Разгляд справы аўтараў расійскага выдання «Рэгнум» Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнкі працягваецца. Пракурор знаёміць суд з фактамі, якія ляглі ў аснову крымінальнай справы.

Суд над аўтарамі “Рэгнума”, 18 снежня 2017 года. Фота: Радзівон Антановіч

 

Усіх траіх вінавацяць па частцы  3 арт.130 Крымінальнага кодэкса Беларусі — распальванне нацыянальнай варажнечы. Акрамя таго, Паўлаўца і Шыптэнку вінавацяць яшчэ і ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

На гэты момант дакладна вядома, што ўсе трое падсудных застануцца ў няволі, прынамсі да заканчэння судовага працэса. Бо, нягледзячы на хадайніцтвы абароны, суддзя Ігар Любавіцкі пакінуў меру стрымання для падсудных у выглядзе ўтрымання пад вартай.

Дарэчы, у зняволенні абвінавачаныя правялі ўжо больш за год – інфармацыя пра іх затрыманне з’явілася 8 снежня мінулага года.

У цэнтры крымінальнай справы – артыкулы аўтараў “Рэгнума”, а таксама сумы ганарараў, атрыманыя за іх напісанне.

Сёння пачалося слуханне справы: пракурор Аляксандр Кароль паспеў зачытаць факты, якія ляглі ў аснову абвінавачання Юрыя Паўлаўца.

Аказалася, што за апошнія гады праз банкаўскі  рахунак Паўлаўца праходзілі грошы. Сума агулам у 40 151 беларускі рубель, на думку следства, — незаконны прыбытак.

Што тычыцца артыкулаў, напісаных Юрыем Паўлаўцом на згаданы інтэрнет-рэсурс, то, на думку дзяржабвінаваўцы, у іх “адмаўляецца гістарычная спадчына ВКЛ”, “змяншаецца значнасць беларускай мовы”, таксама аўтар  штучна трактуе стаўленне беларусаў да расейцаў як варожае, «выклікае ў расійскіх грамадзянаў пачуццё абурэння тым, што адбываецца ў Беларусі».

Юрыст незарэгістраванай у Беларусі праваабарончай арганізацыі “Вясна” Валянцін Стэфановіч, які прысутнучаў у судзе, падзяліўся з “Народнай Воляй” уражаннямі ад першага дня судовага працэса.

— Цяжка сказаць, ці можна палічыць Дзмітрыя Алімкіна, Юрыя Паўлаўца і Сяргея Шыптэнку палітвязнямі, трэба мець поўную карціну ўсяго судовага пасяджэння, — гаворыць Стэфановіч. – Пакуль пракурор паспеў зачытаць матэрыялы, якія тычацца Юрыя Паўлаўца. Адзінае, што магу сказаць: утрымліваць гэтых людзей год за кратамі, на маю думку, не зусім апраўдана. Гэта неапраўдана жорсткая мера. Гэта ж не “асацыяльныя элементы”, гэтыя людзі – людзі соцыума. Той жа Юрый Паўлавец —  гісторык, чалавек працаваў у  БДУІР. На маю думку, фігуранты гэтай справы не ўяўлялі небяспекі для грамадства ці пагрозы гвалту да канкрэтных асоб. Таму, мяркую, суда яны маглі б дачакацца і на волі.

Што тычыцца ацэнкі праваабаронцаў наконт гэтага працэса, то яна будзе дадзена, калі збярэцца больш поўная фактура, чым ёсць зараз.

Народная Воля

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: