Літаратар Вішнёў спадзяецца дапрацаваць новы раман яшчэ сёлета, а мастак Вішнёў хацеў бы зладзіць персанальную выставу. Вось толькі большасць палотнаў прададзеныя, раздораныя, нават скрадзеныя – застаецца “толькі працаваць”.

Зміцер Вішнёў

 

Правакатар ды эксперыментатар Зміцер Вішнёў – госць Беларускай праўды.

 

“Марсы бываюць рознымі”

-Твой апошні раман “Калі прыгледзецца – Марс сіні”. Але твор зусім не пра Марс…

– Мяне цікавіць антыраман, які ўзнік у Францыі ў мінулым стагоддзі, і займае ягоная сучасная трансфармацыя. Такія значныя аўтары, як Ален Роб-Грыйе, Жан-Поль Сартр, паслядоўна парпагандавалі антыраман ці, як гэта звалася інакш, «новы раман». Прыхільнікамі такога наватарства ў прозе былі не толькі французы: свае антыраманы стварылі Уладзімір Набокаў – «Бляклы агонь», Хулиа Картасар – «Гульня ў класікі».

На жаль, у беларускай літаратуры я не бачу яркіх прыкладаў антырамана. Сустракаюцца толькі асобныя ягоныя элементы, да прыкладу, у кнігах «Цэзар будзе жыць» Паўла Гаспадыніча і «Рэканструкцыя неба» Вольгі Гапеевай. Восем гадоў таму, калі я напісаў раман «Замак пабудаваны з крапівы», я зразумеў, што мяне цікавяць эксперыменты мадэрністаў. Я набліжаўся да свайго «Марса». Нейкія ідэі французскіх антыраманістаў я скарыстаў ужо тады, аднак на той момант мяне ў большай ступені захапілі паэтычныя вопыты.

У 2014 годзе “Замак пабудаваны з крапівы” выйшаў у Германіі ў выдавецтве LuxBooks.  Кнігу пераклала Марціна Якабсан. Па словах нямецкіх чытачоў ведаю, што раман чытаецца няблага. Спадзяюся, што ў нямецкім перакладзе раман стаў толькі лепшым. Выйшла пазітыўная рэцэнзія на поўны разварот у буйным выданні «Der Tagesspiegel». Прайшло многа прэзентацый кнігі ў Швейцарыі ды Германіі – паўсюль адчуваўся пазітыўны прыём з боку чытачоў. Тады я зрабіў для сябе выснову – рухаюся ў правільным кірунку.

Антыраман – праект мінулага стагоддзя. Я спрабую яго развіваць – адыходжу ад класічных канонаў. Напрыклад, у маёй кнізе прысутнічае пункцірны сюжэт.

Марсы бываюць рознымі. У маім антырамане распавядаецца пра аднайменную кнігарню. Штодзённая праца кнігагандляроў, чарадзейства, неверагодныя фантастычныя падзеі ў сценах гэтай установы. Зразумела, што ў кніжцы шмат пластоў; барацьба героя ў гэтым зменлівым свеце,  бочка сатыры і абсурдызму, мех з бутэлькамі сарказму і пончыкі з правакацыяй. Перадусім гэта кніга для добрага настрою і ўдумлівага чытання. Мне здаецца, што антыраман атрымаўся вельмі разнапланавым, спадзяюся, што самы патрабавальны чытач нешта для сябе знойдзе.

 

“Рыгору Кавалю адразаюць галаву – нічога аўтабіяграфічнага”

-Ці з’яўляецца раман аўтабіяграфічным? Што агульнага паміж дырэктарам кнігарні Рыгорам Кавалём і выдаўцом Змітром Вішнёвым?

– Кажуць, што часам героі прырастаюць да аўтара. Магчыма так і ёсць. У антырамане няма анічога ад выдаўца Змітра Вішнёва. Хіба прысутнічае пэўны досвед. Згадайце, ў першай частцы дырэктару Рыгору Кавалю адразаюць галаву, як такое можа быць аўтабіяграфічным?

-Раман не атрымаў прэмію Ежы Гедройца-2019. Не лічыш, што не заслужана, бо ў той жа час кніга заняла чацвертае месца на прэміі “Кніга году”?

– Я ўвогуле скептычна адношуся да любых прэміяў. Але тое, што кнігу не ўключылі нават у доўгі спіс Гедройца, безумоўна, лічу крыўдным для сябе. У такіх выпадках узнікае пытанне “А суддзі хто?” І ўсё раскладваецца па сваіх месцах і робіцца зразумелым. Сёлетні склад журы прэміі, на мой погляд, вельмі дзіўны і малааўтарытэтны.

-Паэт, празаік, мастак, які малюе малекулы, прусакоў ды мандавошак. Хто ты насамрэч, хто ў табе рэалізаваўся найбольш?

— Ёсць  адчуванне нерэалізаванасці наогул. Думаю, што мая лепшая кніга яшчэ наперадзе. Пішу новы раман. На жывапіс, на жаль, часу зусім не стае. Дарэчы, мае прусакі і блышкі – такі закід да абывацеля – тое, што на паверхні, бо насамрэч інсекты – гэта іерогліфы. Імкнуўся і імкнуся, каб у карцінах заўсёды было шмат розных шыфраваных сэнсаў. Для мяне важны канцэптуальны жывапіс.

 

“Маладая бесшабашнасць засталася ў 90-х”

-Вішнёў сённяшні і Вішнёў часоў «Бум-БАМ-літу» 1990-х гадоў – якая паміж імі розніца? Паэт-правакатар 90-ых сёння жывы?

– Розніца неверагодная. Менш рамантычны – больш прагматычны. Шмат у чым расчараваны. Правакацыі і вершы ўжо не тыя. Можна сказаць, што тая маладая бесшабашнасць засталася ў 90-х. На жаль, гэта праўда.

– “Я люблю ўводзіць чытача ў зман. Я — фантазёр. Мне падабаецца прыдумляць вакол сябе шмат усялякай мішуры. Пэўна, я і сам не ведаю сябе да канца. Хутчэй за ўсё, я настолькі ўвайшоў у творчую гульню, што там і згубіўся”, – патлумачыў сутнасць правакацыі ты ў адным інтэрв’ю. Сярод чаго згубіўся?

– Гэта якраз пра тое, калі героі прырастаюць ад аўтара. Можна так захапіцца творчай гульнёй, што пачнеш гэтую гульню ўводзіць у рэальнае жыццё. Згадайце актораў, даволі часта з імі адбываюцца такія метамарфозы, калі яны ўваходзяць у ролю і не могуць з яе выйсці. Часам з-за гэтага вырастаюць і правакацыі.

-Год таму і цябе заспела правакацыя: усіх агалошыла навіна пра тваю “смерць” на кніжным кірмашы ў Франкфурце. Хто аўтар гэтай правакацыі і што за ёй стаіць? Раскрыеш сакрэт?

– Не буду распавядаць падрабязнасцей. Скажу толькі, што гэта быў няўдалы сяброўскі жарт, які ператварыўся ў маштабны перформанс.

 

“Няма формулы выжывання”

-Зміцер, ты з’яўляешся дырэктарам выдавецтва “Галіяфы”. Чаму – “Галіяфы” і чаму беларуская літаратура?

– Усё жыццё пішу кнігі. І для мяне важна было займацца менавіта гэтым. У той жа час, хацелася на паліцы мець пэўныя кнігі і акрамя цябе гэтага аніхто не мог зрабіць.  Чаму “Галіяфы”? Гэта ў стылі літаратурнага руху “Бум-Бам-Літ”, які распрацоўваў розныя творчыя напрамкі і адзін з такіх быў: афрыканізм.  “Галіяфы” – гэта пяць буйных афрыканскіх жукоў.

Між іншым, гэтае пытанне мяне трошкі ўводзіць у ступар – гэта як запытацца, а навошта есці і спаць? Для мяне займацца беларускай літаратурай – тое самае, што дыхаць.

-Сёння беларуская літаратура прыбытку не прыносіць. Як выжываюць “Галіяфы”?

– Спадзяемся на прыбыткі. (Смяецца) Калі сур’ёзна, працуем ў розных кірунках. Там зарабілі капейчыну, там – капейчыну, так і выжываем. Ёсць сектар заказной літаратуры, ёсць кнігі, якія выдаем за свой кошт і потым іх распаўсюджваем. Няма формулы выжывання.  Штодзённая барацьба. І так ужо працягваецца больш за дзесяць гадоў.

 

Новы раман і “прададзеныя-раскрадзеныя” карціны

-Задам банальнае пытанне, без правакацыяў: якія творчыя планы выношваеш?

– Працую над новай прозай – над раманам, дзе застанецца адзін з галоўных герояў папярэдняй кнігі капітан Барада. Спадзяюся сёлета кнігу дапрацаваць. Акрамя таго, хочацца зладзіць персанальную выставу жывапісу, але на сённяшні дзень я да яе непадрыхтаваны. Большасць напісаных палотнаў разышліся; прададзеныя, раздораныя, нават скрадзеныя. Новых карцінаў катастрафічна мала. Таму – трэба працаваць.

 

Зміцер Вішнёў нарадзіўся ў 1973 г. у Дэбрацэне (Вугоршчына), вывучаў філалогію і журналістыку ў Мінску і Маскве. Удзельнік літаратурнага руху “Бум-Бам-Літ”. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і ПЭН-цэнтра. Аўтар кніг “Штабкавы тамтам” (1998), “Тамбурны маскіт” (2001), “Трап для сусліка, альбо Некрафілічнае даследаванне аднаго віду грызуноў” (2002), “Верыфікацыя нараджэння” (2005), “Фараон у заапарку” (2007), “Замак пабудаваны з крапівы” (2010), “Шоргат жукоў” (2011), “Спітыя баркасы” (2014), “Калі прыгледзецца – Марс сіні” (2018).  У 2014 годзе раман “Das Brennesselhaus” выйшаў у Нямеччыне ў выдавецтве Luxbooks.

Займаецца жывапісам, працы выстаўляліся ў Беларусі і за мяжой, у тым ліку ў мастацкім доме Tacheles (Берлін), Музеі нонканфармісцкага мастацтва (Санкт-Пецярбург). Узначальваў перформар-групу “Спецбрыгада афрыканскіх братоў”.

Юрась ДубінаБеларуская праўда

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...