Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» апублікавала адкрыты зварот да Аляксандра Лукашэнкі і Рады па развіцці прадпрымальніцтва.

Пратэст прадпрымальнікаў у Менску, 28 лютага 2017 году

 

У лісце пішуць пра вынікі штогадовага даследавання настрояў індывідуальных прадпрымальнікаў на рынках і ў гандлёвых цэнтрах, што праводзілася сіламі самой «Пэрспэктывы» — за апошнія 10 гадоў, кажуць яны, ніхто іншы даследаванняў такога кшталту не праводзіў.

Паводле даследавання, 59% ІП бачаць галоўную пагрозу свайму бізнэсу асабіста ў Лукашэнку і ўрадзе, 99% успрымаюць бізнэс як сродак выжывання, а не фармавання капіталу для пераходу ў буйны бізнэс, у 98% узровень даходаў зьніжаецца год ад году, 76% лічаць, што дэкрэт №7 не вырашае іх праблемы, 91% гатовы да мітынгаў ці страйкаў, толькі 7% разлічваюць на дапамогу прэзыдэнта (1% на дэпутатаў, 3% на мясцовыя ўлады).

«У сваім выступе 22 снежня на сустрэчы з бізнэсам вы казалі пра яго адказнасць, але пры гэтым ніхто ня кажа пра адказнасць чыноўнікаў, якія паклалі вам на подпіс адыёзныя законы, праз якія і сфармаваліся адказы на пытанні бізнэсу ў нашым даследаванні», — сцьвярджаецца ў законе.

«Пэрспэктыва» баіцца, што да 2020 году можа здарыцца каляпс рознічнага гандлю праз скарачэнне колькасці ІП і іх збядненне, манапалізацыі гандлю буйным бізнэсам і несумленнымі дзеяннямі «прыежджых» замежных гандляроў на рынках («Пэрспэктыва» раней перадавала скаргі на тое, што гандлярам з Азіі праваахоўнікі і кантралёры даруюць відавочныя парушэнні).

Лукашэнку запрашаюць на адкрытую размову з «Пэрспэктывай» як прадстаўніцтвам індывідуальных прадпрымальнікаў — ці ў вузкім коле ІП з рэгіёнаў і Менску, ці на форуме з тысячамі ўдзельнікаў.

Некалі на пачатку першага прэзыдэнцкага тэрміну Лукашэнка абяцаў «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку» і называў прадпрымальнікаў «вашывымі блохамі» — апошні раз ён заяўляў такое 10 год таму.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: