Дакумэнт, які збіраюцца выдаваць замежнікам з беларускімі каранямі, грунтуецца на зусім іншай філязофіі – тлумачыць дэпутат Варанецкі.

www.gants.by

 

Дэпутаты беларускай Палаты прадстаўнікоў прапануюць увесці «пасведчанне суайчынніка» для беларусаў, якія пражываюць за мяжой, а таксама іх нашчадкаў. Мэтай дакумэнта павінна быць «умацаванне духоўнай сувязі выхадцаў з Беларусі з гістарычнай Радзімай». Каму будуць уручаць гэты дакумэнт? Якія правы павінна даваць гэтае пасведчанне? Як беларусы замежжа глядзяць на ініцыятыву беларускіх уладаў? На гэтыя тэмы мы размаўляем з аўтарамі ініцыятывы і прадстаўнікамі беларускай дыяспары з Польшчы й Расеі.

За мяжой, паводле розных падлікаў пражывае ад 2,5 да 3 мільёнаў людзей, якія эмігравалі з  Беларусі, а таксама прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці. Самая вялікая дыяспара пражывае ў Расеі – каля 600 тысячаў. У Польшчы колькасць этнічных беларусаў ацэньваецца ў 60 тысячаў.

Аднак, па словах старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерыя Варанецкага «пасведчанне суайчынніка» ствараецца ня толькі й ня столькі для іх. Яго прапануецца выдаваць кожнаму чалавеку, продкі якога паходзілі з беларускай зямлі, а ня толькі таму, хто лічыць сябе беларусам. Сярод правоў, якія дае гэты дакумэнт, пакуль што агучваецца толькі права на бязвізавы ўезд.

Са словаў Валерыя Варанецкага можна зрабіць выснову, што пасведчанне павінна дапамагаць развіваць кантакты перш за ўсё з элітамі замежных дзяржаваў – з людзьмі, які жадаюць рэалізаваць дабрачынныя, культурныя ды эканамічныя праекты ў Беларусі.

Валеры Варанецкі. Фота: house.gov.by

 

Чытайце па тэме:  Депутаты предлагают ввести "пасведчанне суайчынніка" для выходцев из Беларуси

Валеры Варанецкі: Кожны чалавек мае сваю Айчыну – месца, дзе заходзяцца яго карані, адкуль паходзяць яго продкі, І не настолькі важна, калі продкі выехалі з гэтай зямлі. Гэта магло быць у аддаленыя часы, калі беларусаў называлі літвінамі. Але ўсё гэтыя людзі – нашыя суайчыннікі. І такіх суайчыннікаў шмат жыве па ўсім свеце – у тым ліку ў Польшчы. Яны даўно сябе не лічаць беларусамі, але памятаюць пра свае гістарычныя карані. Я сам размаўляў з палякамі, у тым ліку з парлямэнтарамі, якія падкрэслівалі, што іх дзяды й прадзеды паходзяць з тых ці іншых месцаў Беларусі. Ідэя, закладзеная ў пасведчанні, заключаецца ў тым, каб паказаць, што гістарычная радзіма памятае і ведае сваіх суайчыннікаў.

Такім чынам, беларускае «пасведчанне суайчынніка» будзе мала нагадваць Карту паляка, якую Варшава ўвяла ў 2007 годзе. Апошні дакумэнт быў створаны, каб узнагародзіць людзей польскага этнічнага паходжання, якія за дзесяцігоддзі жыцця ў Савецкім Саюзе не страцілі польскай нацыянальнай самасвядомасці.

Карта паляка дае права бесперашкодна жыць, працаваць і бясплатна вучыцца ў Польшчы. Акрамя таго, яе ўладальнікі могуць атрымаць грамадзянства паводле спрошчанай працэдуры. Карта паляка дапамагае Польшчы прыцягнуць рэпатрыянтаў і паправіць дэмаграфічную сытуацыю.

Апытаныя намі прадстаўнікі беларусаў замежжа лічаць канцэпцыю «пасведчання суайчынніка», прапанаваную дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, занадта абмежаванай.

На думку дзеяча беларускай дыяспары Расеі публіцыста Алеся Чайчыца, каб матываваць беларусаў замежжа ды іх нашчадкаў развіваць кантакты з Радзімай, пасведчанне павінна даваць максымальна шырокі набор правоў.

Алесь Чайчыц. Фота: radabnr.org

 

Чытайце па тэме:  "Можна наладжваць "духоўную сувязь" хоць з марсіянамі". Беларусь павінна стаць сваёй для беларусаў

Алесь Чайчыц: На месцы беларускай дзяржавы я б даваў усе правы, якія сёння прадугледжаныя відам на жыхарства. Гэта права на працаўладкаванне, права на бізнэс-дзейнасць, права на знаходжанне ў Беларусі неабмежаваны тэрмін часу. Беларусь павінна быць зацікаўленая прыцягваць да сябе людзей, якія адчуваюць сувязь з Беларуссю з прычыны свайго паходжання і сваіх каранёў. Таму абсяг гэтых правоў павінен быць максымальны.

Падобнай думкі прытрымліваецца і сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве Ўладзімер Кобец. Менск павінен увесці «Карту беларуса», ня горшую за Карту паляка – лічыць грамадзкі дзеяч. І атрымаць яе павінныя тыя, хто насамрэч адчувае сувязь з беларускай зямлёй.

Уладзімер Кобец

 

Уладзімер Кобец: У нас пакуль ёсць магчымасць параўноўваць толькі з Картай паляка. І першае, што варта адзначыць – гэта ўмовы, на якіх гэтая карта будзе выдавацца. Мне вельмі ня хочацца, каб мы пачулі, што напрыклад, усе грамадзяне былога Савецкага Саюза маюць права атрымаць «Карту беларуса». Павінныя быць выразныя крытэры адбору. Выдаваць дакумэнт трэба толькі беларусам па паходжанні. Карта павінна даваць нешта большае, чым проста права прыехаць у Беларусь бяз візы. Сёння ў Беларусь можна бязвізава прыехаць і бяз карты. А гэты дакумэнт павінен даваць магчымасць працаваць у Беларусі, даваць ільготы на праезд і пражыванне, даваць магчымасць навучацца ў беларускіх ВНУ.

Пакуль што абмеркаванне «пасведчання суайчынніка» знаходзіцца на пачатковым этапе – кажа Валеры Варанецкі. Па словах дэпутата, канцэпцыю дакумэнту вышлюць ва ўрад. Да ўдзелу ў дыскусіі таксама запросяць суполкі беларусаў замежжа. Вельмі верагодна, што пасведчанне будзе даваць правы на эканамічную дзейнасць ці адукацыю, прадугледжаныя ў падобных дакумэнтах іншых краінаў – пераконвае Валеры Варанецкі.

Чытайце па тэме:  Духовная связь с Родиной в виде наручников

Валеры Варанецкі: Варта падумаць над тым, каб уладальнікі пасведчання атрымалі права бязвізавага ўезду, каб яны маглі рэалізаваць розныя праекты. Трэба абмеркаваць і пытанні адукацыі, культуры, супрацоўніцтва ў галіне экалёгіі, памежнага супрацоўніцтва. Кірункі супрацоўніцтва могуць быць любыя. Гэта асобная тэма, якую варта і трэба абмяркоўваць. Натуральна, мы зацікаўленыя ў цесным узаемадзеянні з рознымі грамадзкімі арганізацыямі.

Ці будзе «пасведчанне суайчынніка» папулярнае сярод беларусаў замежжа? Ахвочыя атрымаць такі дакумэнт несумненна знойдуцца, але па палітычных і эканамічных прычынах попыт на яго наўрад ці будзе параўнальны з попытам на Карту паляка – мяркуюць экспэрты.

Дзеля таго, каб прыцягнуць да супрацоўніцтва беларусаў замежжа, патрэбна ня толькі даваць ільготы, але й змяняць культурную палітыку – падкрэсліваюць Алесь Чайчыц і Ўладзімер Кобец.

«Беларусы, якія жывуць за мяжой і пры гэтым памятаюць пра краіну свайго паходжання – гэта перш за ўсё людзі актыўныя ў грамадзкім пляне. Гэта людзі, якія ведаюць беларускую мову й гісторыю. Каб іх прывабіць, патрэбна больш беларуская Беларусь, а не савецкая, аморфная ці ніякая», – зазначае сустаршыня Беларускага дому ў Варшаве.

Аляксандар Папко, Польскае Радыё


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment