У рамане Маэма “Тэатар”, які многім савецкіх людзям больш вядомы паводле выдатнага фільму, ёсьць нямала разважаньняў пра тэатральную паўзу. Напрыклад, “Не рабі паўзу без патрэбы, а калі ўзяла яе — цягні колькі можаш”.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

 

Але ў нашым палітычным тэатры зараз акурат той самы момант, калі паўза Лукашэнкі яўна зацягнулася. У Расеі СМІ – залежныя і адносна залежныя – дружна зацягнулі песьню пра “Лукашэнка здаўся”. І іх можна зразумець. Дарэчы, ня варта лічыць, што, напрыклад, “Московскому комсомольцу” гэты матыў загадаў сьпяваць Крэмль. Проста такую “песьню” па розных прычынах ахвотна падтрымліваюць расейцы самых розных поглядаў – ад ліберальных да шавіністычных. Таму расейская прэса з задавальненьнем яе выконвае – незалежна ад рэальных вынікаў візыту. (Вядома, ня трэба выключаць, што хтосьці сьпявае проста паводле загаду, але большасьць – ад шчырага сэрца і дзеля задавальненьня патрэбаў сваёй публікі).

І гэта цалкам звыкла і традыцыйна. Пашукайце ў Гугле і вы пабачыце, што тэма “Лукашэнка здаўся” залівіста гучыць амаль кожны год з зайздроснай пэрыядычнасьцю.

З чым нельга мірыцца — гэта з недарэчным маўчаньнем “афіцыйнага Менску”. Тлумачыцца гэта даволі проста – даўно існуе сыстэма, у якой ніхто ня можа нічога квакнуць, пакуль не выступіла першая асоба. Ідэалагічная вэртыкаль на самой справе ўяўляе замарожаную гарызанталь, дзе ўсе ляжаць, пакуль не атрымаюць адпаведнага загаду. Дарэчы, раней яшчэ былі “ініцыятыўныя” прапагандысты – Зімоўскі, Якубовіч, якія маглі выступіць і без загаду. Цяпер – пустата.

Застаецца чакаць выступу самога начальніка дзяржавы. Памятаю, калі Пуцін сказаў пра 6 абласьцей – Лукашэнка даў разьюшаны каментар адразу, як толькі сыйшоў з самалёту ў Менску. А зараз – маўчыць, і моўчкі чытае паведамленьні расейскай прэсы пра тое, як у Маскве яго “нахілілі”. І кожная хвіліна ягонага маўчаньня паніжае ягоныя акцыі як “гаранта беларускага сувэрэнітэту”.

Віталь Цыганкоў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: