Былы палітычны зняволены Павел Севярынец распавядае сайту palitviazni.info пра тое, якім быў гэты год для яго і для Беларусі.

 

“Цяпер выкарыстоўваюцца больш тонкія псіхалагічныя, дыпламатычныя і фінансавыя прыёмы, чым тыя, што ўжываліся яшчэ пяць гадоў таму. Улада ўдасканальвае сваю рэпрэсіўную сутнасць, і гэта трэба ўлічваць”, – кажа суразмоўца.

– Калі казаць, пра тое, якім быў гэты год для Беларусі, то ён неадназначны, – кажа Павел Севярынец. – З аднаго боку была пратэстная вясна, калі беларусы паказалі, што яны гонар маюць, і з імі давядзецца лічыцца і сёняшняй уладзе, і Маске. З іншага – восенню ў грамадстве назіралася апатыя, калі людзі зняверыліся пасля карных акцый, пасля падаўлення Дня волі. Зараз мы ізноў бачым палітычную апатыю і абыякавасць у людзей. Але будзем рыхтавацца да будучых кампаній, выпрабаванняў і, натуральна, перамог.

– На ваш погляд, ці зрабілі для сябе ўрокі ўлады пасля народных пратэстаў па ўсёй краіне?

– Безумоўна, зрабілі. Яны зразумелі, напрыклад, што рэпрэсіі павінны быць больш выкшталцонымі, і зараз мы бачым, так званую “жэстачайшую лібералізацыю”. Цяпер выкарыстоўваюцца больш тонкія псіхалагічныя, дыпламатычныя і фінансавыя прыёмы, чым “калгасныя”, якія ўжываліся яшчэ пяць гадоў таму. Таму ўлада ўдасканальвае сваю рэпрэсіўную сутнасць, і гэта трэба ўлічваць. Нам таксама трэба ўдасканальвацца ў сваёй маральнасці і набіраць уласныя сілы. А гэты рэжым разумее толькі пазіцыю сілы.

– У 2017 годзе з’явіліся дзве гучныя крымінальныя палітычныя справы – “справа патрыётаў” і “справа прафсаюзаў”…

– Абедзве справы – гэта спроба ўладаў рэпрэсіўнымі механізмамі паставіць па-за законам небяспечныя сацыяльныя групы і аргнаізацыі. Іх паспрабавалі альбо дыскрэдытаваць, альбо, што называецца, “падаіць”.

Захаду трэба на гэта зважаць, бо, на мой погляд, менавіта да прыезду ў Мінск еўрапейскіх гасцей з ізалятараў вызвалілі усіх фігурантаў “справы патрыётаў”. На жаль, еўрапейцы зараз заплюшчавюць вочы на сітуацыю з рэпрэсіямі.

– “Справа патрыётаў” з’явілася ў разгар вясновых пратэстаў, і гэта можна было зразумець. Але для чаго распачалі ў жніўні яшчэ і “справу прафсаюзаў”, калі хваля пратэстаў ужо сыйшла?

– Прафсаюз РЭП актыўна выступаў супраць дэкрэта аб “дармаедах”, і менавіта гэты дэкрэт стаў катапультай для пратэстных акцый. Таму, па-першае, улады баяліся, што восенню могуць паўтарыцца вясновыя падзеі, а таму прынялі прэвентыўныя меры. Па-другое, прафсаюз РЭП апошнім часам вырас у даволі моцную структуру, якую можна параўнаць з некаторымі палітычнымі партыямі, а таму супраць яго ўжылі ўсе тыя інструменты, якія ўжывалі ў дачыненні да іншых палітычных апанентаў.

– На сёння ў краіне застаюцца за кратамі палітвязні Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны, ёсць шэраг іншых палітычна матываваных спраў. Ці могуць гэтыя людзі раней часу выйсці на волю?

– Я неяк казаў, што беззаконне як было ў краіне, так яно і захавалася. Таму, натуральна, ад еўрапейцаў, якія прызджаюць у Беларусь, мы чакаем адмысловых словаў у ацэнцы сітуацыі. Калі будзе цудоўны абмен думкамі, што ў краіне ўсё рэзка паляпшаецца ў плане правоў чалавека, то не бачу сэнсу ад такіх еўрапейскіх прыездаў. Мы ж добра бачым, што сітуацыя альбо застаецца на тым жа ўзроўні, альбо нават наадвароот пагаршаецца. Як сядзелі людзі за кратамі па палітычных меркаваннях, так і працягваюць там знаходзяцца. Канвеерам працуюць штрафныя рэпрэсіі за ўдзел у акцыях пратэсту, і ў некаторых ужо нават апісалі маёмасць.

Мы стараемся праяўляць салідарнасць з палітвязнямі, аказваем нейкую абістую падтрымку, а таксама інфармуем пра сітуацыю заходніх дыпламатаў – дасылаем ім пераклады, стараемся падчас усіх акцый падымаць гэтую тэму. Але цяжка працаваць, калі на Захадзе лічаць, што палітвязняў у Беларусі зараз зусім няма.

– А асабіста для вас якім гэта быў год?

– Даволі плённым. Выдаў першую частку рамана “Беларусалім”, адзначалі 500-годдзе выдання Францыскам Скарынай Бібліі, 100-годдзе Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. У межах гэтага правялі шмат розных мерапрыемстваў.

Такскама я прымаў удзел у абароне Курапат, за рознага кшталту акцыі давялося адсядзець 55 сутак у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Будзе што ўспомніць…

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: