Пра прыгоды “Олівера Твіста” на беларускай мове расказвае перакладчык Яўген Бяласін.

“Олівер Твіст”. Фота з менскай прэзентацыі.

Як хлопчык Олівер загаварыў па-беларуску 

“Олівер Твіст” – гэта раман класіка сусьветнай літаратуры Чарльза Дыкенса. У 2012 годзе сьвяткавалі 200-я ўгодкі яго народзінаў. Тыповы раман выхаваньня, надта сентыментальны, пра хлопчыка-сірацінку, які рос у працоўні, пры ўцёках ад невыноснага там жыцьця трапіў у лапы лонданскай крымінальнай банды, складзенай з падлеткаў, але верыў у Бога, і добрыя джэнтльмены, якія пракідваліся там-сям у рамане, адбілі яго з-пад улады і ўплыву злыдняў. Пераклад на беларускую выконваўся мною на вусную дамоўленасьць з рэдактарамі “Мастацкай літаратуры” пачынаючы з 1992 года. Перакладаў з арыгінала. Англійская мова для мяне другая, вялікага досьведу перакладу зь яе ў мяне на той час не было. Таму праца заняла два з паловай гады. Седзячы з сям’ёй (дзеці яшчэ малыя былі) у студэнцкім, фактычна, інтэрнаце, наклацаў на машынцы каля 900 машынапісных аркушаў. Здаў іх замоўцам. Паколькі адказу доўга не было, з нагодаю зайшоў у выдавецтва. Там сядзелі ўжо іншыя людзі. “Пісьмовай дамовы з Вамі не было, у плане на гэты год кніга не значыцца”, – быў адказ. Добра, што хоць рукапіс не згубілі, часткамі аддалі.

Манускрыпт праляжаў яшчэ 15 гадоў без руху. Але аднаго разу, калі пасьля “забароны на прафесію” яе памяняў і прыйшоў крыху да нейкіх грошай, падумаў: дык гэта ж падвойная нейкая несправядлівасьць атрымліваецца з беларускім Оліверам Твістам. Зноў апынуўся сіратою, выгнанцам, трапіў у крымінальны нейкі асяродак. Жыцьцё пад пагрозай. Не дам яму памерці тут! Уклаў даволі вялікую суму грошай, эквівалентную неблагому англійскаму аўтамабілю,  у рэвіталізацыю дзіцяці – дамовіўся аб публікацыі кнігі ў прыватным выдавецтве. Сеў на дзевяць месяцаў за двайную праўку перакладу (з машынапісу на кампутарны набор і з “тарашкевіцы” на “наркамаўку” – бо ў школах беларускую мову ўжо “апусьцілі” па поўнай праграме, адмяніўшы беларускія школы паводле працэнтоўкі насельніцтва і ўзяўшы курс на савецкую суадносіну паноўнай расейскай (рускай) і беларускай моў). Заадно вывяраўся і пераклад, прычым давялося папрацаваць шчытна: рэдактарка нядаўна закончыла філалогію ва ўніверсітэце і атакавала мае жывыя варыянты са слоўнікам наўзважку. Чатыры разы ездзіў у Менск на спарынгі, якія не закончыліся вайной толькі таму, што мы абодва ўсьведамлялі: абмеркаваньне ідзе на карысьць перакладу. Не праміну зацеміць: мірныя перамовы, аднак былі, – з дастаткова тонкімі дыпламатычнымі хадамі і ўгодамі.

Асаблівасьці кнігі і першай яе прэзентацыі

Дызайн замовіў мясцоваму маладому мастаку, ён вырабіў некалькі варыянтаў афармленьня ды ілюстрацый на выбар. Адмысловы зрокавы шэраг стаў адной з адметнасьцяў кнігі. Другую, падумаўшы, дадаў сам – слоўнічак прыблізных асацыятыўных псіхалінгвістычных беларускіх адпаведнікаў асабовых імёнаў. Бо ж амаль усе яны ў Дыкенса “гаворачыя”. Крэкіт (ад “to crack” “ламаць, раздушваць”) гэта ж яўна “ўзломшчык” –  сэйфаў або дзьвярэй. Ды адкуль беларускаму чытачу ўцямна. А вось адкуль  – са слоўнічка ў канцы кнігі. “Ламавеня” або “Лом-Ламніцкі”, вось як чуе англічанін гэтае “Крэкіт”. Ня лішняя веда, пагадзіцеся.

Арыгіналы ілюстрацый да беларускага перакладу рамана.

Выдавец пастараўся, і кнігу на 200-гадовы юбілей аўтара прэзентавалі ў пасольстве Велікабрытаніі ў Менску. Прыйшлі з паўсотні журналістаў, папілі вінка, паслухалі. Двое напісалі. Што ж, не належу да сталічных тусьнякоў ды іх заўсёднікаў. Пакрыўдзілі мяне, як у свой час Олівера Твіста ў Англіі. Ну ды я дарослы, трывушчы, з тоўстай скурай, сам каго хочаш пакрыўджу, дакладней, папраўлю, калі палезе ў крыўду\няпраўду.

Чытайце па тэме:  Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў Варшаве вачыма ўдзельніка

Як складваецца лёс Олівера Твіста ў Беларусі

У кнігі ў Беларусі такой, якой яна ёсьць апошнія дваццаць гадоў, складваецца няпросты лёс. “Белкніга” пакуль цэнтралізавана не ўзяла раман Дыкенса ў распаўсюд. Разыходзіцца “Олівер Твіст”, фактычна, коштам энтузіязму выдаўца, з перапынкамі, бо кнігам на беларускай мове, якія выйшлі не ў дзяржаўных выдавецтвах, у афіцыйным кнігагандлі, збольшага, ня радыя. Гэты класічны дзіцячы раман сусьветнай літаратуры пацяпер знаходзіцца па-за нашай афіцыйнай сістэмай адукацыі і выхаваньня. Асабліва паказальны лёс рамана тут, у Берасьці, і паказальны літаральна на такім прыкладзе.

1 верасьня 2016 года VELCOM (ёсьць такі мабільны аператар у Беларусі, забясьпечвае даволі добрую сувязьЯ.Б.) запрасіў мяне ў якасьці журналіста на ўрокі беларускай мовы, якія давалі галоўны рэдактар афіцыйнага часопіса для дзяцей “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі і вядомы акцёр Юрый Жыгамонт. Адзін з урокаў прызначылі ў афіцыйна беларускай гімназіі ў мікрараёне Рэчыца. Падумаў і ўзяў з сабою асобнік “Олівера Твіста” – каму-каму, а гэтым дзеткам акурат такая кніжка патрэбная. Не размова-таўчэньне вады ў ступе, а сусьветная класіка, прызнаны раман выхаваньня. Хоць пэўная яе клерыкальнасьць і “ружовасьць” у сэнсе  ідэалогіі – Дыкенс быў у згодзе з павевамі часу стыхійным “справядліўцам”-сацыялістам, –  мяне асабіста як прыватнага чалавека з крыху іншым сьветаглядам і напружвалі зьлёгку, але гэта ж якраз у рэчышчы цяперашняй палітыкі. Ды і я ні пры чым, бо як перакладчык мушу быць толькі ценем велічнай постаці Чарльза Дыкенса.

Пасьля ўрока застаўся крыху з дырэктаркай, распавёў ёй коратка пра кнігу, мастака, ягоныя ілюстрацыі, арыгіналы якіх уставіў у рамкі і паказваю на сустрэчах, выхады на англійскую мову. Карацей, абазначыў прывабныя для педагогаў месцы. Пакінуў каардынаты.

Прайшло першае паўгодзьдзе – зь “беларускай” гімназіі сігнала не было. “Зьвярсталі планы, – падумалася. – Пасьля Новага года, мабыць”.

Але і апасьля поўны маўчок. Паехаў па ступеннага ўжо бедалагу Олівера Твіста. Дырэктаркі не аказалася на месцы. Пахадзіў крыху будынкам, – быў у ім гадоў з 30 таму назад, калі яшчэ маладым выкладчыкам педінстытута кватараваў на Рэчыцы і прыходзіў на школьны стадыён іграць у футбол. Шыльды беларускія. Але педагогі ўзаемнічаюць выключна на расейшчыне. А на другім паверсе знайшоўся і даволі нечаканы ключ да разуменьня чарговай злыбеды Олівера Твіста. На стэндзе былі памешчаныя шэраг фота і каментары да іх. Гімназісты, – збольшага дзяўчаты, – у ваеннай форме. Стаяць каля Вечнага агню, ззаду гіганцкая галава, прататып якой  савецкі пралетарскі паэт Маякоўскі, наколькі мне вядома. Галоўны манумент Брэсцкай крэпасці. Ідуць парадным крокам па пляцы Цэрэманіялаў. Мяняюць караул. А вось іх больш – дэлегацыя ў якасці “дыпламатаў міру” пабывала ў Наварасійску, абмянялася досьведам. “Дык гэта ж увасабленьне антыўтопіі Оруэла “мір гэта вайна, праўда гэта хлусьня”, – падумалася. І яшчэ стала відавочна, што ў такой атмасферы бедны англійскі сірацінка ня выжыве. Толькі гэта падумалася, як ззаду зычны голас: “Что Вы это тут делаете?”. Сакратарка. З прэтэнзіяй да дарослага чалавека. Чаму не пакінуў іх “выхавальню”. Маўляў, рэжымны аб’ект.

Чытайце па тэме:  Майдан і лямант

Хаджэньне ва ўніформе – дамінанта выхаваньня многіх брэсцкіх школак.

Патлумачыў, што такая ў мяне работа. І што буду фатаграфаваць, што палічу патрэбным. “А нават Вас”. Ідучы на выхад, згадаў, як гады з два таму ў вольны вечар перад пералётам у Вену наведаў Варшаўскі ўніверсітэт, месца працы майго дзеда, звольненага адтуль і выселенага з “мяста”, бо не схацеў назвацца палякам, застаўся “беларусінам”. Зайшоў у хол малога будынка, дзе адміністрацыя. Недзе далёка цепліцца настольная лямпа. Вахцёр сядзіць. Па вялізнай параднай лесьвіцы падняўся наверх. Партрэтны хол разьлеглы, на сьценах выявы рэктараў. Воддаль мільгнула шыльда з падсьветкай. WC.  Вось, думаю, трэба. Зайшоў, справіў патрэбу, памыўся. Ну дык хоць неяк менш крыўдна цяпер за дзеда. Народны ўніверсітэт, папраўдзе.

А тут школка нейкая на ваенным палажэньні, і ты ў ёй чукчаю. Нягледзячы на што там мэкаў пра нейкага Олівера Твіста. Ім ён да дупы. Ім “строевым и на выход. Пока что без вещей.” Вось якая мова бягучым радком у гэтых галовах.

Што ж, трэба эвакуіраваць адсюль беднага англійскага бязбацькавіча як мага хутчэй. Не пакідаць жа ім. Здадуць у макулатуру – заб’юць, насуперак  гуманістычна прапісанаму ў арыгінале лёсу.

Здрастуця, мы казакі

Другую кропку адліку для апісаньня выхаваўчага цела атрымаў гэтай вясной і таксама суаднёс з Оліверам Твістам. Суаднёс, таму што прапаноўваў узяць сірацінку ў школы мясцовым кіраўнікам больш высокага рангу, чым дырэктарка псеўдабеларускай, магу цяпер упэўнена напісаць, гімназіі. Але яны бяруць вось што.

Напрыканцы навучальнага году дзецям малодшых класаў адной са школ іншага, чым Рэчыца, мікрараёна ў якасьці такой сабе кропкі ў канцы сказа прапанаваныя былі экскурсіі ў цікавыя месцы. Вядома, Брэсцкая крэпасьць зь яе мілітарысцкі мутаванай, закамуфляванай пад абарону агрэсіяй тут па-за канкурэнцыяй. Але зьдзівілі больш рафінавана. Сабраўшы 12 з паловай рублёў з носу (кошты гаспадара аб’екта паказу), малых пагрузілі ў аўтобус і завезьлі за два кіламетры ад Брэста ў “Казачью станицу” . Так называецца афіцыйна зарэгістраваная арганізацыя, якая мае коней і “аднаўляе ды перадае моладзі”, зь іх уласных тлумачэньняў, казацкія традыцыі.

Зацемім між тым, што як паведамілі абазнаныя крыніцы, “казакоў” гэтых там адзін ці два, і яны тое, што іншы называе трапным словам “навалач” – прыехалі з Кубані.

