У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная. Супрацоўнікі польскай Дзяржаўнай паліцыі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, да апошняга моманту спрабавалі выконваць свае абавязкі. Шмат з іх было забіта прасавецкі настроенымі элементамі. Іншыя, хто не паспеў эвакуявацца, трапілі ў рукі савецкіх уладаў.

Польскі паліцыянт

Важную ролю ў жыцці Заходняй Беларусі адыгрывала польская Дзяржаўная паліцыя. У яе задачы ўваходзіла не толькі барацьба з крыміналам, але і кантроль за дзейнасцю палітычных арганізацый апазіцыйнага кшталту, і асабліва — супрацьстаянне распаўсюду камуністычнага руху.

Ад палітыкі да барацьбы са шпіёнамі

Яшчэ падчас польска-бальшавіцкай вайны ў 1919 годзе міністр унутраных спраў Другой Рэчы Паспалітай выдаў распараджэнне аб стварэнні Навагрудскай і Палескай акруговых камендатур паліцыі. Галоўнымі задачамі польскіх паліцэйскіх была падтрымка бяспекі, спакою і публічнага парадку на падкантрольных тэрыторыях. Структура даваеннай паліцыі складалася з Галоўнай камендатуры ў Варшаве, на чале якой, зразумела, стаяў галоўны камендант. Яму былі падначаленыя ваяводскія камендатуры, а тым — павятовыя. Ніжэй знаходзіліся камісарыяты (у буйных гарадах) і пастарункі (у вёсках, невялікіх мястэчках, на чыгуначных станцыях).

Польскі паліцыянт, Заходняя Беларусь, 1934 г.

 

Палітычнымі справамі на тэрыторыі Заходняй Беларусі займаўся аддзел IVD. У Навагрудскім павеце яго прадстаўніцтва з’явілася ўжо ў красавіку 1921 года. Гэтая структура павінна была праводзіць інфармацыйна-выведвальную і следчую дзейнасць дзеля таго, каб прадухіліць антыдзяржаўныя выступленні. У яе склад уваходзілі тры аддзелы: інфармацыйна-справаздачны, рэгістрацыйна-следчы і адміністратыўны.

Аддзел IVD меў цэлы штат агентаў. Паступова ў яго абавязкі ўвайшла справа контрвыведкі. У гэтым сэнсе вялікая ўвага надавалася дзейнасці савецкай агентуры. У 1923 годзе ў паўночна-ўсходніх ваяводствах Польшчы дзейнічала 3 аддзяленні IVD. У Брэсце-на-Бугу аддзел узначальваў аспірант (падпаручнік) Чэслаў Нестаровіч, у Наваградку — камісар (капітан) Леанард Залуска, у Вільні — камісар Міхал Алендзкі. У тым жа годзе была створана Інфармацыйная служба, якая прыняла справы ў аддзелу IVD. Яна вывучала антыдзяржаўную дзейнасць, накіраваную на падрыў тэрытарыяльнай цэласнасці польскай дзяржавы: збірала інфармацыю пра настроі насельніцтва і сітуацыю ў рэгіёне, на падставе чаго потым рабіліся справаздачы. Часамі паліцыянты перадавалі дадзеныя калегам з Другога аддзелу Генштаба Войска Польскага (выведкі).

Польскі паліцыянт з жонкай, Валожын

 

У чэрвені 1924 года замест Інфармацыйнай службы была створана Палітычная паліцыя. У яе задачу ўваходзіў усё той жа маніторынг жыцця ўсходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай і вылучэнне арганізацый і груп, чыя дзейнасць магла нанесці шкоду дзяржаве. «Канфідэнтамі», ці агентамі паліцыі, станавіліся прадстаўнікі розных сацыяльных груп: гараджане, сяляне, дзеячы палітычных партый і арганізацый. Праца «саксатаў» аплачвалася з бюджэту ваяводства.

