Заўсёды з захапленнем сачыў, як вынаходліва, творча працуе з пластылінам унук Францішак. Уражвала ўменне перадаваць у складаных архітэктурных сюжэтах самыя дробныя дэталі, а яшчэ выцягваць з падатлівага матэрыялу каларытныя чалавечыя абліччы, з якіх выразна чытаецца натура персанажа. 

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Цяпер мы з унукам сядзім ля дошак для лепкі і размаўляем не так часта, бо хлопец вырас, у яго з’явілася шмат новых заняткаў, галоўны з іх  —  вучоба ў беларускай гімназіі. Але бывае, каб адпачыць ад вучэбных нагрузак, ён бярэ ў рукі пластылін, і я зноў сачу за спрытнымі пальцамі. Адначасова гамонім на розныя тэмы, у тым ліку і пра народ, да якога належым.

У хвіліны, калі мы ўспамінаем не толькі выдатныя, але і непрыемныя факты далёкай і блізкай гісторыі, беларусы нагадваюць мяккі пластылін, з якога можна вылепіць што заўгодна. Нягледзячы на тое, што родная зямля нарадзіла і падарыла чалавецтву нямала таленавітых, нават геніяльных,  мужных і непахісных духам людзей, агульная народная маса не вызначаецца маральнай трываласцю і цягай да прафесійнай дасканаласці, яна лёгка паддаецца апрацоўцы як жыццёвымі абставінамі, так і любой прапагандай. Беларускія «памяркоўнасць і талерантнасць», якімі любяць выхваляцца «казённыя патрыёты», даўно звяліся да прагматычнага прыстасавальніцтва. Многія суайчыннікі валодаюць ім так дасканала, што здаецца  —  яно перадаецца з малаком маці. Пра гэтую генеральную рысу нашага менталітэту непераўзыдзена таленавіта напісаў Янка Купала ў неўміручай, надзённай п’есе «Тутэйшыя».

Я згодны з думкамі вучонага М. Кадырава пра мясцовы кіруючы клан, выкладзенымі ў матэрыялах, якія змешчаны ў інтэрнэце. Але трэба сумленна прызнацца, што «ўлада нягоднікаў» легла на спрыяльную глебу. У іншым народзе ўзурпатар і ягоныя памагатыя адразу атрымалі б рашучы адпор, а беларусы бяздумна на нешта спадзяваліся, «чакалі з мора пагоды». І вось дачакаліся!

Самабытны празаік Піліп Пястрак, пра якога бытуюць вясёлыя легенды, з якім пашчасціла сустракацца і размаўляць, часта казаў: «Сачыце за гэным чалавекам. Ён непрадказальная асоба. Можа выкінуць нечаканку». Пра такую нечаканку ў дачыненні да нашага народа разважаюць часта. Маўляў, беларусы трываюць, маўчаць, доўга запрагаюць, а затым знянацку — бах! — і грыміць змаганне за волю пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага або Слуцкае паўстанне.

Ні ў якай меры не прыніжаючы значэнне перамог у войнах і іншых гераічных айчынных падзей, звяртаю ўвагу на тое, што ў мірным жыцці ў нас ніколі не было з’яднанасці, стваральнага імпэту. Мы сапраўды здольныя на адчайны парыў, можам, калі прыпячэ, узяць у рукі косы, вілы або стрэльбы і пайсці супраць прыгнятальнікаў, але цярпліва будаваць лепшае жыццё не ўмеем. Выніковай эвалюцыі не атрымліваецца. Кожны раз мы вяртаемся ў рабства, з якога хацелі вырвацца.

Хісткі падмурак мае і наш гонар сынамі і дочкамі Беларусі, якія выявілі талент і адвагу за мяжой, сталі нацыянальнымі героямі ў розных краінах. Ці думаем мы над тым, чаму яны выехалі на чужыну, не змаглі рэалізавацца дома? Адказ ляжыць на паверхні: таму што ў нашым краі здаўна няма свабоднай жыццёвай атмасферы. Насельніцтва татальна закамплексаванае, не нацэлена на нацыянальнае будаўніцтва і самазахаванасць, пагаджаецца на падпарадкаванне любой, нават рэакцыйнай уладзе, традыцыйна займаецца  прыстасавальніцтвам, агрэсіўна не прымае сваіх герояў.

Таленавітыя людзі (асабліва маладыя!) не хочуць жыць і працаваць у рабскіх умовах, едуць туды, дзе ёсць свабода. Яны правільна лічаць, што чалавек павінен сам распараджацца сабою, кіраваць сваім лёсам.

Прыстасавальніцтва ў Беларусі расце, што бачна з паводзінаў пакалення тых, хто нарадзіўся перад развалам СССР або адразу пасля 1991 года і рос, выхоўваўся ва ўмовах аўтарытарнай улады. А прыклад беспрынцыпнасці, прадажнасці, перабежак з аднаго лагера ў другі паказвалі прадстаўнікі старэйшага пакалення.

Ведаючы, што нічога не памяняецца, што перспектывы няма, людзі дэградуюць, асабліва ў плане культуры і маралі. Ну няўжо гэта нармальнае жыццё, калі размовы ў народзе вядуцца толькі пра нізкія заробкі і пенсіі, пра высокія кошты, пра тое, ці дасць Расія пазыку і нафту, ці знізіць цану на газ? Гэта падобна на ціхае ва­р’яцтва.

Улада ходзіць па замкнутым коле, вяртаючыся нават не на зыходную пазіцыю, а спаўзаючы ў мінус, і людзі бяздумна тупаюць за ёй. Прытым чыноўнікі нахабна прысабечылі права гаварыць ад імя народа. Свежы факт  —  падман з наданнем вуліцам імёнаў К. Тураўскага, В. Быкава, У. Караткевіча. Рэагаваць на кожную хлусню і дурноту, тыцкаць начальнікаў носам у іх  — стала цяжка. Народ толькі ў здзіўленні адкрывае рот!

Лічу дзікунствам нянавісць да беларускасці, якая бытуе ў зрусіфікаваных пластах грамадства. Чужынцаў, якія прыязджаюць, абкрадаюць і ўцякаюць, мы прымаем у абдымкі, а сваіх прыстойных людзей адпрэчваем. Біцеся як рыба аб лёд, М. Статкевіч або З. Дашкевіч, за лепшую будучыню, а мы падтрымліваць разумныя ідэі не будзем.

Зямлячка, якая рэгулярна чытае «Снплюс», падзялілася ў лісце думкамі: «Вы пішаце, што дыктатары трымаюцца за ўладу. Так, але яны трымаюцца з маўклівай згоды насельніцтва, якое назваць народам нельга. /…/ Людзі абураюцца, што дарагія лекі, цэны растуць, не павышаюцца пенсіі, а ў цэлым усё добра. /…/ Калі якія беды і напаткаюць каго, то гэта таму, што Амерыка нам шкодзіць, хоча нас парабаціць. Вось такое разуменне ў нашых землякоў. Пра будучыню дзяцей, унукаў ніхто і не думае. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў многія напагатове трымалі пашпарты, каб хутчэй паставіць подпіс за адзінага. Калі я сказала: «Не!», то на мяне глядзелі, як на вар’ятку…»

У пачатку ліста аўтарка напісала: «Віншую Вас з юбілеем і жадаю дажыць да перамен. Я раней лічыла, што дажыву, а зараз думаю, што не. Занадта ўжо ўсё жалезабетонна». А закончыла яго так: «Падумайце, ці варта змагацца за лепшае будучае такіх людзей, ім і так добра. У нас «стабільнасць»!

Я ўдзячны шаноўнай Людміле за ліст і віншаванне. Разам з пажаданнем добрага здароўя хачу перадаць ёй і ўсім чытачам настроенасць на аптымізм. Нягледзячы на відавочную крытычнасць маіх роздумаў, яны заўсёды не пахавальныя, а стваральныя, прасякнутыя надзеяй і пішуцца дзеля лепшай беларускай долі.

Напрыклад, я ўпэўнены ў тым, што мой унук і яго многія сябры не стануць людзьмі, вылепленымі паводле мадэлі аўтарытарнай прапаганды, бо з маленства навучыліся распазнаваць хлусню і праўду, гвалт і справядлівасць, зло і дабро, маюць у душах стрыжань маральнай непахіснасці.

Але не ўсё проста. Асяроддзе, у якім пануе культ сілы і незаробленых грошай, атмасфера прадажнасці і халуйства, моцна цісне на прыстойнага грамадзяніна. Як не зламацца, захаваць прыродныя і набытыя выдатныя чалавечыя якасці, жывучы ў пластылінавым народзе?

Гэтае пытанне патрабуе абмеркавання ў маштабах краіны. Але асабіста раблю выснову  —  не лепшыя людзі павінны нівеліравацца да прымітыўнай большасці, а пластылінаваму народу трэба вучыцца прынцыповасці, адвазе ў больш смелых і мужных суайчыннікаў, мацнець душой, станавіцца цвёрдым у адстойванні незалежнасці, нацыянальных святыняў  —  роднай мовы, культуры.

Сяргей Законнікаў, “Свободные новости плюс”

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: