19 жніўня адляцела ў вечны вырай беларуская душа Алесі Фурс (Умпіровіч). Дзеля прысягі на вернасць Беларусі яна намалявала «Пагоню», за што атрымала 25 гадоў канцлягераў. Вярнуцца на радзіму змагла толькі ў 1982.

Яе няма, ляціць яе Пагоня

Прозвішча Фурс яна займела па мужу Антосю, з якім пабралася шлюбам ужо пасля вызвалення з лягеру. Абое былі зняволеныя па адной і той жа справе Саюзу беларускіх патрыётаў, толькі Антось быў сябрам Глыбоцкай філіі СБП, а Алеся – Пастаўскай. Пабраліся, вярнуўшыся на радзіму, у 1956-м, але на працу нідзе іх дома не прынялі, і яны з’ехалі ў Казахстан. Як сумна потым жартавала спадарыня Алеся, з’ехалі да сваіх, бо там і начальнікі, і падначаленыя амаль усе – былыя палітзняволеныя. І толькі выйшаўшы на пэнсію вярнуліся ў Беларусь.

Пасяліліся ў Паставах, купіўшы палову маленькай хаткі. А неўзабаве даведаліся, што ў другой палове той хаткі жыў таксама былы лягернік, але не зняволены, а наглядчык. Ён працягваў «служыць», усяляк трэціруючы сямʼю Фурсаў, аж пакуль ня ўбраўся ў сілу іх малодшы сын Юрась, цяпер слынны майстар-каваль.

У 1988-м першы раз у гасціннай паўхатцы Алесі і Антося Фурсаў мы пачулі пра іх драматычны лёс. Калі глядзелі на іх светлыя твары, чулі іх бездакорную беларускую мову, проста не ўкладвалася ў галаве, што гэтыя людзі прайшлі праз пекла і засталіся такімі ж сапраўднымі патрыётамі, якімі былі зусім яшчэ маладымі, амаль дзецьмі, калі іх засудзілі. Адзіная віна іх перад савецкім рэжымам – гэта іх шчырая любоў да ўсяго свайго, роднага. Зямлі, яе гісторыі, мовы, культуры. Віна пацягнула на 25 гадоў канцлягераў.

Чытайце па тэме:  БНФ раздасць студэнтам сшыткі з "Пагоняй"

Зрэшты, адзіная канкрэтная віна ўсё ж была – гэта малюнак Пагоні. Навучэнка Пастаўскае пэдагагічнае вучэльні Алеся Ўмпіровіч мела мастацкія здольнасці, і менавіта яна намалявала нацыянальны герб, на якім сябры СБП кляліся ў вернасці Беларусі.

Мяне асабіста ў расповедзе спадарыні Алесі больш за ўсё ўразіў эпізод на чыгуначнай станцыі ў Полацку, калі яе ўжо ў эшалёне з іншымі вязьнямі везлі на ўсход. Цягнік спыніўся, канваіры неяк адвярнуліся і яна, маленькая, худзенькая, выслізнула праз няшчыльныя дзьверы. І – разгубілася. Першая думка была – уцякаць. Але куды? Нават калі й не застрэляць, нават калі пашанцуе, і яна недзе здолее схавацца, то як яна без дакумэнтаў зможа жыць? І яна пачала ўціскацца назад у шчыліну дзьвярэй вагона. Варта яе адцягвае, маўляў, куды ты, дзяўчынка, гэта не пасажырскі цягнік. А яна ім тлумачыць, што ў гэтым цягніку і ехала. І толькі калі тыя спраўдзілі прозвішча па спісах, упусцілі яе ў той вусцішны вагон.

А яшчэ ўразіла гісторыя пра батоны. Ні прадукту такога, ні тым больш слова ў сямʼі заходнебеларускіх настаўнікаў Умпіровічоў ня ведалі. У будні быў спажыўны аржаны хлеб, а ў святы – духмяныя булкі з макам, разынкамі, цынамонам. У лягеры ж жанчыны з-пад савецкай улады часта марылі пра тое, як вызваліўшыся, будуць частавацца батонамі. Тыя расповяды запалі ў душу заходнебеларускай дзяўчыны і яна, атрымаўшы вольную, зайшла ў першую ж краму, каб купіць тых містычных батонаў. Ды адразу і папрасіла іх, як мага больш. Якое ж было расчараваньне, калі прадавачка выклала на прылавак шэрыя ды цвёрдыя савецкія «прысмакі».

Чытайце па тэме:  Кадетов, сфотографировавшихся в майках с "Пагоняй", отчисляют

Спадарыня Алеся распавядала гэтую гісторыю, нязменна падкрэсліваючы ўсю розніцу ў сыстэме каштоўнасцяў сваіх і савецкіх, у тым ліку і кулінарных. Сама яна была надзвычайнай гаспадыняй. І гэта мяне таксама падзіўляла. Дзесяцігоддзямі ня меўшы ўдосталь элемэнтарных прадуктаў, адарваная ад роднага асяроддзя, яна захавала вернасць усім нацыянальным кулінарным традыцыям. Хоць з задавальненнем гатавала і па рэцэптах былых лягерных сябровак з іншых народаў. Упершыню ў яе я пакаштавала, да прыкладу, мяса па-карэйску.

А як бездакорна яна падбірала ўборы ў бел-чырвона-белых танах! Тут прыроджаны густ ёй ніколі ня здрадзіў. Атрымаўшы пасьля вызвалення завочную мастацкую адукацыю, яна пакінула больш сотні жывапісных твораў і безліч малюнкаў.

Усе сябры спадарыні Алесі маюць маляваныя ёю Пагоні. А яна ў сваім сэрцы панесла ў нябесную Беларусь гэты вечны сымбаль незалежнасці і свабоды.

Валянціна Аксак  Радыё Свабода

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.