Самі супрацоўнікі паліцыі на пачатку рэдка ажыццяўлялі працу «на месцах». Справа была ў тым, што большасць з іх не валодала беларускай і іншымі мясцовымі мовамі, і жыхары Заходняй Беларусі адразу выкрывалі агента. Аддзяленні гэтага органа існавалі ў Свянцянах, Дуніловічах, Глыбокім, Вілейцы, Нясвіжы, Стоўбцах, Століне, Лунінцу і Сарнах.

Абрам Хельдман

 

У 1924 годзе ўсходнія межы Другой Рэчы Паспалітай узялі пад ахову падраздзяленні Корпуса аховы памежжа, і значную частку выведвальнай працы паліцыя перадала гэтай структуры. Пры гэтым у задачу Палітычнай паліцыі ўваходзіў збор інфармацыі пра настроі насельніцтва ўсходніх ваяводстваў, частку якой перадавалі ў распараджэнне выведкі КАП. Дзякуючы гэтаму ў 1930 годзе на тэрыторыі Маладзечанскага павета выкрылі некалькі савецкіх шпіёнаў.

Праскоўя Дмітрук

 

Асаблівая ўвага звярталася на дзейнасць чальцоў Кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая імкнулася выклікаць на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў «рэвалюцыйную сітуацыю». Так, у пачатку 1930-х гадоў супрацоўнікі польскай паліцыі правялі шэраг аперацый па затрыманні чальцоў гэтай партыі. Тады ў іх рукі, сярод іншых, трапілі сакратар Пінскага акружнога камітэта КПЗБ Праскоўя Дзмітрук (была прысуджаная да 6 гадоў турэмнага зняволення), чалец КПЗБ Абрам Гендлер, якога абвінавацілі ў супрацоўніцтве з савецкай выведкай, і Фейга Мельман, якую абвінавацілі ў антыдзяржаўнай дзейнасці і прысудзілі да 7 гадоў турэмнага зняволення.

Фейга Мельман

 

Ворагі крымінальнага свету

Другой найважнейшай задачай польскай Дзяржаўнай паліцыі ва ўсходніх ваяводствах была барацьба з крымінальнымі злачынствамі. Дзеля гэтага пры акруговых камендатурах ствараліся следчыя аддзелы. У Палескім ваяводстве такія існавалі ў Брэсце, Пінску і Лунінцы. У Наваградскім ваяводстве — у Наваградку і Баранавічах. У Віленскім — у Вільні і Глыбокім. Пазней былі створаны следчыя аддзелы ў Вілейцы і Свянцянах. Варта адзначыць, што гэтыя структуры паліцыі займаліся не толькі расследаваннем злачынстваў, але і аналітычнай працай.

У 1926 годзе Палітычная паліцыя была ліквідавана, а яе функцыі перайшлі следчым Дзяржаўнай паліцыі. Праз год адбылася новая рэформа: у кожнай ваяводскай камендатуры быў створаны следчы дэпартамент, а ў Брэсце, Пінску, Наваградку, Баранавічах, Маладзечне, Глыбокім і Слоніме — следчыя аддзелы. У 1935 годзе следчы аддзел паліцыі быў створаны ў Лідзе.

Польскія паліцыянты ў Нясвіжы, 1930-я гады

 

Асноўнымі групамі злачынстваў, якімі займаліся польскія даваенныя следчыя, былі крадзяжы, злачынныя напады, фальшываманецтва і палітычныя злачынствы. Следчыя актыўна працавалі сярод насельніцтва Заходняй Беларусі і вывучалі як крымінальны свет, так і палітычнае падполле. Безумоўна, следчыя аддзелы Дзяржаўнай паліцыі мелі шырокую сетку канфідэнтаў і інфарматараў. Да сённяшняга дня захаваліся слоўнікі блатнога жаргону, якія былі створаны польскімі паліцэйскімі ў міжваенны час на тэрыторыі ўсходніх ваяводстваў. Дарэчы, пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР гэтай дакументацыяй актыўна карысталіся супрацоўнікі савецкага НКУС і міліцыі.

Члены КПЗБ, якія разбройвалі паліцыю ў верасні 1939 года

 

Праца «ў тэрэне»

Самую простую патрульную працу выконвалі звычайныя паліцэйскія, ці «мундуровыя», як іх называлі звычайныя грамадзяне. Іх служба праходзіла ў паліцэйскім пастарунку. Гэтыя людзі займаліся расследаваннем дробных злачынстваў, самазабойствамі, абортамі, вулічнымі нападамі з мэтай крадзяжу і іншымі менш важнымі злачыннымі праявамі. Паліцыянты патрулявалі мясцовасці, якія дзяліліся на «абыходы» (раёны). Цікавы прыклад: у 1927 годзе паліцыянт Маляўка з Віленшчыны атрымаў ад Міністэрства фінансаў Польшчы прэмію ў 500 злотых за тое, што ўласнаручна затрымаў банду фальшываманетчыкаў. Пры гэтым было канфіскавана фальшывак на суму больш за 40 тысяч злотых. Не менш цікавым быў «кейс» упраўляючага маёнткам князя Пшэздзецкага ў Варапаеве Аляксандра Вардэнскага. Той на працягу 6 гадоў (з 1924 па 1930 гады прысабечыў больш за 700 тысяч злотых. Паліцыя выкрыла махінацыю — і хутка справа пайшла ў суд.

Польскія паліцыянты ў Нясвіжы, 1930-я гады

 

У сярэдзіне 1920-х у Вільні быў створаны водны камісарыят польскай Дзяржаўнай паліцыі, які пільнаваў выкананне законнасці на берагах Віліі. У 1923 годзе пачалі стварацца вучэбныя адзінкі паліцэйскага рэзерву, што было звязана з цяжкай унутрыпалітычнай сітуацыяй у рэгіёне і актывізацыяй дзейнасці прабальшавіцкіх элементаў. Адна з такіх частак размяшчалася ў Палескім ваяводстве. У пачатку 1930-х гадоў паліцэйскі рэзерв быў распушчаны, аднак ужо ў 1936 годзе дэкрэтам польскага прэзідэнта адноўлены. У 1937 годзе рэзервісты паліцыі ўдзельнічалі ў разгоне антыгабрэйскіх выступленняў у Брэсце.

Дарэчы, на ўзбраенні гэтых «мабільных» адзінак паліцыі былі рэдкія тады ўзоры аўтаматычнай зброі: фінскі пісталет-кулямёт «Суомі» і амерыканскі «Томпсан». Звычайная паліцыя была ўзброеная рознымі відамі стралковай зброі: французскія вінтоўкі «Лебель», нямецкія «Маўзеры» ўзору 1898 года і польскія — узору 1929-га, рускія «Мосіна», аўстрыйскія «Манліхеры» і іншыя. З пісталетаў і рэвальвераў самымі распаўсюджанымі былі рэвальверы «Наган» (рускі і польскі ўзору 1930 года), французскі «Лебель», нямецкі пісталет «Парабелум», аўстрыйскі «Штоер», бельгійскі «Браўнінг». Нарэшце, польскія даваенныя паліцэйскія былі ўзброеныя рознымі відамі кулямётаў, сярод якіх варта ўзгадаць рускі «Максім», французскі «Гочкіс», аўстрыйскі «Шварцлозэ», французскі «Шаша», амерыканскі «Льюіс» і іншыя.

Супрацоўнік польскай ДП, пачатак 1930-х г.

 

У верасні 1939 года пачалася Другая сусветная вайна. Супрацоўнікі польскай Дзяржаўнай паліцыі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі, да апошняга моманту спрабавалі выконваць свае абавязкі. Шмат з іх было забіта прасавецкі настроенымі элементамі. Іншыя, хто не паспеў эвакуявацца, трапілі ў рукі савецкіх уладаў. Увесну 1940 года каля 6 тысяч супрацоўнікаў польскай Дзяржаўнай паліцыі было расстраляна ў Медным пад Цвер’ю. Было там і шмат паліцэйскіх з былых усходніх польскіх ваяводстваў. Пэўная колькасць польскіх служкаў правааховы ў 1940–1941 гадах знаходзілася ў турмах заходніх абласцей БССР, а таксама мінскіх турмах НКУС. Лёс значнай часткі гэтых людзей невядомы і па сёння.

Ігар Мельнікаў, Новы Час


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.