Чытайце па тэме:  Каталікі правялі ў Менску ўрачыстую Працэсію Божага цела. Фотарэпартаж

Дык вось, цягам чатырох ці пяці гадзін адзін з гэтых “казакоў” распавядаў дзецям пра традыцыі казацтва, паказваў джыгітоўку, махаў шабляй. Паказваў, як разрубіць чалавека папалам. Казаў, якая яшчэ ёсьць зброя, каб забіць напэўна і незваротна. У канцы малых крыху павазілі “на лошадках”.

Ну вось чым не антыўтопія? Казакі заўсёды былі зьлейшымі ворагамі беларусаў, апірышчам расейскіх “царей-батюшек”. Былі таксама і казакі з Украіны – гайдамакі і яшчэ ці мала хто. Дастаткова рабаўніча-забойчая публіка. Каб быць канкрэтнаму, у Першую сусьветную вайну казакі татальна на сотні кіламетраў спалілі навакольныя вёскі і нават сам Брэст-Літоўск, а насельніцтва пагналі ў бежанства ў “Россию-матушку”. Тактыка выпаленай зямлі, вы ведаеце. Казакаў беларусы, адвечныя аратыя, і палешукі, рыбары ды бортнікі, ня ведалі адвеку. Не называць жа казакамі шляхціцаў, – тыя толькі на войны мелі абавязак зьбірацца і выязджаць адразу па загаду суверэна ці караля. Адсюль і назоў (“Schlacht” па-нямецку “бітва” – Я.Б.). А казакі гэта фактычна паліцаі ў найме дзяржавы, наглядчыкі і паганятыя. Традыцыйна даволі злачынная, свавольная публіка без кодэксу гонару, які для шляхціца быў вышэй за жыцьцё. За выняткам хіба казакоў, апісаным Гогалем, якія змагаліся супраць засільля польскай Кароны ва Украіне – і ў выніку трапілі наўпрост у лапы Масковіі зь яе царамі ды сталі там царскімі апрычнікамі, душылі потым народныя бунты і выступленьні рабочых і сялян за лепшае жыцьцё.

І вось адзін такі акрэсьліўся пад горадам, які калісьці палілі ягоныя папярэднікі. Афіцыйна, за вялікія грошы, дурыць галаву малым яшчэ дзецям, паказвае, як забіваць людзей. Памножце 12 з паловай рублёў на 50 – столькі атрымаў гэты звар’яцелы “педаль” нейкай нялюдскай машыны  за паўдня. А гэтых паўднёў – іх жа нямала ў яго, пры такой канвеерна наладжанай сістэме.

Пачытаў сайт тых “казакоў”. Аказваецца, яны ў фаворы ва ўладаў Брэсцкага раёна. Ім вылучылі такі надзел зямлі, што любы фермер абзайздросьціўся б. Стайню аддалі. Прадастаўлялі ўсялякую арганізацыйную дапамогу. І вось лік коней у гэтых, з шашкамі, ідзе ўжо на дзясяткі. Вось ужо навучаць палешукоў гарцаваць! Тыя стагодзьдзямі ўжо ні аб чым іншым ня думаюць, адно каб як гэта на кані пагупаць і  цару-бацюшцы паслужыць. Хоць калі папраўдзе, то адной з прычын, чаму Палесьсе ў свой час засталося ў Вялікім Княстве Літоўскім, былі менавіта дзікія набегі казакоў ды гайдамакаў – тыя высякалі цэлыя вёскі.

Такім чынам, на гэтым факце маем перад сабой схему выхаваньня, а фактычна вылюджваньня беларусаў, якая яшчэ больш яскрава акрэсьленая лёсам тут і навокал класічнага рамана сусьветнай літаратуры “Олівер Твіст” Чарльза Дыкенса.

Хоць ты бяры і перавыдавай яго пад эпіграфам тутэйшага журналіста і паэта Уладзіміра Яцкевіча, на жаль, памёрлага нядаўна: “Рожденный в холодной и дикой стране, \\ Я с первого вздоха живу на войне”.

Класічна сказана, пагадзіцеся, – асабліва калі перагледзець гэты тэкст, гэты амаль рэпартаж з арэны баявых дзеяньняў, ад пачатку.

Тэкст і фота Яўгена Бяласіна, перакладчыка рамана “Олівер Твіст” на беларускую мову,

для Беларускай праўды


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.