Раз-пораз усплывае, як адзін адпрацаваны прадукт, імя Ўладзіміра Замяталіна. І кожны раз у звязку з не надта прыгожымі, мякка кажучы, рэчамі. То з карупцыяй на “Беларусьфільме”, то з крыміналам у бізнесе, які “палкоўнік Пятровіч” (мянушка Замяталіна) пакінуў сыну, то са знявагай беларускай мовы: “долбанный язык”.

Уладзімір Някляеў

 

Пытанне не ў тым, чаму ён так сказаў? Ён – беларусафоб, ненавіснік усяго беларускага, пра што я публічна заяўляў яшчэ тады, калі Замяталін быў віцэ-прэм’ерам. Пытынне ў тым, чаму ён увогуле лічыць магчымым казаць такое пра беларускую мову ў Мінску, у Беларусі?.. У Варшаве, у Польшчы пра польскую мову ён такое б сказаў?.. Ды і ў Кіеве пра ўкраінскую мову не асмеліўся б гэтак сказаць, бо пачуць мог які-небудзь “бандэравец” ці “правасек” – і быў бы Ўладзіміру Пятровічу кердык на тым самым месцы, дзе ён разявіў рот. А тут ні “бандэраўцаў”, ні “правасекаў” – толькі “тутэйшыя”. І прэс-сакратар “Еўрагандлю”, колішні вядоўца Беларускага тэлебачання, змушаны дыпламатычна тлумачыць, што прэтэнзіі “пакупніка Замяталіна” не ва ўсім апраўданыя. То бок, беларуская мова не зусім “долбанная”.

Чаму так? Бо ў нас замяталінская краіна, – вось чаму так. Не купалаўская, не коласаўская і нават не лукашэнкаўская, а замяталінская. І баль тут правіць не беларушчына, а замяталіншчына, у якой тутэйшчына, найперш наша дзяржаўная тутэйшчына, – на паслугах.

Што яна такое, тутэйшчына? Яна, тутэйшчына, – халопства. Асутнасць адчування нацыянальнай годнасці. Ва ўсім. І выяўляецца гэта найперш менавіта ў мове, культуры. У тым, што адразу пазначае цябе, паказывае, хто ты насамрэч ёсць. І якімі, чыімі могуць быць мова з культурай у халопаў? Толькі панскімі. Калі тут палякі – польскімі, калі тут рускія – рускімі. А гэта ўжо халопская палітыка. І ўся наша дзяржаўная тутэйшчына, якая грэбуе сваім, была і застаецца праз тое халопскай. Яе міністры, старшыні, начальнікі толькі выдаюць сябе за міністраў, старшыняў, начальнікаў, застаючыся халопамі. Таму ў большасці сваёй яны нават не верныя лукашэнкаўцы, а верныя замяталінцы. Прадукт, які ўсплывае…

P.S.
Калі ў 1999 годзе я змушаны быў з’ехаць з Беларусі, даслаў з Варшавы Замяталіну (палкоўніку Пятровічу) песеньку.

По роскошной Варшаве гуляю
В тополином июньском снегу.
Заметаю тебя, заметаю
И никак замести не могу.

Припев:
Руки в брюки, кепчонку на брови,
Сигаретка дымит на губе…
До свиданья, полковник Петрович,
Поцелуй за меня КГБ.

Вось жа колькі часу прамінула, а ўсё не замятаецца… І цалуецца з беларускім КГБ.

Уладзімір Някляеў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: