Сёння споўніўся б 81 год з дня нараджэння кінарэжысёра Віктара Турава (25 кастрычніка 1936 года). Яго фільмы атрымалі сусветнае прызнанне, а стужка «Праз могілкі» ў 1994 годзе была ўключана ЮНЕСКА ў лік найлепшых 100 фільмаў свету. Пра свайго настаўніка, класіка беларускага кіно ўспамінае рэжысёр Андрэй Кудзіненка.

Фота з архіву сям’і Віктара Турава

 

— Як і калі вы ўпершыню сустрэліся з Віктарам Туравым?

— На ўступных іспытах. Гэта адбывалася на сумоўі. Да таго часу я ўжо ведаў яго фільмы, “Людзі на балоце” бачыў у дзяцінстве і лічыў гэты фільм тыповым беларускім кіно. А потым ужо я паглядзеў ранейшыя “Я родам з дзяцінства”, “Праз могілкі” ці познія яго фільмы — а гэта зусім іншы Тураў.

Тураў задаў мне пытанне пра паэзію, якія вершы мне падабаюцца. Я адказаў, што ёсць паэзія кінематаграфічная, ёсць гукападражальная, і тая і другая — цудоўныя, зачытаў Цвятаеву і Блока, як кінематаграфічнага паэта. Яму вельмі спадабаўся прыклад “Город в красные пределы / Мёртвый лик свой обратил…”. Тураў вельмі любіў паэзію, яго гэта зачапіла.

Упершыню ў жыцці я ўбачыў мэтра. Як вядуць з ім іншыя людзі, як ён сябе вядзе. Ён быў вельмі свабодным. Ён любіў нефармальныя гутаркі, запрашаў да сябе дадому, на дні нараджэння, прыходзіў да нас на вечарынкі пасля іспытаў, сядзеў нейкі час. Вёў сябе даволі дэмакратычна і не было ніякага таталітарнага кіравання, што вось ёсць майстар, а ёсць — не майстар.

Чытайце па тэме:  Израиль выходит из ЮНЕСКО вслед за США

— Як ён вёў заняткі?

— Заняткі былі семінарскія. Ён быў, як цяпер кажуць, фасілітатар. У асноўным былі працы па драматургіі, мы зачытвалі нашы ідэі. Абмяркоўвалі. Ён быў вельмі засмучаны, што ў той час у кіно было шмат чарнухі, і яму вельмі падабалася, калі прапаноўвалі камедыі. Мае працы яму падабаліся, бо там было шмат камедыйных абсурдаў.

Падабаліся яму “Бесы” паводле Дастаеўскага, мы рабілі ўрыўкі. Я граў на рэпетыцыях ролю Пятра Верхавенскага. А аднойчы ён запатрабаваў знізіць мне адзнаку на адзін бал, калі яму здалося, што я ў нейкі момант злавіў кураж і стаў падыгрываць публіцы — яму падалося, што гэта нарцысізм, якога не павінна быць у акцёра. І ён цалкам мае рацыю. Ён не любіў нарцысізм. Ані на экране, ані на сцэне.

— Ён любіў праўду…

— Такую, як яму здавалася. Калі пачаўся канфлікт з фільмам “Шляхціч Завальня” ён проста хлопнуў дзвярыма. Ён быў вельмі імпульсіўны чалавек, прымаў рашэнні гарачыя. Ён жыў інтуіцыяй і пачуццямі. Таксама было і з Акадэміяй мастацтва, калі яму не далі прафесара. Яны бы далі ў той вечар, але пачалі яго крыху троліць і, пасля фразы “Ну, у яго ж маскоўская школа, як ён можа быць прафесарам нашай нацыянальнай Акадэміі?”, Тураў грукнуў па столе і сказаў “У мяне магілёўская школа!” — і сышоў.

Чытайце па тэме:  ЮНЕСКО посвятила целый доклад этической стороне использования роботов (Видео)

Мы былі кіношнікамі, а мастакі нас не вельмі любілі. І ў яго быў канфлікт з Акадэміяй. Але вельмі добра, што ён вывеў нас і з-пад “Беларусьфільма”, мы не былі “Беларусьфільмаўскімі” — у нас быў свой рахунак, мы не прасілі грошай у кінастудыі, і крыху мы былі і ад Акадэміі аўтаномныя, таму што мы займаліся на кінастудыі, у нас і асобныя педагогі былі. Гэта ён сам прабіў гэтыя ўмовы.

— Што найбольш здзівіла, калі ён працаваў з вамі?

— Мне найбольш запала… Быў наш педагог-аператар, цяпер ужо нябожчык, з уедлівым, калючым характарам. І ён любіў так пакпіць са студэнтаў, з іхняе неспрактыкаванасці. Вельмі не спадабаўся яму неяк мой фільм “Жарцік”. “Лухта нейкая!” — вырашыў. А Турава гэта вывела з сябе, і ён сказаў: “Як ты можаш, Ігар! Як ты можаш так гаварыць! Гісторыя ж пра тое, як чалавек ад слова памёр! Разумееш, што такое: чалавеку можаш сказаць, а ён памрэ!” Ад гэтага наш выкладчык замоўк, ажно схамянуўся. Ён нават не ўяўляў, што ягоны камедыйны тон выкліча такую сур’ёзную гутарку. Можа, Тураў ужо даведаўся, што ён хворы, ён памёр праз тры месяцы.

Гэта характарызуе пакаленне шасцідзясятнікаў. У іх не было цынізму, і, нават, можа, самаіроніі. Яны да ўсяго вельмі шчыра ставіліся. У іх была вера і чысціня веры. І потым сямідзясятнікі з шасцідзясятнікаў здзекаваліся. Шасцідзясятнікі былі для іх людзі прыбамбашаныя.

Чытайце па тэме:  США выходят из состава ЮНЕСКО

Вось яны — лірычнае пакаленне, якое верыць, у іх быў лірызм і шчырасць адлігі.

— Якія былі асноўныя якасці Віктара Турава?

— Галоўнае ў ім было — чалавечнасць. Цікавасць да чалавечага, да чалавечых праяваў у розных жыццёвых абставінах. Усе гісторыі, што ён расказваў, былі звязаныя не з пафасам, але побытовымі праявамі чалавечага. Ён расказваў, як хавалі Даўжэнку [НЧ — настаўніка Турава], завалілі труну вянкамі і раптам пачулі нейкія гукі плача. Быццам з неба. І быў містычны шок, а высветлілася, што маленькую матулю Даўжэнкі завалілі гэтымі кветкамі і не заўважылі. А яна і сама гэтага не заўважыла. Стаяла дамавіна ў кветках — і яна плакала. Ён любіў паўтараць фразу Даўжэнкі, што ў лужынах адлюстроўваюцца зоркі. Нават у брудзе ёсць праявы боскага.

Ён быў шасцідзясятнікам, а гэта цяга да гуманізму, да праяў чалавечага ў экстрэмальных умовах.

— Якое пасланне, на тваю думку, пакінуў Тураў для мастакоў і для іншых людзей?

— Для мастакоў — пасланне рабіць сваё кіно. Ён нас спрабаваў заахвоціць, запрашаў людзей адмысловых, з якімі працаваў. Ён казаў, што трэба здымаць пра сваё, знаходзіць рэчы ў сваім жыцці — і тады мы будзем цікавымі.

У яго была любоў да чалавека, любоў да маленькага чалавека, у малым адшукаць вялікае.

Андрэй Расінскі, Новы Час

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.