У менскім Прэс-клюбе амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі сустрэўся з журналістамі. Радыё Свабода дае справаздачу з сустрэчы.

Амбасадар Польшчы Артур Міхальскі

 

Пра двухбаковыя стасункі

«Мы робім усё з адной мэтай, каб адкрываць наноў наша суседзтва і каб успрымаць гэтае суседзтва як шанец, а не як пагрозу альбо нешта індыфэрэнтнае. Гэта важна. Калі мы будзем зыходзіць з гэтага, то, пэўна, розныя рэчы, і няпростыя, якія зьяўляюцца паміж намі, будуць вырашацца, магчыма, хутчэй і ў лепшы бок.

Адыходзячы год быў добры ў беларуска-польскіх стасунках. Дынаміка пазытыўная. Я спадзяюся, што яна дапаможа вырашаць розныя рэчы. І чым больш будзе супрацоўніцтва ў розных галінах, тым больш мы ўбачым, што мы многа выйграем ад суседзтва. Тады мы бачым усе рэчы, якія патрабуюць вырашэньня, больш цяжкія, празь іншыя акуляры».

Пра лёс дамовы аб прыярытэтах партнэрства ЭЗ-Беларусь

«Польшча — адвакат ад самага пачатку. Вы памятаеце, хто прапанаваў ідэю „Ўсходняга партнэрства“. Адны краіны пайшлі адным шляхам, другія іншым. У нас ёсьць пагадненьне пра бязьвізавы рэжым з Малдовай, Украінай і Грузіяй. Іншыя краіны падышлі да гэтага іначай. Але трэба працаваць, калі ёсьць нейкае жаданьне. Польшча не была і не зьяўляецца нейкай перашкодай, мы поўнасьцю за тое, каб як мага шырэй разьвіваць супрацоўніцтва паміж ЭЗ і РБ. Настолькі, наколькі Беларусь гэтага захоча ».

Пра візы

«Мы выдаём больш за 400 тысяч шэнгенскіх візаў штогод. Гэта больш за палову ад усіх візаў, якія выдаюцца, і попыт расьце штомесяц, штогод Цяпер мы ведаем: штогод колькасьць ахвотных расьце, і няма падстаў казаць, што яна зьменшыцца. Колькасьць будзе расьці. Людзі цяпер больш падарожнічаюць. Тое, што мы маем цяпер, — чэргі ў нас вялікія і попыт вялікі ».

Пра эканамічнае супрацоўніцтва

«Ёсьць вельмі моцны патэнцыял, людзі насамрэч хочуць працаваць са сваімі бліжэйшымі суседзямі. Усё больш палякаў хочуць інвэставаць у Беларусь. Польшча зрабіла вельмі моцны рывок наперад, моцна мадэрнізавалася, у Польшчы многа бізнэсу, які шукае новых магчымасьцяў. І найлепшы варыянт — рабіць бізнэс з бліжэйшымі суседзямі ».

Пра палякаў у Беларусі

«Важна, каб мы ўсьведамлялі, што ў Беларусі жывуць розныя нацыянальнасьці, у тым ліку і палякі, якія моцна зьвязаныя зь беларускай культурай, але адначасова лічаць сябе людзьмі польскага паходжаньня. Яны таксама хочуць разьвіваць свае культурныя, рэлігійныя традыцыі і вывучаць польскую мову. Мы рады, што гэтыя магчымасьці паступова адкрываюцца.

Самае галоўнае, каб палякі тут мелі поўную свабоду аб’ядноўвацца ў тыя арганізацыі, у якія хочуць ».

Пра культурныя сувязі

«Палякам і беларусам трэба паглядзець у наша мінулае і ўбачыць, колькі там выдатных момантаў у доўгай гісторыі. Вельмі часта былі добрыя, гарманічныя стасункі. Як заўсёды ў гісторыі, карцінка ня толькі ружовая. Але варта наноў адкрываць нашу агульную спадчыну.

У наступным годзе выдатны юбілей Станіслава Манюшкі, якога мы лічым бацькам польскай нацыянальнай опэры. Мы ведаем, што ў Беларусі таксама лічаць Манюшку бацькам беларускай опэры. Ёсьць людзі, якія нас зьвязваюць. І трэба адзначаць рэчы, якія нас моцна аб’ядноўваюць, каб мы адчувалі сябе бліжэй».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: