У менскім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП), што на завулку Акрэсціна, некаторых арыштантак прымушаюць прыбіраць ня толькі свае камэры, але і калідоры ды іншыя службовыя памяшканні. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала праваабаронца Наталля Гарачка, якая выйшла з ЦІПу пасля 15 сутак арышту, які прыпаў на Новы год. Паводле Натальлі Гарачкі, у асаблівым становішчы апынуліся жанчыны, якіх трымаюць у ЦІПе перад дэпартацыяй з Беларусі. «Там ёсць такая Вера, якой 57 гадоў, дык яна ўжо 8 месяцаў увесь гэты ЦІП бясплатна драіць», — абураецца Натальля Гарачка.

Хто такая Наталля Гарачка?

Наталля Гарачка — праваабаронца з міжнароднага Цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом». Яе добра ведаюць як жанчыну, якая ў 2015 годзе не падала рукі Аляксандру Лукашэнку на выбарчым участку, дзе яна была назіральнікам.

Летась восенню імя Натальлі Гарачкі зноў прагучала на ўсю краіну: яе затрымалі на палігоне пад Барысавам перад сумеснымі беларуска-расейскімі манэўрамі. 28 снежня Натальля Гарачка трапіла ў новую гісторыю — міліцыянт запатрабаваў у яе дакумэнты на ўваходзе ў менскі гарадзкі суд, дзе меліся судзіць праваабаронцу Валера Шчукіна, а жанчына запатрабавала таго ж ад міліцыянта ды пачала здымаць падзеі на тэлефон. Вынік — 15 сутак арышту нібыта за тое, што «крычала і размахвала рукамі». Адбываць давялося на Акрэсціна ў разгар навагодніх сьвятаў.

«Адзначылі Новы год тым, што перадушылі клапоў»

І якія ўражанні ад Новага году на Акрэсціна? — пытаюся ў праваабаронцы.

«Найперш, там жудасная антысанітарыя», — кажа Натальля Гарачка і пералічае:

  • За 15 сутак ніводнага разу не адвялі ў душ, толькі на пяты дзень вывелі на шпацыр, і то пасля таго, як усёй камэрай сталі пісаць скаргі.
  • Туалетную паперу за 15 дзён выдалі 4 разы недзе па паўмэтра на сукамэрніцу.
  • Столькі ж атрымала кавалачкаў гаспадарчага мыла памерам 1 на 1 на 2 сантымэтры.
Чытайце па тэме:  У Беларусі з’явіцца грамадская арганізацыя “Маці вайскоўцаў”

Што да ўспамінаў Наталлі Гарачкі пра Новы год, дык галоўны з іх — гэта як напярэдадні сукамэрніцы перадушылі на сабе ўсіх клапоў. «А потым налілі ў кубачкі звычайнай вады і гэтак адзначылі. Ані гарбаты, ані кавы не было».

Натальля Гарачка 15 сутак трымала галадоўку, таму якасць ежы яе саму не хвалявала. Але згадала, што часам замест супу арыштанткі атрымлівалі нейкую «мяшанку з вады, салатаў і гарніру».

«А раніцамі давалі па тры лыжкі кашы і гарбату. Усё».

Арыштанткі ці нявольніцы?

Найбольш абуралася Наталля тым, як ставяцца ў ЦІП на Акрэсціна да арыштантак. Паводле Наталлі Гарачкі, некаторых прымушаць прыбіраць іншыя памяшканні, а ня толькі камэры, дзе іх трымаюць.

«Прыбіранне камэр вязнямі — звычайная практыка, але іншыя памяшканні? Відаць, менавіта каб было каму прыбіраць увесь ЦІП, нармальных жанчын нападпітку адмыслова затрымлівалі на Новы год, бо бяздомныя і алькагалічкі ўсё роўна прыбіраць нічога ня будуць», — мяркуе Наталля Гарачка.

Праваабаронца расказала пра дзвюх сукамэрніц, якіх умоўна назвала Настай і Алёнай, бо ня хоча ім нашкодзіць.

«Яны былі добра апранутыя, нармальныя, толькі крыху нападпітку — я ж пах чую. Насту, якой усяго 24 гады, затрымалі недзе на вуліцы ўвечары 31-га. Была ў кампаніі, ішла дамоў. Алёне недзе 40 гадоў, яе ўзялі на Нямізе, у ноч на 1 студзеня. Нібыта асудзілі, але яны так і ня ведаюць, за што дакладна, ім не сказалі. У ЦІПе няма прыбіральшчыкаў, на гэтым эканомяць, а тут — дармовая працоўная сіла. Амаль кожны дзень Насту як нявольніцу прымушалі мыць падлогу ды розныя памяшканні. Проста крычалі, і яна пагаджалася — маладая ж. А Алёна адмовілася. Таксама крычалі на яе, але не паддалася», — кажа Натальля Гарачка.

Чытайце па тэме:  Камітэту салдацкіх маці адмовілі ў рэгістрацыі

Паводле праваабаронцы, у найбольш бяспраўным становішчы на Акрэсціна тыя жанчыны, якіх трымаюць перад дэпартацыяй. Пакуль вырашаюць, ці не адправіць чалавека за мяжу, можа прайсці некалькі месяцаў. За гэты час чалавек даходзіць да стану, калі згодны на ўсё, кажа Наталля Гарачка.

«Іх кухаркі крыху падкормяць, супчыку нальюць, вось і ўся плата. А так мусяць выконваць усё, што загадваюць. Ёсць там такая Вера, беларуска, якую памылкова прызначылі на дэпартацыю ў Расею. Яна там ужо 8 месяцаў, дык сама казала, што ўвесь іхны ЦІП драіла, у тым ліку кабінэты на 4 паверсе», — кажа праваабаронца.

«Адзін прыціх, другая лаецца матам, як конюх»

Як праваабаронца ахарактарызавала міліцыянтаў, якія працуюць у ЦІП на Акрэсціна?

Наталля Гарачка назвала імёны двух міліцыянтаў, якія, паводле яе, працуюць прыстойна, не дапускаюць грубасці, карэктныя як у словах, гэтак і ў паводзінах. Праваабаронца нават збіраецца напісаць кіраўніцтву ізалятара ліст, каб адзначыць гэтых міліцыянтаў добрым словам.

«А ёсць і такі міліцыянт, які збіў дзяўчыну і на яго завялі справу. Прычым неяк прымусілі тую дзяўчыну забраць заяву, але Следчы камітэт не адступіў, і следзтва нібыта працягваецца. Яго не адхілілі ад працы, але крыху сцішыўся. Яшчэ ёсць супрацоўніца, якая лаецца матам, як конюх, ёй усё роўна на каго — на мужчын, на жанчын».

Выразным паказнікам праваабаронца лічыць тое, што 10 студзеня ў яе падчас праверкі забралі нататнік, у які яна запісвала ўсе заўвагі, скаргі, імёны і прозвішчы міліцыянтаў, на якіх збіралася скардзіцца.

Чытайце па тэме:  У Беларусі з’явіцца грамадская арганізацыя “Маці вайскоўцаў”

Таксама Наталля Гарачка згадала словы аднаго з вязняў-іншаземцаў, якога трымаюць у камэры для прызначаных на дэпартацыю.

«Ён крычаў, што „беларуская турма — гэта пекла“. Сама чула», — кажа праваабаронца.

12 студзеня Наталля Гарачка выйшла на волю з вязніцы на Акрэсціна і спыніла галадоўку. Кажа, што ўжо памалу пачала есці, адчувае сябе добра.

«Ведаю акупунктуру, займалася ёгай, у камэры рабіла сабе масаж і займалася зарадкай. Са мной усё добра, а вось людзям, якія там засталіся, трэба дапамагаць», — кажа Наталля Гарачка.

Пастанову Фрунзенскага раённага суду аб яе арышце на 15 сутак праваабаронца абскардзіла, чакае новага суду.

Памочнік дзяжурнага ў сталічным Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на завулку Акрэсціна адмовіўся перадаць слухаўку кіраўніцтву ізалятара, спаслаўшыся на нараду.

«Гэта недакладныя звесткі», — сказаў міліцыянт пра тое, што некаторых арыштантак ЦІПу нібыта прымушаюць працаваць прыбіральшчыцамі. «А хто ў вас прыбірае ў службовых памяшканнях?» — спытаў карэспандэнт. На гэта міліцыянт адказаў, што ня можа «даць такую інфармацыю».

Алег Грузьдзіловіч, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment