адбівацца ад такога ціску?

— Відавочна, што Расея будзе патрабаваць большай ляяльнасці ад Беларусі. Падчас электаральных пэрыядаў, важных для аўтарытарных рэжымаў, яны звычайна не ідуць на абвастрэнне канфліктаў, каб не ствараць нэгатыўны для сябе імідж. Але пасля такіх пэрыядаў яны могуць ісці на пэўныя крокі.

Крэмль можа паспрабаваць прыструніць Беларусь. Але сымпатыі расейскага грамадзтва да Беларусі даволі вялікія. Спрэчкі паміж Расеяй і Беларусьсю часта нэгатыўна адбіваюцца на лідэрстве Расеі ў розных інтэграцыйных аб’яднаннях. Таму Крэмль выбірае для канфліктаў такія пэрыяды, калі ёсць магчымасці і рэсурсы ціснуць. І думаю, што такі момант будзе, бо Расея назапасіла даволі шмат нявырашаных канфліктаў.

Па-першае, Беларусь вельмі актыўна выкарыстоўвае расейскі рынак для рэакспарту санкцыянаваных тавараў. Па-другое, Менск ня вельмі ляяльна ставіцца да пэўных спадзеваў расейскага капіталу на засваенне эфэктыўных беларускіх прадпрыемстваў. І, па-трэцяе, Беларусь не заўсёды ляяльная да расейскіх геапалітычных крокаў, не заўсёды падтрымлівае тую агрэсіўную палітыку, якую вядзе Расея.

Вядома, Расея хацела б выправіць гэтую сытуацыю, зрабіць Беларусь больш ляяльнай, і гэта будзе рабіцца. Але далей трэба разгледзець магчымасці і сродкі, якія ёсць у Расеі. Я думаю, што каб пуцінскі рэжым верыў у тое, што Беларусь можна анэксаваць без крыві, без супраціву на гэтай тэрыторыі — то яны б гэта зрабілі. Але ў іх няма веры, што такая анэксія не прывядзе да дэстабілізацыі ў Беларусі і да моцнага сабатажу ўнутры самой Беларусі.

І яны разумеюць, што калі такое пачынаецца, то выпраўленне сытуацыі патрабуе значных рэсурсаў. І ці не прасцей мець даволі ляяльную адміністрацыю Лукашэнкі, які ўсё ж рэалізуе значную частку расейскіх інтарэсаў тут, чым імкнуцца да наўпроставага ўсталявання кантролю, дзе ім давядзецца за ўсё плаціць.

— Вы разважаеце рацыянальна і лягічна, што і павінен рабіць прафэсійны палітоляг. Але ці ня варта пакідаць у гэтых развагах пэўнае поле для ірацыянальных і нават контрапрадуктыўных крокаў, якія нярэдка здараюцца ў расейскай замежнай палітыцы? Ці можна разглядаць імавернасць такога імпульсіўнага і ірацыянальнага кроку Крамля ў дачыненні Беларусі?

— Безумоўна, нельга выключаць цалкам ірацыянальную лінію паводзінаў ад «шырокай рускай душы». Але ж я ня думаю, што яны ня будуць пралічваць пэўныя наступствы такіх «імпульсіўных крокаў». Бо любая спроба агрэсіі супраць Беларусі падарве пэўны кансэнсус, які Расея мае на прасторы Эўразійскага саюзу.

Бо як, напрыклад, Казахстан успрыме агрэсіўныя дзеянні супраць Беларусі? Набыць Беларусь праз нейкія нелегітымныя дзеянні — гэта значыць страціць Казахстан. І таму кошт ўтрымання суседзяў вельмі ўзрастае. Хоць, вядома, нельга ніколі выключаць ірацыянальных крокаў Масквы.

Я думаю, што, хутчэй за ўсё, Расея будзе спрабаваць адабраць частку сувэрэнітэту гэтых краінаў (Казахстан, Армэнія, Беларусь) праз наднацыянальныя органы Эўразійскага саюзу.

Магчымая большая ўніфікацыя правілаў, спроба вярнуцца да ідэі ўвядзення адзінай валюты, інтэграцыя фінансавых і эканамічных сыстэмаў і гэтак далей.

Лукашэнка вельмі добра адчувае, што Расея «любіць вушамі»

— Калі глядзець на беларускую ўнутраную палітыку з гледзішча прысутнасці Расеі, то мы назіраем гэтыя дні пэўны паварот у стаўленні беларускай улады да гадавіны БНР. Адбыліся затрыманні заяўнікаў шэсця, перанос устаноўкі памятнай дошкі ў гонар БНР. Магчыма, чыноўнікі проста рэагуюць на апошнія выказванні Аляксандра Лукашэнкі. Ці бачыце вы тут замежнапалітычны матыў — паказаць Расеі, што ўлады Беларусі ня будуць надта далёка заходзіць у прызнанні нацыянальных каштоўнасцяў, якія Расея можа ўспрымаць варожа?

— Я думаю, гэты складнік моцна прысутнічае ў замежнапалітычнай рыторыцы Менску — улік інтарэсаў Расеі і арыентацыя на тое, што яны там падумаюць. Лукашэнка вельмі добра адчувае, што Расея «любіць вушамі». Таму можна рабіць амаль што заўгодна, але гаварыць публічна нельга.

Таму Лукашэнка будзе падтрымліваць фактычна некаторыя рэчы, звязаныя з незалежнасцю Ўкраіны, а публічна казаць, што Крым дэ-факта расейскі. Тое самае і ўнутры краіны. Можна дазваляць прызнанне БНР, рабіць крокі ў беларусізацыі, але казаць трэба ўсё роўна, што мы стаім на варце расейскіх інтарэсаў, што мы браты назаўсёды і гэтак далей. І гэтая гульня вельмі добра гуляецца.

Вядома, для ўладаў Беларусі прызнанне БНР і ўвогуле крокі ў беларусізацыі звязаныя з пэўнай небяспекай таго, што ў гэтым беларускамоўным асяроддзі канцэнтруецца значная колькасць тых, хто процістаіць гэтаму рэжыму. Таму даванне большай свабоды ім — гэта даванне большай моцы сваім праціўнікам. Таму рэжым вельмі асцерагаецца і скарыстоўвае гэтыя сытуацыі для таго, каб падзяляць і ўладарыць.

У сытуацыі са святкаваннем Дня Волі ўладам неабходна было пасварыць дзве часткі апазыцыі, стварыць моцную канфліктную сытуацыю. Яны спрабуюць выкарыстаць больш памяркоўныя сілы, каб іх рукамі задушыць больш радыкальную частку старой апазыцыі.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: