У размовах і дыскусіях пра першага прэзідэнта Беларусі часам ад самых розных людзей – альбо жартам, альбо ўсур’ёз – даводзілася пачуць, што ў свой час Лукашэнку паставяць помнік.

cygankou

І гучыць гэта зусім не ад зацятых лукашыстаў (якія баяцца такое казаць, бо лічаць гэта нейкай адваротнай варожай прапагандай), але ад цалкам адэкватных людзей, якія нібыта проста рэалістычна канстатуюць стан беларускай грамадскай свядомасці. Маўляў, які ні ёсць, але дэ-факта «бацька нацыі», нічога тут не зробіш – калі дажывем, будзем хадзіць каля ягоных помнікаў ды плявацца.

Што ж, паспрабуем адкінуць эмацыйны і маральны аспект гэтай тэмы (як бы цяжка ні было гэта зрабіць у выпадку з Лукашэнкам) і паразважаем чыста практычна і, можна сказаць, цынічна на тэму, ці магчымы калі-небудзь у Беларусі помнік Лукашэнку.

Возьмем для пачатку аптымістычны варыянт. Праз пэўны, нам невядомы, час (і праз пэўную колькасць беларускіх лідэраў) у краіне запаноўвае дэмакратыя, Беларусь заяўляе пра імкненне ўступіць у еўрапейскую сям’ю народаў (ці гэта будзе Еўразвяз, ці нейкая ўсходнееўрапейская супольнасць). У гэтым варыянце «школьная» гістарычная ацэнка Лукашэнкі будзе выглядаць так, як, на маю думку, яна і павінна выглядаць – аўтарытарны кіраўнік, пры якім адбыліся дзяржаўны пераварот, знікненні (альбо забойствы, калі гэта будзе даказана) палітычных апанентаў, фальсіфікацыя выбараў, абмежаванне свабоды грамадзянаў ва ўсіх сферах жыцця ад палітыкі да эканомікі, аднабаковая залежнасць ад Расіі, звужэнне выкарыстання беларускай мовы (і заўважце, што я яшчэ выбіраю самыя мяккія фармулёўкі!).

Няма ніводнай падставы лічыць, што ў дэмакратычнай, незалежнай, прававой, праеўрапейскай Беларусі палітычная ацэнка Лукашэнкі будзе пазітыўная. Мы назіраем на прыкладзе краінаў Лацінскай Амерыкі, як праз дзесяцігоддзі грамадства расстаўляе гістарычныя і юрыдычныя кропкі над «і» ў ацэнках прадстаўнікоў ваенных хунтаў 70–80-х. Ад Аргентыны да Чылі палітыкаў і генералаў судзяць за канкрэтныя дзеянні, нягледзячы на спрэчкі вакол эканамічных ды палітычных поспехаў, дасягнутых краінамі ў той час. У Гішпаніі ў канцы 2008 году дэмантавалі апошні помнік генералу Франсіска Франка, які ўзначальваў краіну амаль 40 гадоў.

А Пілсудскі? – спытаюць мае гіпатэтычныя апаненты. «Начальнік дзяржавы», аўтарытарны кіраўнік, дзяржаўны пераварот, турмы для палітычных апанентаў – усё гэта было, але ж у Польшчы яму стаяць помнікі! Так, стаяць. Але трэба разумець гістарычны кантэкст, у якім мы павінны ацэньваць палітыкаў мінулага. Мы ж не папракаем заснавальнікаў ЗША (якія былі рабаўладальнікамі) у тым, што яны не змагаліся за расавае раўнапраўе, а князя Вітаўта – у адсутнасці барацьбы за правы жанчын, напрыклад. І ў 1930-я гады, у часы Пілсудскага, аўтарытарызм і пасадкі палітычных апанентаў былі звычайнай для таго часу і для нашага рэгіёну практыкай, на агульным фоне рэжым «санацыі» быў далёка не самы крыважэрны.

Аднак Лукашэнка кіруе еўрапейскай краінай у 21-м стагоддзі, і ацэньваць яго нашы наступнікі будуць з гледзішча адпаведнасці сённяшнім каштоўнасцям, дзе правы чалавека, наяўнасць палітзняволеных, палітычныя ды эканамічныя свабоды выходзяць на першы план. А Лукашэнка не толькі не адпавядаў часу, ён цягнуў Беларусь назад. Дый, пагадзіцеся, Пілсудскі не заяўляў, што на польскай мове нельга выказаць нічога вялікага, не называў палякаў немцамі са знакам якасці, а змагаўся за максімальную незалежнасць сваёй краіны, найперш ад Расіі.

Дарэчы, калі гіпатэтычна ўявіць самы катастрафічны варыянт будучыні, пры якім Беларусь часова ўвойдзе ў склад Расіі (у што я асабіста абсалютна не веру, бо хутчэй сама Расія «зменіць свае тэрытарыяльныя межы», іншымі словамі, разваліцца). То з якой радасці расійцы будуць ставіць помнікі Лукашэнку? Хітруну, які цягнуў з Расіі рэсурсы, адмаўляўся далучацца, будаваў за расійскія грошы ўласную незалежную дзяржаўнасць, паддобрываўся да Захаду, не падтрымаў вайну з Украінай, заўсёды меў сваю фігу ў кішэні?

Вядома, што гісторыю пішуць пераможцы. Якой становіцца нацыя, якія каштоўнасці яна вызнае – зыходзячы з гэтага, яна і стварае пантэон сваіх герояў, выбірае іх з шалупіння падзеяў, адных узвышае, іншых ацэньвае крытычна альбо зусім забывае дзеля непатрэбнасці.

І мне нават цяжка ўявіць той нерэальна-змрочны сцэнар беларускай будучыні, у якім Лукашэнка можа стаць станоўчым нацыянальным героем.

Крыніца: Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...