“Людзі хадзілі там, шукалі, і яе не было. А потым, праз тры дні, яна там раптам з’явілася. Вось гэта ў мяне не ўкладваецца ў галаве, — кажа сваячка забітай дзяўчынкі. — Яна была ўся збітая. Вочка правае нармальнае, а левае, як блін, як талерка. Яно было не сіняга колеру, а карычневага. І было столькі грыму на ёй! Як жа гэта трэба было яе біць, каб нават праз такую колькасць грыму гэтыя сінякі праступалі!”

Фота забітай дзяўчыны

29 ліпеня з’явілася паведамленне, што ў раёне вёскі Вязынка знікла 14-гадовая дзяўчынка. Еўрарадыё даведалася, што ў гэты дзень яна сустрэла маці на чыгуначнай станцыі, правяла яе дадому і праз пэўны час пайшла гуляць. Моладзь, якая прыязджае на суседнія лецішчы, па вечарах сустракаецца на лясной паляне, недалёка ад дачнага пасёлка “Ударнік”, што знаходзіцца праз чыгунку ад Вязынкі. Туды Саша і накіравалася разам з сяброўкамі. Бліжэй да 23-й гадзіны яна зазбіралася дамоў, бо было ўжо позна.

“Кажуць, што гэты Д. пайшоў яе праводзіць, — распавядае наша крыніца. — Ён казаў следчаму, што давёў яе да брамкі дома. Яна сказала, што далей сама пойдзе, і пачала з некім размаўляць па тэлефоне. І ён у выніку вярнуўся на паляну”.

Ісці там не больш за 15 хвілін, але па словах юнакоў, якія ў той дзень былі на паляне, Д. не было каля дзвюх гадзін. Пры гэтым паводзіў ён сябе абсалютна спакойна і ніякіх падазрэнняў не выклікаў. У хлопца на руках, нібы, былі драпіны, ён патлумачыў следчым, што зразаў ружы.

Паводле інфармацыі ад мабільнага аператара, тэлефон Сашы перастаў працаваць прыкладна ў 23:40. Бліжэй да пятай гадзіны яе пачала шукаць маці. На наступны дзень да пошукаў далучылася міліцыя і атрад “Анёл”.

1 жніўня цела Аляксандры знайшлі ў лесе прыкладна ў 300 метрах ад той самай паляны. Дзяўчына была распранутая і, хутчэй за ўсё, згвалтаваная. Па падазрэнні ў забойстве адразу затрымалі таго самага Д. — 23-гадовага хлопца з Мінска.

“Ён значна старэйшы за астатніх. Там усім па 16-17 гадоў, а гэтаму 23. І ён вельмі вялікі, бугай такі, — працягвае сваячка забітай дзяўчынкі. — Саша ж з імі ўжо другі год знаёмая, раней жа ўсё было нармальна. Ці гэта ён так маскіраваўся!? Не ведаю”.

Старэйшыя хлопцы з Вязынкі, з якімі пагутарыла Еўрарадыё, на паляну не ходзяць. Д. убачылі ўпершыню, калі яго затрымалі. Але, паводле чутак, ён увогуле не з іх дачнага пасёлка, а з нейкага іншага.

Згодна са словамі родных, Саша была вельмі дамашняй дзяўчынкай, з дзяцінства паўсюль хадзіла з мамай. Сустракала яе на станцыі, на працу да яе ездзіла, дапамагала. Вучылася яна сярэдне, хадзіла ў музычны кружок, спявала. Пасля школы яна планавала паступаць у Гомель на повара.

Пахавалі Сашу 3 жніўня на мясцовых могілках, побач з дзядулем і бабуляй. Падрабязнасцяў здарэння следства пакуль не паведамляе.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...