Не зносіць горкі ў Каменнай Горцы патрабуюць жыхары менскага мікрараёну.

Улады намерваюцца пабудаваць там пажарную частку, не зважаючы на незадаволенасць мясцовых жыхароў. Людзі, якія далучыліся да акцыі супраць рэльефных зменаў, мяркуюць, што пазбаўляць дзяцей адзінага месца зімовага адпачынку нельга.

Тысячы дзяцей кожную зіму бавяцца на горцы, набываюць нават санкі і цюбінгі. Што праўда, прырода апошнім часам не надта шчодрая на снег. А неўзабаве можа знікнуць і самая горка – адзінае даступнае дзецям месца забаваў.

«Улады без нашага дазволу, у парушэнне свайго ж закону аб горадабудаўнічай дзейнасці, не правёўшы грамадскіх абмеркаванняў, гэтую горку знішчаюць. То бок атрымліваецца, што ўлады на нас наплявалі, мы нікому не патрэбныя», – кажа блогер, грамадскі актывіст Павел Спірын.

На месцы знесенай горкі плануюць пабудаваць пажарнае дэпо. Людзі ж абураюцца і кажуць, што ў раёне існуе шмат іншых вольных месцаў, дзе гэта можна было б зрабіць без шкоды для жыхароў. Узяць каментар у другога боку, кіраўніцтва раёну, не ўдалося праз выходны дзень. Затое актыўна працавалі іншыя службы – без увагі асобаў у цывільным з відэакамерамі не абышлося. Людзей, якія выйшлі на пратэст, гэта не палохае.

«Калі я даведалася, што мы будзем абараняць і адстойваць правы горкі, то, канечне ж, прыйшла! Бо гэта сапраўды адзіная зімняя забава, якая тут ёсць», – кажа жыхарка Каменнай Горкі.

А пакуль з высокіх трыбунаў бесперапынна кажуць і пра падтрыманне народу, і пра падтрыманне спорту, Павел Спірын, арганізатар акцыі, падаў заяву ў Камітэт дзяржаўнага кантролю. Да яе ён далучыў некалькі соцень подпісаў абураных жыхароў.

«Далей мы будзем пісаць заяву ў пракуратуру. Вядома, на нашу пракуратуру я спадзеваў не маю, але калі штосьці зменіцца, я буду мець дакументы, што чыноўнікі здзейснілі службовае злачынства. Мая справа зараз – злачынства зафіксаваць», – тлумачыць Павел Спірын.

Хоць актывіст і наракае на тое, што чыноўнікі не чуюць людзей, безнадзейнаю сітуацыю ён не лічыць.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: