Заява Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што пабудаваны за народныя грошы мэдычны цэнтар у Ждановічах будзе абслугоўваць «слугаў народу» бясплатна, а народ — за грошы, выклікала ў грамадзтве шквал нэгатыўных эмоцый, якія праліліся ў сацыяльныя сеткі.

Валер Карбалевіч

 

Лепш бы яму памаўчаць, нічога не тлумачыць. Так было б лепей для захавання рэшткаў вобразу «народнага прэзыдэнта».

Але тут узнікае адна вялікая праблема. Амаль чвэрць стагоддзя неабмежаванай улады абʼектыўна, незалежна нават ад асобы, моцна скажае ўяўленне пра рэальнасць. Уявіце, што чалавек больш за два дзясяткі гадоў ня мае абсалютна ніякіх абмежаванняў ці пярэчанняў ані ў палітыцы, ані ў прыватным жыцці. Ніхто ў краіне не адважыцца сказаць, што кіраўнік дзяржавы ня мае рацыі, памыляецца. Гэта кажуць палітычныя апанэнты ці замежныя палітыкі — дык то ж ворагі, яны ж гэта робяць толькі дзеля шкоды. І ўся надзея толькі на вострае палітычнае чуццё. Але за 23 гады і яно прытупілася. Бо ўвесь гэты час ён фактычна ніяк не сутыкаецца з рэальным народам. Тая спэцыяльна падабраная і праінструктаваная масоўка падчас візытаў у рэгіёны ці дэлегаты ўсебеларускіх народных сходаў ствараюць ілюзію, імітацыю грамадзкай думкі, у якую зь цягам часу ён сам пачынае верыць.

Гэтая страта адчування рэальнасці рэгулярна праяўляецца ў розных формах. То ў выглядзе дэкрэту аб дармаедах, то ў патрабаванні да 1 траўня ліквідаваць беспрацоўе ў краіне, то ў рэгулярных з’яўленнях на публіцы ў вобразе султана ў атачэнні прыгожых дзяўчат…

Нагадаю, што Лукашэнка прыйшоў да ўлады як непрымірымы змагар з намэнклятурай. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году менавіта чынавенства было абвешчана галоўным віноўнікам усіх бед народу. Будучы прэзыдэнт абяцаў бязлітасна расправіцца з нягоднікамі, вярнуць народу тое, што нарабавалі начальнікі, і ўрэшце ўсталяваць у Беларусі справядлівасць.

З таго часу мінула шмат гадоў і многае памянялася. Пабудаваная Лукашэнкам беларуская сацыяльная мадэль шмат у чым нагадвае фэадальную сыстэму эпохі абсалютнай манархіі. На чале дзяржавы — уладар з нічым і нікім не абмежаванай уладай. Як вядома, фэадальнае грамадзтва герархічнае, саслоўнае. У кожнага саслоўя існуюць свае асобныя правы і прывілеі. У патэрналісцкай дзяржаве, у якой вялізная частка валавога прадукту пераразмяркоўваецца чынавенствам, непазбежна павінна з’явіцца намэнклятурная каста. За выкананне цяжкай функцыі дзяльбы грамадзкага пірага гэтыя людзі павінны мець адпаведныя прывілеі. Лёгіка палітычнага працэсу і функцыянаваньня патэрналісцкай дзяржавы абʼектыўна прывяла да таго, што Лукашэнка ператварыўся з зацятага змагара з намэнклятурай у яе абаронцу і гаранта.

Гэтыя прывілеі мы бачым на кожным кроку. Існуе забарона на крымінальны пераслед чыноўніка з прэзыдэнцкага рэестру без дазволу самога Лукашэнкі. Палацы ў Драздах, клініка ў Ждановічах, высокія пэнсіі дзяржслужачым, перамяшчэнне на службовых аўто, магчымасць лабіраваць эканамічныя праекты дзеля «распілу» бюджэтных грошай і інш.

Праўда, ёсць і малапрыемныя выдаткі. Трэба прысутнічаць на трыбунах падчас матчаў «каманды прэзыдэнта», удзельнічаць у «Менскай лыжні», дэманструючы публіцы ня вельмі спартовую фігуру, збіраць бульбу і кавуны на прэзыдэнцкім полі ў Драздах. Ну, і вялікая верагоднасць трапіць у турму ў выпадку апалы. Дык і баяраў расейскі цар рэгулярна аддаваў незадаволенаму натоўпу, які падымаў іх на вілы. Развіты фэадалізм у дзеянні.

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: