Як бараніцца ад свавольства чыноўнікаў? Жыхары Лошыцы спрабуюць адстаяць свае прыватныя дамы, якія ўлады сталіцы пастанавілі знесці. Амаль на кожным будынку вісіць расцяжка «Мой дом зносяць незаконна». Грамадзяне выступаюць супраць дзеянняў чыноўнікаў, якія хочуць адабраць іхную ўласнасць.

Судовыя баталіі

Пра тое, што жыхары мусяць развітацца са сваім жытлом дзеля дзяржавы, яны даведаліся ў траўні. Стварылі ініцыятыўную групу з 12-ці чалавек, падалі скаргу на Менгарвыканкам у суд, але ўсе хадайніцтвы суддзя адхіляў. У выніку суд першай інстанцыі жыхары прайгралі.

«Нашыя доказы не былі прыняты пад увагу, наконт парушэння 44-га артыкула Канстытуцыі суддзя сказаў наступнае: «Так, ёсць такі артыкул, але ў той жа час ёсць і іншыя артыкулы, якія дазваляюць для дзяржаўных патрэбаў вас зносіць», – абураецца Любоў Гамолка, мясцовая жыхарка.

Кампенсацыі нераўназначныя кошту дамоў

«Зараз мяне дзяржава, у асобе некаторых чынуш, я нават не баюся гэта сказаць, яны мяне абкрадваюць. Чаму я павінен з дзяржавай судзіцца? Чаму? Дзяржава павінна мяне абараняць, я паўнавартасны, паўнапраўны грамадзянін гэтай краіны. Я плачу ўсе падаткі, я не дармаед», – зазначыў пратэстовец Генадзь Усціновіч.

За ўласныя грошы Генадзь пабудаваў з усімі дазволамі камфортны катэдж, падзелены на дзве часткі, сабе і брату. Пры замене ж на кватэру неацяпляльныя веранды, мансарда, балконы не будуць улічвацца ў метраж. Дом пляменніка, які аформлены як часовае жытло з-за таго, што ў Беларусі нельга будаваць два дамы на адным участку, кампенсуецца абуральна танна – $ 900.

«Да нас прыходзяць як у батанічны сад»

Жыхароў Лошыцы абурае, што дзяржава прымусова кампенсуе толькі плошчу дому, хоць жыццё праходзіць на ўсім іхным прыватным участку зямлі. Лазня, басейн, сад – усё гэта частка жыцця.

«Да нас прыходзяць як у батанічны сад, прыходзілі неаднойчы цэлымі дэлегацыямі, я вінаградам цікаўлюся, у нас і альтанка ёсць, дзе мы летам і абедаем, і гасцей калі сустракаем, то ў нас усё ў альтанцы, я не ведаю, калі мяне пераселяць, мы там ад суму памрэм», – кажа Віктар Лазерка.

Абураныя грамадзяне збіраюцца падаваць касацыйную скаргу

Жыхары раёну звернуцца ў Вярхоўны Суд, паскардзяцца ў пракуратуру. Кажуць, што як і гэта не дапаможа, то гатовыя выходзіць на пратэсты і нават легчы пад бульдозеры, калі дамы пачнуць зносіць.

Вольга Чайчыц, Андрусь Козел, «Белсат»

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...