За апошні месяц жыхары Гомельшчыны атрымалі два палымяныя прывітанні ад Савецкага Саюза. Спачатку ў Жыткавіцкім раёне, а потым у самім Гомелі былі прызнанымі аварыйнымі два стратэгічныя масты, якія будаваліся ў канцы 1980-х гадоў. На адным з іх, які знаходзіцца каля Жыткавічаў, забаронены нават рух пешаходаў.

Мост у Жыткавічах, які трэснуў, vk.com/ztk_online

 

Калі б не вайскоўцы і супрацоўнікі МНС, якія пабудавалі ў ста метрах ад праселага пуцеправоду пантонную пераправу, палешукам давялося б дзясяткі кіламетраў цягнуцца да бліжэйшага парома.

І вось чарговы падарунак гомельцам ХХІ стагоддзя ад савецкіх будаўнікоў. У першыя дні новага году мы дазналіся, што, аказваецца, мост аналагічнай канструкцыі праз раку Сож – таксама аварыйны. Пакуль што легкавікам дазволена праязджаць па мосце, а вось грузавому транспарту давядзецца шукаць аб’езд. У абодвух выпадках прычынай разбурэння канструкцый стала пашкоджаная карозіяй арматура.

Дзяржаўныя арганізацыі, адказныя за тэхнічны стан мастоў, сцвярджаюць, што ўсе праблемы – з-за таго, што ў 1980-я ў будаўнікоў не было ані тэхналогій, ані патрэбных матэрыялаў.

Слухаеш такое і разумееш, што Савецкі Саюз – адно з самых вялікіх непаразуменняў у гісторыі чалавецтва. Старажытныя рымляне, якія яшчэ пару тысячаў год таму будавалі віядукі ў больш складаных умовах, нервова паляць люльку ў баку. Не ведалі нічога небаракі-будаўнікі рымскага Моста Фабрыцыя ў 62 годзе да нашае эры пра складаныя рэльефы Гомельшчыны і няякасную савецкую арматуру. Але гэта ім не перашкодзіла пабудаваць мост, які дзейнічае дагэтуль.

Дзяржаўныя рэвізоры паведамляюць, што ў Беларусі мастоў аналагічнай канструкцыі, якія неўзабаве могуць быць аднесеныя да катэгорыі аварыйных, – яшчэ чатыры. Глядзіш, праз пару гадоў можна будзе турыстычны брэнд прасоўваць: краіна аварыйных мастоў. Не надта бяспечна, затое рамантычна. А аматарам савецкай якасці раім здзейсніць шпацыр праз Прыпяць па тым самым жыткавіцкім мосце, пралёты якога праселі на паўметра.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: