Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў Івана Камара тэлефон, флэшку, жорсткія дыскі. Апроч гэтага таксама забралі дзве кнігі серыі «Беларуская турэмная літаратура», бо сказалі, што адзін з аўтараў кнігі, Ігар Аліневіч, “экстрэміст, і за гэта адбываў срок”.

У пятніцу, 18 сакавіка, а 6 гадзіне раніцы ў кватэру, дзе пражывае 17-гадовы хлопец Іван Камар, прыйшлі чатыры супрацоўнікі міліцыі (з ГУБАЗ), двое з якіх былі ў цывільным.

Міліцыянты паведамілі, што будзе праведзены ці то ператрус, ці то агляд нібы за распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў у сетцы інтэрнэт. Таксама з іх словаў, супраць хлопца заведзена адміністрацыйная справа, але непасрэдных прычын і падрабязнасцяў справы ніхто не называў.

Непаўнагадовы Іван Камар распавядае:

“Пасля таго, як я ўзяў у рукі тэлефон, супрацоўнік міліцыі адвёў мяне ў бок і пачаў пагражаць, калі я не прыбяру тэлефон, то са мной будуць размаўляць ужо па-іншаму. Таксама ён абражаў мяне мацюкамі. Бацькі не чулі гэтага, бо міліцыянт размаўляў са мной шэптам”.

Пры гэтым супрацоўнік міліцыі не патлумачыў, якім чынам ім замінае мой тэлефон. Адразу пры панятых-суседзях міліцыянты папрасілі Івана самому адчыняць розныя рэчы. Але пазней яны ўжо самі пачалі гэта рабіць, што ўжо больш паходзіла на ператрус.

У выніку супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў Івана тэлефон, флэшку, жорсткія дыскі. Апроч гэтага таксама забралі дзве кнігі серыі “Беларуская турэмная літаратура”, выдадзеныя ПЦ “Вясна”.

“Я спытаў у міліцыянтаў, што ў кнігах такога, што яны забіраюць іх. Яны ў адказ паказалі на Ігара Аліневіча і сказалі, што ён экстрэміст, і за гэта адбываў срок, а ў мяне яго кніга. Таму яны яе таксама забіраюць”,  распавядае Іван.

Міліцыянты таксама забралі тры світшоты вядомага брэнда Le Rеvoltе, футболку “Рэвалюцыя свядомасці” symbal.by, байку «Вызваленне жывёл» на веганскую тэматыку. Растлумачылі гэта тым, што “такія рэчы ў сэканд хэндах не прадаюць”. Адзін з міліцыянтаў таксама казаў, што яны будуць спрабаваць прыцягнуць мяне да адказнасці за продаж такіх рэчаў.

Паралельна адводзілі бацькоў Івана ў бок і паказвалі відэа розных анархічных акцый, пры гэтым беспадстаўна сцвярджаючы, што “іх сын таксама ў такіх удзельнічае”.

Напрыканцы міліцыянты далі падпісаць бацькам Івана нейкія паперы, але на просьбу пакінуць копію адказалі адмовай. Адзінае, што яны пакінулі, — нейкі нумар тэлефона, куды сказалі тэлефанаваць, каб дазнацца, калі вернуць канфіскаваныя рэчы.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: