30 сакавіка ў судзе Барысава і Барысаўскага раёну абвешчаны прысуд прапаршчыку Ігару Хішчанку з 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах.

Ігар Хішчанка адварочваўся ад камэры

 

Яго прызналі вінаватым у службовых злоўжываннях, здзеку з салдатаў, атрыманні хабару ды іншых злачынствах. Ігар Хішчанка асуджаны на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем звання прапаршчыка.

Адносна 59-й школы 72-га вучэбнага цэнтру суд вынес прыватнае вызначэнне.

Хішчанка і ягоны адвакат яшчэ ня вырашылі, ці будуць абскарджваць прысуд.

Працэс над Ігарам Хішчанкам праходзіў з пачатку сакавіка, суд выслухаў, у тым ліку праз відэасувязь, 18 пацярпелых і 17 сведак, вывучыў 15 тамоў крымінальнай справы.

Паводле следзтва, прапаршчык Ігар Хішчанка ўжываў да вайскоўцаў, якія праходзілі навучанне ў 72-м вучэбным цэнтры, электрашокер, караў іх за нязначныя парушэнні дысцыпліны ўдарамі па галаве, біў па целе ўказкай і скруткамі з газэт, прымушаў купляць яму ў краме прадукты і цыгарэты, абражаў словамі ды здзекаваўся. У тым ліку, паводле сведак, прапаршчык прымусіў шарагоўца з’есці цыбуліну за тое, што той з’еў у салдацкай сталоўцы лішні сняданак.

Збольшага сваю віну Ігар Хішчанка ў судзе прызнаў, у тым ліку тое, што караў недазволенымі мэтадамі сваіх падначаленых. Ён тлумачыў гэтыя ўчынкі тым, што ня мог інакш навесці парадак і дысцыпліну. Як і на следзтве, прапаршчык папрасіў у судзе прабачэння ў пацярпелых.

Як вынікае з матэрыялаў справы, злачынствы Ігара Хішчанкі адбываліся ў 2016 і 2017 гадах. Праверка дзеянняў прапаршчыка пачалася ўвесну 2017 году, а ягоная крымінальная справа была завершаная і перададзеная ў суд ужо пасля смерці ў 72-м вучэбным цэнтры салдата Аляксандра Коржыча.

Алег Груздзіловіч, Радыё  Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: