7 верасня вядомаму палітыку, дэпутату Вярхоўнага Савету 12 і 13 скліканняў, былому віцэ-прэмʼеру, экс-старшыні ЦВК споўнілася б 60 гадоў. 16 верасня 1999 году ён бясследна знік разам з сябрам, бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім.

Віктар Ганчар

 

Свабода з дапамогай паплечнікаў, сяброў сабрала 12 фактаў пра Віктара Ганчара.

Паходзіў з вёскі

1. Нарадзіўся ў пасёлку Радзішчава Слуцкага раёну. З чырвоным дыплёмам скончыў юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, з адзнакай — аспірантуру. У аспірантуры і пазнаёміўся з жонкай Зінаідай, па спэцыяльнасці біёлягам. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Ўнутрыгаспадарчы разлік у прамысловасці (Прававая арганізацыя)». Да абрання дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 склікання выкладаў у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце. І прыхільнікі, і праціўнікі высока цанілі ягоную адукаванасць, кампэтэнтнасць, харызматычнасць, аратарскія здольнасці.

Кажуць, што ў якасці ўзору Ганчар выкарыстоўваў вобраз ленінградзкага прафэсара-юрыста, дэпутата Анатоля Сабчака, і Ганчаровы прыхільніцы-пэнсіянэркі, паглядзеўшы па тэлевізары трансляцыю паседжаньня Вярхоўнага Савету, казалі: «Наш Віця Сабчак!»

Сябраваў з Аляксандрам Лукашэнкам

2. На пачатку сваёй палітычнай карʼеры даволі блізка сябраваў з Аляксандрам Лукашэнкам, той нярэдка гасцяваў у маці Ганчара Валянціны ў пасёлку Першамайскім, а таксама часцяком наведваўся і ў кватэру Віктара і Зінаіды Ганчароў. Маці Віктара Ганчара, спадарыня Валянціна, потым узгадвала: «Вось тут сядзеў Аляксандар, называў мяне мамай, гладзіў па руцэ і казаў: «Я Віктара ніколі ня кіну». Пасля знікнення сына ў 1999 годзе маці звярталася да Лукашэнкі: «Узгадайце маю дабрыню, прастату і гасціннасць у адносінах да Вас. Дапамажыце вярнуць мне сына!»

Будаваў «Горад сонца»

3. Разам з Генадзем Карпенкам спрабаваў ператварыць Маладэчна ў «горад сонца». На пачатку 1990-х дэпутат Вярхоўнага Савету 12 склікання Генадзь Карпенка стаў мэрам Маладэчна, Віктар Ганчар — ягоным намеснікам. Яны перайменавалі большасць вуліц, якія насілі савецкія назвы. Пры іх насупраць помніка Леніну ў 1993 годзе ўзвялі помнік беларусам, якія сталі ахвярамі розных рэжымаў — тут з’явіўся валун з надпісам «Пакутнікам за волю й незалежнасць Беларусі».

Чытайце па тэме:  «Система образования в зародыше задушила беларуских учителей-новаторов»

Спрыяў прыходу Лукашэнкі да ўлады

4. Дзякуючы найперш Віктару Ганчару і Дзмітрыю Булахаву ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ніжнюю плянку ўзросту для прэтэндэнта на прэзыдэнцкі пост знізілі з 40 да 35 гадоў. (Аляксандру Лукашэнку ў 1994-м не хапала да 40 пару месяцаў, а парлямэнцкая фракцыя «Беларусь», якая мела большасць у парлямэнце, «прасоўвала» свайго кандыдата — тагачаснага прэмʼера Вячаслава Кебіча). Дэпутат Віктар Ганчар з трыбуны Вярхоўнага Савету запытаўся: «Каго маўляў, баіцеся — Лукашэнкі?» І дэпутаты прагаласавалі за тое, што прэтэндаваць на прэзыдэнцтва можна з 35 гадоў.

Ня быў задаволены атачэннем Лукашэнкі

5. Насуперак агульнапрынятай думцы, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году Ганчар быў у камандзе Лукашэнкі, сам ён гэта адмаўляў. Як сведчыць Аляксандар Фядута, «Ганчар проста „здаў імя напракат“, даў магчымасць Лукашэнку эксплюатаваць сваё вядомае імя». Віктар Ганчар ніколі ня быў задаволены атачэннем Лукашэнкі.

Працаваў віцэ-прэмʼерам

6. У верасні 1994 году пагадзіўся заняць пасаду віцэ-прэмʼера ўраду па гуманітарных пытаннях, але вельмі хутка зразумеў, што насамрэч усё ў краіне вырашае адна асоба. Як чалавек адказны і патрабавальны, працалюбны, доўга на такой намінальнай пасадзе ён не пратрымаўся: пасля таго як прэзыдэнт не прыняў яго адразу, бо заняты быў з Ціцянковым прымеркай гарнітура, — падаў у адстаўку. Адстаўка была імгненна прынятая. Сышоў на даволі спакойную і «хлебную» пасаду — старшыні Эканамічнага суду СНД.

Абстралялі машыну

7. 14 чэрвеня 1995 году каля дома Віктара Ганчара абстралялі ягоную машыну, у якой былі калегі-супрацоўнікі — памочнік дэпутата Кацярына Антонік і начальнік аддзелу Эканамічнага суду СНД Яўген Лычоў. На заднім сядзенні, дзе звычайна ездзіў Ганчар, у той час сядзела Кацярына Антонік — яе параніла. Стралялі супрацоўнікі міліцыі, якія, паводле афіцыйнай вэрсіі, падумалі, што ў машыне могуць знаходзіцца злачынцы. Аўтамабіль, з якога стралялі, належаў Службе бяспекі прэзыдэнта.

Выступаў супраць рэфэрэндуму 1996 году

Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 года. На фота – Віктар Ганчар, саршыня ЦВК

 

Чытайце па тэме:  Тарифы на ЖКХ вырастут дважды в 2017 году

8. У 1996 годзе Віктар Ганчар узначаліў Цэнтральную выбарчую камісію і быў апантаным праціўнікам рэфэрэндуму, навязанага краіне Аляксандрам Лукашэнкам з мэтай узурпацыі ўлады. І ўжо на першай прэсавай канфэрэнцыі пасля прызначэння заявіў, што не падпіша вынікі рэфэрэндуму, бо Канстытуцыйны Суд прызнаў яго не адпаведным Канстытуцыі. 14 лістапада 1996 году Лукашэнка даў каманду тагачаснаму начальніку Службы бяспекі прэзыдэнта Ўладзімеру Навумаву і былому калегу Ганчара па дэпутацкім корпусе палкоўніку Міхаілу Цесаўцу адхіліць Віктара Іосіфавіча ад пасады і больш не пускаць у памяшканне ЦВК. АМАП фактычна захапіў памяшканне ЦВК, якая тады месцілася на вуліцы Кастрычніцкай, 5. Туды не пусцілі нават тагачаснага старшыню Вярхоўнага Савету 13 склікання Сямёна Шарэцкага — фактычна другая асоба дзяржавы вымушана была выступаць перад журналістамі ў фае:

«У краіне пачаўся захоп улады неканстытуцыйным шляхам. Каля ЦВК выстаўлена ахова невядома якімі людзьмі. Вось для чаго створана служба аховы прэзыдэнта — для захопу ўлады», — заявіў Шарэцкі.

Быў ініцыятарам імпічмэнту Лукашэнкі

9. Віктар Ганчар адным з першых паставіў свой подпіс за імпічмэнт прэзыдэнта. Імпічмэнт быў правалены — частка дэпутатаў пад ціскам і пагрозамі адклікалі свае подпісы пад зваротам у Канстытуцыйны Суд. Адразу ж пасля рэфэрэндуму дэпутаты Вярхоўнага Савету 13 склікання арганізавалі следчую камісію па вывучэнні парушэнняў прэзыдэнтам Канстытуцыі. Кіраўніком камісіі стаў Ганчар. Былі прааналізаваныя практычна ўсе ўказы, якія разглядаліся Канстытуцыйным судом, яны былі прызнаныя незаконнымі. Што да лістападаўскага рэфэрэндуму, камісія зрабіла заключэнне, што ён таксама ня можа быць прызнаны законным, а гэта азначае, што адбыўся захоп дзяржаўнай улады Аляксандрам Лукашэнкам. З гэтай заявай Ганчар выступіў публічна з парлямэнцкай трыбуны. Заяву ён разаслаў ва ўсе дзяржаўныя органы Беларусі, дыпляматычныя прадстаўніцтвы, міжнародныя структуры. За гэта на Ганчара пракуратура завяла крымінальную справу паводле артыкула 128 — паклёп. Справа да суду не дайшла.

Менск напярэдадні рэфэрэндуму. Публікацыя газэты «БДГ»

 

Чытайце па тэме:  "Запад-2017" разрушил политические галлюцинации

Правёў альтэрнатыўныя выбары прэзыдэнта

10. Увосень 1998 году Ганчар ачоліў альтэрнатыўны Цэнтравыбаркам па выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, адноўлены Вярхоўным Саветам 13 скліканьня. У краіне з’вілася два ЦВК. Калі Ганчар пачаў кампанію па арганізацыі альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў з удзелам Зянона Пазняка, Міхаіла Чыгіра (Генадзь Карпенка адразу ад такой прапановы адмовіўся), да яго прыехалі пасланцы ад улады з чамаданчыкам-дыпляматам. У дыплямаце — 300 тысяч даляраў, з простай умовай-прапановай: ён сыходзіць з палітыкі. Пра гэты эпізод Свабодзе паведаміў Анатоль Лябедзька. На гэта Віктар Ганчар адказаў: «Вы сурʼёзна думаеце, што гэта мая цана? Перадайце Лукашэнку, што Ганчар не прадаецца. Ганчар робіць тое, у што верыць».

Трымаў сухую галадоўку

11. 25 лютага 1999 году ў кавярні «Калізэй» адбылося паседжанне альтэрнатыўнага ЦВК, пасля якога Ганчара затрымалі. 1 сакавіка за зачыненымі дзьвярыма, таемна, у пастарунку суддзя Валянціна Зянькевіч асудзіла яго на 10 сутак арышту. Віктар Ганчар адразу ж абвясціў сухую галадоўку. І ў пастарунку, і ў ізалятары часовага ўтрымання яго катавалі, жорстка збівалі. На шосты дзень галадоўкі турэмны лекар Мікуліч паспрабаваў гвалтоўна Ганчара пакарміць — не атрымалася. Тады паспрабаваў увесьці раствор глюкозы. Віктар Ганчар не паддаўся. Адседзеў тэрмін цалкам. Каб паплечнікі не сустрэлі каля СІЗА, у дзень вызвалення Віктара доўга вазілі па горадзе і выкінулі ў сумёт.

Бясследна знік

12. Віктар Ганчар рыхтаваў на 19 верасьня 1999 году пашыранае паседжанне Вярхоўнага Савету 13 склікання з удзелам лідэраў апазыцыйных партый, прафсаюзаў, на якім плянаваў выступіць з дакладам і прапанаваць мэханізм вываду Беларусі з эканамічнага і палітычнага крызісу. Не паспеў — 16 верасня прыкладна а 23-й гадзіне на выхадзе з лазні, што на вуліцы Фабрычнай, 20 быў гвалтоўна выкрадзены разам з бізнэсоўцам Анатолем Красоўскім. На месцы выкрадання на асфальце былі сляды крыві, сляды тармажэння аўтамабіля, аскепкі разбітага шкла. Грамадзкасць, сваякі зніклых, міжнародная супольнасць лічаць, што Ганчар і Красоўскі былі выкрадзеныя з палітычных матываў, і падазраюць, што да іх выкрадання маюць дачыненне вышэйшыя службовыя асобы краіны.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.