Прэзідэнт Анджэй Дуда вырашыў падпісаць змены ў Закон пра Інстытут Нацыянальнай Памяці. Адпаведна новым зменам, за прыпісванне польскаму народу адказнасці за злачынствы нямецкіх нацыстаў, а таксама за запярэчванне злачынстваў украінскіх нацыяналістаў польская дзяржава зможа пакараць грамадзяніна любой краіны свету. Максімальнае пакаранне – тры гады зняволення.

Тым ні менш, згодна з рашэннем прэзідэнта, Канстытуцыйны Трыбунал яшчэ праверыць падпісаны закон на адпаведнасць прынцыпу свабоды слова.

Закон ужо выклікаў пратэст Ізраіля і Украіны. ЗША выразілі сваю незапакоенасць.

Змена закона пра Інстытут Нацыянальнай Памяці не палепшыць іміджу палякаў у свеце, пераканы былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы (2006-2007) Павел Коваль. На думку былога дыпламата, бараніць добрае імя краіны і памяць пра ахвяры Другой сусветнай вайны можна лепшым спосабам, не канфліктуючы з Украінай і Ізраілем:

Павел Коваль: Я лічу, што грамадзянам Польшчы трэба было сумленна сказаць, што гэтая пастанова нічога сама па сабе не зменіць, і што лепей было б знайсці такое рашэнне, якое добра прынялі б у замежжы, а не будаваць іміджу краіны, якая распачынае «вайну» з-за гісторыі. Лічу, што няма ніякай супярэчнасці між аховай добрага імя Польшчы, уласцівай падачай падзеяў ІІ Сусветнай вайны і добрымі адносінамі з Ізраілем, Украінай, ЗША і рэштай свету.

РР: Шматлікія эксперты кажуць, што ў Ізраілі гэтая спрэчка стала элементам унутранай палітыкі. Што там палітычныя дзеячы таксама спрачаюцца між сабой, спекулюючы на памяці.

Тут няма розніцы. Калі б не гэты канфлікт, то можна было б сказаць, што кіраўніцтва «Лікуду» (партыя прэм’ера Ізраіля Бэньяміна Нэтаньягу – БРР) і «Права і Справядлівасці» могуць падаць сабе рукі і сказаць, што яны з’яўляюцца дзвюма паловамі таго самага яблыка. Механізм такі самы – як у Ізраілі, гэтак і ў Польшчы. Правая бальшыня змагаецца з тым, каб не паўстала больш скрайняя партыя. У выпадку «Лікуду» гаворка ідзе пра тое, каб не ўзраслі іншыя партыя правіцы, «Права і Справядлівасць» дбае, каб забраць галасы ў нацыяналістаў.

Але чаму менавіта цяпер кіроўная партыя вырашыла прыняць гэтую пастанову?

Кіроўная партыя хацела прыкрыць падзеі двухтыднёвай даўніны, калі на адным з польскіх тэлеканалаў быў паказаны рэпартаж пра польскіх неафашыстаў. З’явіліся закіды, што «Права і Справядлівасць» не рэагуе ў дастатковай меры, чым знішчае меркаванне пра Польшчу ў свеце. І вось яны вырашылі прыняць пастанову, якая даказвала б, што яны дбаюць пра добрае імя Польшчы.

У Беларусі ўвогуле не існуе такога паняцця як «польскі канцлагер» у дачыненні, напрыклад, да Аўшвіц-Біркенаў. Напэўна, усе ведаюць, што яго арганізавалі немцы, якія масава забівалі там людзей. Няўжо гэта такая вострая праблема на міжнародным плане? Няўжо гэтае паняцце так часта ўжываюць?

Гэтае паняцце ўжываецца не так часта, як цяпер кажуць. Вядома, важную ролю адыграе інфармацыйная палітыка ўрада. Урад хоча прадставіць сітуацыю такім чынам, што вось яшчэ тыдзень – і перастануць. Вядома, гэта не так. У бальшыні сваёй адукаваныя людзі, палітыкі ў Ізраілі, Злучаных Штатах, Нямеччыне, на Захадзе не ўжываюць такіх слоў. Яны дасканала ведаюць, хто распачаў ІІ Сусветную вайну, хто яе вёў і як гэта выглядала на польскіх землях.

Прэзідэнт Анджэй Дуда падчас свайго выступу, у якім заявіў, што падпісвае змены ў закон, вельмі шмат прысвяціў увагі ўласна памяці пра Халакост, памяці пра пакуты габрэяў і палякаў падчас ІІ Сусветнай вайны, тым самым лагодзячы ізраільскі пратэст. З іншага ж боку, пратэставаў не толькі Ізраіль, але і Украіна, якая таксама не згаджаецца з пэўнымі пунктамі закона. Але Украіну прэзідэнт Польшчы не ўзгадаў. Ці гэта сведчыць пра тое, што дачыненні з Кіевам больш не з’яўляюцца для Польшчы прыярытэтнымі?

Сапраўды, у сувязі міжнародным меркаваннем Халакост куды больш зразумелая для свету тэма, чым польска-ўкраінскія дачыненні. Ужо тыдзень бачна, што менавіта аспект адносінаў з габрэйскімі супольнасцямі і Ізраілем з’яўляецца найвастрэйшым, найбольш людзей займаецца ім. І вакол гэтага сканцэнтраваўся Анджэй Дуда.

Вы кажаце, што ўсё гэта пачалося пасля трансляцыі фільма пра нацыстаў у Польшчы. То бок усё гэта зводзіцца да пабудовы рэйтынгу партыі «Права і Справядлівасць»?

На сёння гэта відавочная палітычная лінія «Права і Справядлівасці», але таксама шмат якіх правых партыяў, якія шукаюць папулістычных галасоў. Не магу сказаць, што ўся «Права і Справядлівасць» з’яўляецца папулістычнай партыяй, але і яна шукае гэтыя галасы. І адным з элементаў пабудовы гэтага папулістычнага наратыву з’яўляецца прадстаўленне грамадскай думцы аблічча беззаганных народаў, у якіх няма грахоў.

Усё ж такі «Права і Справядлівасць» асацыюецца з візіяй незалежнасці, сярод іншага ад Масквы, добрых адносінаў з усходнімі суседзямі, пабудовы Міжмор’я… Але такія пастановы ўносяць разлад у міжнародныя стасункі. Ці не можна было б гэта больш дыпламатычна вырашыць?

Напэўна былі іншыя спосабы. Я не падтрымліваю гэтых зменаў у законе. Разумею, што нехта меў добрыя інтэнцыі, але ў палітыцы трэба таксама ацэньваць вынікі. А яны былі ў бальшыні негатыўныя. Я не бачу ніякіх пазітыўных вынікаў для Польшчы.

На Вашу думку, ёсць яшчэ шанец залагодзіць гэтыя адносіны і Ізраілем, і з Украінай? І што для гэтага трэба зрабіць?

Пасля падпісання сапраўды залагодзіць будзе складаней. Лічу, што маюць паўстаць супольныя гістарычныя камісіі. У выпадку Украіны супольная камісія нават павінна стаць сталай інстытуцыяй. У гульню павінны ўключыцца асобы, якія маюць дыпламатычныя таленты, якія могуць трошкі паменшыць канфлікт. Але для гэтага трэба, каб гэтага хацелі абодва бакі. Ёсць адчуванне, што ані ў Польшчы, ані ў Ізраіля ніхто гэтага не хоча, бо ўрады намагаюцца выкарыстоўваць канфлікт для ўнутраных мэтаў.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: