Ніна Жызнеўская, маці Героя Ўкраіны Міхася Жызнеўскага, памерла ў шпіталі інвалідаў вайны на 61-м годзе жыцця, паведаміла Свабодзе ейная дачка Наталля. Напярэдадні Ніну Васілеўну адвезлі ў шпіталь на «хуткай» – жанчыне стала блага, была высокая тэмпэратура.

Гэта адбылося менш як праз месяц пасля таго, як пахавалі ейнага мужа, 73-гадовага Міхаіла Жызнеўскага. Міхаіл Пятровіч раптоўна памёр 8 красавіка, пахаваны побач з сынам у вёсцы Сцяг Працы, што пад Гомлем.

Яшчэ 17 лютага амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім адмыслова прыехаў у Гомель, каб перадаць Ніне Жызнеўскай ад імя ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі інвалідны вазок. Яна мела праблемы з нагамі і з сэрцам яшчэ чатыры гады таму.

Міхась Жызнеўскі стаў адной з першых ахвяраў сутыкненняў удзельнікаў Эўрамайдану з міліцыяй. Гэта адбылося раніцай 22 студзеня 2014 году, калі «Бэркут» пайшоў у наступ ва ўрадавым квартале на вуліцы Грушэўскага, разбіраючы барыкады і затрымліваючы людзей. Першым застрэлілі ўкраінскага грамадзяніна армянскага паходжання Сяргея Нігаяна, другім — Міхася Жызнеўскага. У той дзень загінулі пяць чалавек, і чацвёра з іх — у выніку агнястрэльных раненняў у грудзі, шыю і галаву. Каля 200 пратэстоўцаў атрымалі раненні.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: