Ксёндз Кшыштаф Пасвята CSMA нясе служэнне ў мястэчку Гатава пад Мінскам, дзе будуе новы касцёл. Але cкончыць распачатую будоўлю не паспее — да 30 красавіка ён павінен выехаць з Беларусі.

За апошні год ён тройчы перавысіў хуткасць на дарозе, што прывяло да адмовы ў падаўжэнні дазволу на служэнне.

Перамовы выніку не далі

27 красавіка Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч правёў сустрэчу з Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанідам Паўлавічам Гулякам, падчаc якой вырашалася, ці зможа кс. Кшыштаф несці далейшую працу на Беларусі.

Але пазітыўных навін сустрэча не прынесла.

Згодна з Пастановай аб прабыванні замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, прынятай у Беларусі ў 2008 годзедва і больш адміністратыўныя парушэнні могуць прывесці да адмовы ў прабыванні.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч звярнуў увагу на наступны момант:

«Закон аб прававым становішчы замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, прыняты ў Беларусі ў 2010 годзе, гаворыць, што замежнік можа не атрымаць візу, калі мае пяць і больш адміністратыўных правапарушэнняў.

Гаворка ідзе пра пяціразовае парушэнне, а не двух- ці трохразовае. Выходзіць, замежнікаў дзеляць на два гатункі: просты чалавек і святар. Гэта сапраўдная дыскрымінацыя замежных святароў.

Ніхто не ставіць пад сумнеў, што беларускія законы павінны захоўвацца, але гэты юрыдычны аспект варта ўлічваць».

***

Упершыню ў Беларусь кс. Кшыштаф прыехаў у 1992 годзе яшчэ дыяканам. Тады яго вельмі кранула вера беларусаў і іх гасціннасць. Праз 20 гадоў ён вырашыў прыехаць сюды ўжо на душпастырскую працу.

Чытайце па тэме:  Тадэвуш Кандрусевіч асудзіў бальшавіцкую рэвалюцыю, заклікаў улады зрабіць Дзень Усіх Святых і Дзяды выходнымі

Сёння святар-міхаліт — пробашч парафіі Св. Міхала Арханёла ў Гатаве. Дзякуючы яго намаганням тут быў узведзены пастырскі цэнтр для дзяцей і моладзі з капліцай і араторыем. А цяпер ідзе будаўніцтва касцёла.

Гэта будзе пяціметровая святыня, адна з вежаў якой будзе дасягаць 35 метраў у вышыню.

«Касцёл разлічваем пабудаваць за пяць гадоў, гэта будзе першая каталіцкая святыня ў Гатаве», — адзначае святар. 

«На тэрыторыі парафіі, да якой адносяцца таксама прылеглыя Міханавічы і Мачулішчы, жыве каля дзевяці тысяч чалавек. Тут ёсць царква, касцёла ж яшчэ не было».

Першы паверх касцёла ўжо ўзведзены.

«Вось — уваход у святыню. Крыху далей — бакавыя навы, у адной вельмі зручна можна будзе размясціць стаенку на Божае Нараджэнне», — расказвае святар.

«У будаўніцтве вельмі дапамагаюць ахвяраванні вернікаў з Польшчы, а таксама падтрымка ордэна міхалітаў, да якога я належу, — працягвае святар. — Свой уклад робяць і мясцовыя парафіяне, ахвяруючы хто колькі можа. Святыню будуем усе разам».

***

Афіцыйнай прычынай неўзгаднення далейшага служэння сталі парушэнні правіл дарожнага руху. Святар не адмаўляе: так, парушэнні былі.

«Галава часта забітая клопатамі пра служэнне, пра парафію — і не заўсёды, націскаючы на педаль, бачыш, на якой хуткасці едзеш. Але калі парушыў, можна забраць аўтамабіль, забараніць ездзіць на нейкі перыяд, але навошта высылаць мяне з Беларусі, якую я так палюбіў?..» — уздыхае святар.

Чытайце па тэме:  Біскупы Беларусі скіравалі ліст Прэзідэнту з просьбай усталяваць 1 лістапада выхадным днём

***

Мы сядзім на кухні ў пастырскім цэнтры і частуемся гарбатай, якую для нас заварыў пробашч.

Святар паказвае даведкі на служэнне, якіх за гады працы ўжо назбіралася на цэлую папку — кожную з іх ён акуратна складвае ў асобны файл.

Дазвол на служэнне заўсёды выдаваўся на пэўны тэрмін: тры месяцы, паўгода, год. І праз пэўны час яго трэба было працягваць. І так з усімі замежнымі святарамі і кансэкраванымі асобамі, якія працуюць у Беларусі.

«Так, я паляк, але святую Імшу я заўсёды цэлебрую па-беларуску. Я служу людзям і не разумею, чаму людзей трэба пазбаўляць душпастыра, які прыехаў сюды, каб служыць», — заключае святар.

Мы распытваем пробашча пра далейшы лёс парафіі, але ён толькі паціскае плячыма: пакуль невядома, хто стане яго наступнікам і працягне будаўніцтва касцёла.

Cёння ў Беларусі служаць толькі двое міхалітаў-беларусаў, але ў кожнага з іх свая парафія і свае душпастырскія абавязкі.

Ксёндз Кшыштаф прыносіць тоўстыя альбомы з раздрукаванымі здымкамі — архіў парафіі.

Гісторыю кожнага альбома кс. Кшыштаф можа расказваць гадзінамі — парафія паўставала на яго вачах.

У гэтых чатырох альбомах — жыццё гатаўскіх парафіян з 2004 года, калі парафію толькі зарэгістравалі.

Спачатку пабудавалі невялікі «вагончык» для малітваў, затым распачаўся этап будаўніцтва пастырскага цэнтра. Вось будаўніцтва скончылася, прыехаў біскуп на ўрачыстае адкрыццё…

Чытайце па тэме:  Беларускі фонд міру ўзнагародзіў Мітрапаліта Кандрусевіча медалём міратворца

«А гэта дзяўчынка, якая сядзіць на руках у мамы, сёння ўжо рыхтуецца да Першай Камуніі», — паказвае святар. Бачна, што кожны здымак нагадвае яму пра асаблівую падзею ў парафіі.

***

2 мая святар адзначыць 25-годдзе прэзбітэрскага пасвячэння. Але адсвяткаваць гэту падзею ў Беларусі з парафіянамі не зможа.

«Вельмі шкада, што так адбываецца. Ён так шмат зрабіў для Касцёла ў Беларусі і мог бы зрабіць яшчэ больш…» — з горыччу заключае Мітрапаліт Кандрусевіч.

Ілья Лапато, Фота: Аляксандра Шчыглінская, Catholic.by

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: