ПВТ “праглыне” усіх , каго зможа, і не будзе на кім далей паразітаваць. 

Лукашэнка наведаў ПВТ 12 красавіка 2019 года, president.gov.by

 

У Беларусі могуць стварыць “хайтэк-універсітэт”, які зоймецца падрыхтоўкай кадраў для Парка высокіх тэхналогіяў. Прынамсі, такую выснову можна зрабіць са справаздачы заснавальніка VP Capital Віктара Пракапені пасля нарады ў Лукашэнкі.

“Такія “хайтэк-птв”, дзе ўсё арыентавана на зараблянне грошай, а не на самарэалізацыю, дзе любому можна заткнуць глотку рублём – мара сённяшняй ўлады”.

Намеснік старшыні Таварыства беларускай школы (ТБШ) Тамара Мацкевіч патлумачыла Беларускай праўдзе, чаму план Пракапенкі – утопія, спроба рэалізацыі якой прынясе толькі шкоду.

-Вярхі разглядаюць IT-сферу ледзь не як панацэю ад ўсіх эканамічных праблемаў. На нарадзе ў Лукашэнкі прынята рашэнне стварыць “хайтэк-універсітэт”, заснавальнікамі якога мусяць выступаць ПВТ, ягоныя рэзідэнты, БДУ ды БДУІР. Ці рэалізуемы гэта праект пры цяперашняй сістэме адукацыі ў краіне?

-Чаму не? Толькі гэта будзе не ўніверсітэт, а ПТВ для ПВТ. Бо універсітэт  – гэта перш за ўсё асяродак з багатай гісторыяй і традыцыямі, створаны для развіцця асобы, дзе даюцца фундаментальныя светапоглядныя веды, у тым ліку і гуманітарнага цыклю. Для ўніверсітэтаў важна мець акадэмічныя свабоды, каб раскрыць асобу студэнта, а не навучыць яго “кодзіць” ці класці цэглу.

Мне наадварот здаецца, што такія “хайтэк-птв”, дзе ўсё арыентавана на зараблянне грошай, а не на самарэалізацыю, дзе любому можна заткнуць глотку рублём – мара сённяшняй ўлады.

-Ці вырашыць універсітэт праблему забеспячэння рынку працы IT-кадрамі? Як сцвярджае Пракапеня, краіне трэба ў 5-10 больш айцішнікаў, чым здольныя падрыхтаваць існуючыя вну.

-Ну пачнем з таго, што вну кадры не рыхтуюць. Іх рыхтуюць бацькі і школа. А ВНУ толькі адбірае падрыхтаваную моладзь і дашліфоўвае. Ім ужо і цяпер няма з каго тыя кадры рабіць. Дзякуючы развіццю тэхнічных магчымасцяў навукоўцы змаглі назіраць працэсы, якія адбываюцца ў нервовай сістэме чалавека пры навучанні, і ўзнікла цэлая навука – кагнітыўная неўралогія. Дык вось, даследаванні паказалі, што  калі дзіця не развіваць у раннім дзяцінстве і школе, то вну з ягонымі здольнасцямі ўжо нічога не зробіць. Усе нервовыя сувязі, якія адказваюць за інтэлект, усталёўваюцца  нашмат раней, чым дзіця становіцца абітурыентам.

Сучасная педагогіка – гэта дакладная навука. Там любая інтэрвенцыя (па простаму – уздзеянне), любая навучальная методыка пралічваецца і мае свой паказчык эфектыўнасці. Напрыклад, вядома, што дзеці найлепш развіваюцца, калі навучаюцца ў камандзе, а не паасобку, сталыя нервовыя сувязі, якія адказваюць за доўгатэрміновую памяць і логіку, усталёўваюцца, калі ім навучацца цікава, калі ёсць напруга (напрыклад, складаныя задачы), але няма стрэсу.  Для гэтага распрацоўваюцца новыя методыкі навучання. Думаю, Пракапеня пра гэта ведае, або, пры жаданні, можа пачытаць. І ён выдатна разумее, што калі перакос у заробках і рознае стаўленне дзяржавы да  педагога і да IT-шніка, будзе захоўвацца, як цяпер, то праз пару год ПВТ “праглыне” усіх , каго зможа, і не будзе на кім далей паразітаваць.  Бо масавая школа з-за адсутнасці якасных кадраў і сучасных навучальных тэхналогій  “затупіць” самых здольных ужо да 5-6-га класа. Калі б ПВТ думаў пра кадры для сябе, то інвеставаў бы ў масавую адукацыю,  перападрыхтоўку настаўнікаў, выданне метадычнай літаратуры, а не ў стэм-цэнтры і гурткі робататэхнікі і для паказухі. А дзяржава б падтрымлівала настаўніка маральна і матэрыяльна.

-Заснавальнік VP Capital выклаў адмысловы план айціфікацыі краіны, які, у прыватнасці, прадугледжвае эксперыменты ў сярэдняй адукацыі. Што прапануе Пракапеня і ці можна гэты план рэалізаваць?

-У прынцыпе, ніхто не супраць IT-фікацыі краіны. Але план Пракапені – гэта шкодная утопія. Бо ён не прадугледжвае сістэмных зменаў, а без іх усё, нават добрае, што ён прапаноўвае, не спрацуе, толькі дыскрэдытуе гэтыя крокі ў вачах грамадства.

Напрыклад, прадметы па выбару, ранняя профарыентацыя, выбар замежных падручнікаў для перакладу і адаптацыі, празрыстыя крытэры для надбавак настаўніка і магчымасць яму складаць 30% зместу свайго прадмета – усё гэта прагрэсіўныя змены. Але толькі ўявіце, ува што гэта ператворыцца, калі будзе спушчана «зверху»! Без змены сістэмы кіравання адукацыяй, без большай свабоды і магчымасці абароны ад чыноўніка нічога гэта не запрацуе. Як не запрацавала падушавое фінансаванне, бо дзяржава не дала бацькам права выбару школы, а кіраўніцтву школ – права падбору кадраў, стымулявання найлепшых педагогаў, падбору методык і зместу.

Падручнік у нас толькі адзін, праграма у нас аднолькавя для ўсіх мільёна навучэнцаў. Такога няма нідзе ў свеце!

-Ці з’яўляецца айціфікацыя адукацыі часткай ейнага рэфармавання? Ці гэта нешта зусім іншае?

-Калі гаварыць пра ІКТ: выкарыстанне гаджэтаў, дыстанцыйных курсаў, перанос бюракратыі на электронныя носбіты і г.д. – то гэта ўсё толькі інструменты. Усё тут залежыць, у каго гэтыя інструменты ў руках.  Тут зноў усё ўпіраецца ў сістэму кіравання. Калі з дапамогай ІКТ будуць патрабаваць бюракратыю, якой становіцца толькі больш, то ніякай рэформы не будзе. А калі дырэктара школы будзе выбіраць Школьная Рада, а не прызначаць вертыкаль, то, відаць, такі дырэктар будзе думаць, як стварыць добрыя ўмовы для настаўніка і дзяцей, а не пра справаздачы наверх. Тады гэтыя інструменты могуць шмат у чым дапамагчы. Але, вядома, рэформа – гэта зусім іншае. Гэта сістэмная змена.

-Лукашэнка зноў назваў сітуацыю ў адукацыі “бардаком” і прыгразіў адстаўкай міністру Карпенку (паводле Пракапені). Ці падтрэбна беларускай адукацыі адстаўка міністра і ці прывядзе яна да якасных зменаў?

-Не хачу нічога гаварыць пра гэтых людзей. У іх іншыя функцыі, з адукацыяй ніяк не звязаныя.

Георгій Громаў, Беларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...