У інтэрнэце распаўсюджваецца фэйкавая навіна, што на 25—27 лютага 2018 года запланаваны І Палескі кангрэс.

Зміцер Кісель. Фота — Аляксандр Ждановіч, budzma.by

 

Рэдакцыя «Нашай Нівы» атрымала ліст, які Гуманітарна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Садружнасць Палесся» нібыта дасылае сваім сябрам у Брэст, Пружаны, Іванава, Пінск і Столін.

Ліст быў дасланы з відавочна несапраўднага паштовага акаўнта dobrazelatel@tut.by. «Шаноўная рэдакцыя, да вас звяртаецца сталы чытач з Брэсцкай вобласці, літаральна ранкам мне сябра даслаў цікавую інфармацыю, якую я перасылаю вам, бо ёсць тэма, як мінімум распытаць, ці гэта праўда. Зноў пачалася праца па Палессі, гэта кепская праява, не трэба тут новай «справы Шаляговіча», а ён там узгадваецца!» — напісаў «добразычлівец».

Пра што ж вядзецца гаворка ў лісце? «Інфармуем Вас, што 25-27 лютага ў Пінску адбудзецца І Палескі кангрэс. Арганізацыяй і правядзеннем мерапрыемства займаецца ГАГА Садружнасць Палесся. У сувязі з гэтым просім Вас да 1 снежня ўключна паведаміць пра Вашае жаданне дапамагчы ў арганізацыйных момантах. Да 1 лютага 2018 года, калі ласка, падайце спісы ўдзельнікаў ад вашых рэгіянальных аддзяленняў. Арыентуйцеся, што ад кожнага рэгіёна не болей 20 чалавек», — гаворыцца ў гэтым звароце.

Якія ж пытанні мусіў разгледзець «палескі кангрэс»? Зрабіць гэтае мерапрыемства штогадовым, адрадзіць выданне газеты «Збудінне», стварыць групы па працягу працы над палескім алфавітам, стварыць аргкамітэт і статут грамадскага аб’яднання «Культурная аўтаномія Палесся».

Чытайце па тэме:  У Мінску збіралі подпісы за "пажыццёвую каранацыю Лукашэнкі" (фота, відэа)

Мабыць, апошні пункт найбольш супярэчлівы і неадназначны ў гэтым пераліку. У 90-я ўжо былі спробы абвесціць палескую аўтаномію, гэтыя захады актыўна прапагандаваў Мікола Шаляговіч. Вельмі неадназначны персанаж, які цяпер жыве ў Калінінградзе.

Падаюцца нумары тэлефонаў нібыта арганізатараў кангрэсу. Сярод іх пінчук Зміцер Кісель, кіраўнік «Садружнасці Палесся». Мы спыталі ў яго, ці сапраўды рыхтуецца падобнае мерапрыемства?

«Ніякі кангрэс мы не склікаем, — кажа нам Зміцер Кісель. — Гэта чарговая спроба прыцягнуць нас да нейкай «палескасці». Ад моманту рэгістрацыі нашай арганізацыі ідуць нейкія дзіўныя прапановы, то правесці з’езд палешукоў, то нешта аб палескай аўтэнтычнасці. Я разглядаю гэты ліст як чарговую правакацыю. Камусьці вельмі хочацца ўцягнуць нас у гэтае «паляшуцтва», а ў нашай назве проста акрэсліваецца геаграфічны рэгіён. Нехта накідвае на нас таўро «рэгіянальшчыкаў», «нестабільнага рэгіёна». Насамрэч мы ж займаемся нармальнай прабеларускай справай».

Адметна, што ў лісце пазначаны цэлы шэраг асобаў, якія нібыта пагадзіліся прыняць удзел у якасці ганаровых сяброў кангрэсу з правам голаса. Сярод іх мовазнаўца Фёдар Клімчук, кіраўнік брэсцкай украінскай суполкі «Берагіня» Віктар Місіюк, брэсцкая дзеячка польскай меншасці Аліна Ярашэвіч, Мікола Шаляговіч, Яўген Ніпарка з Польшчы, намеснік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч, пісьменніца Наталка Бабіна.

Апошняя гэтак пракаментавала навіну пра «скліканне» палескага кангрэсу: «Я даведалася пра гэты ліст ад «Нашай Нівы». Складана сказаць, хто за ім стаіць. Магчыма, Мікола Шэляговіч. Ідэя гэтага безумоўна таленавітага чалавека — ці інспіраваная праз яго КДБ СССР — ідэя палескай «Етвызі» у свой час не здабыла шырокай падтрымкі ў людзях».
«Але яна грунтавалася на неабвержным факце: на факце моўнай і культурнай асаблівасці некаторых рэгіёнаў Брэсцкай вобласці. Менавіта гэтая асаблівасць і прыцягвала тады актывістаў. Але асаблівасць гэтая — не ўяўная «яцвяжская». Гэта мёртвае. І гэта толькі на шкоду пабудаванню беларускай дзяржавы. Праўда ў тым, што карэнныя жыхары добрай большай паловы Брэсцкай вобласці гавораць па-ўкраінску — на украінскіх гаворках, хаця многія нават гэтага не ўсведамляюць, — пераконвае Бабіна. — І справа беларускай дзяржавы — як да гэтага ставіцца».

Чытайце па тэме:  Арест украинского журналиста Павла Шаройко в Беларуси - не первая провокация, чтобы поссорить Минск и Киев

Алег Гайдукевіч таксама нічога не ведаў пра палескі кангрэс. Па ягоных словах, ён добра ведае асобу Змітра Кісяля, які шмат дапамагае ЛДПБ у Пінску. «Я ведаю, што Кісель нядаўна атрымаў кіраўнічую пасаду ў Палескім запаведніку. Магчыма, з гэтым звязана дзейнасць нядобразычліўцаў», — дзеліцца думкамі Гайдукевіч.
Як бачым, навіна пра скліканне палескага кангрэсу аказалася поўнай фальшыўкай. Самі людзі, якія нібыта за гэтым стаяць, рашуча абвяргаюць інфармацыю. Але насцярожвае тое, што з’яўляецца нехта, хто хоча навязаць актывістам Берасцейшчыны нейкі «сепаратызм».


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.