Хто парушае перамір’е, які заробак мае, як часта прыходзяць інструкцыі з Крамля, хто ваюе за ДНР, ці прызнае іх Беларусь, кажа Аляксандр Захарчанка

Фота REUTERS

Фота REUTERS

Курс на незалежнасць як быў, так і застаецца — мы лічым сябе самастойнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі

Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце вынік “мінскіх кансультацый” і тое, як яны на сёння выконваюцца?

Аляксандр Захарчанка: Гэта была спроба вывесці вырашэнне канфлікту з плоскасці ваеннай у плоскасць палітычную. І тут поспех ёсць: мы ўпершыню селі за стол перамоў у такім складзе, упершыню пачалі адно аднаго слухаць, упершыню пачалі шукаць нейкія кампрамісы. Менавіта шукаць. Мы іх не знайшлі, але шляхі вырашэння пачынаем намацваць. А па выкананні дамоўленасцяў… на жаль, магу сказаць, што яны выконваюцца адсоткаў на 50. Асноўная праблема — спыненне агню. З украінскага боку агонь вядзецца практычна ва ўсіх кірунках. Таму тут усё складана. Прычым мы разумеем, што некаторыя часткі не страляюць, а некаторыя робяць гэта спецыяльна, правакуючы нас на дзеянні ў адказ. І ўкраінскі бок гэтыя моманты прызнае.

Еўрарадыё: Украінскі бок сцвярджае, што гэта яны страляюць у адказ…

Аляксандр Захарчанка: Яны могуць казаць што заўгодна, але ёсць факты. Да прыкладу, у 18 гадзін мы страляць перасталі, а ў 21.07 нас абстралялі з боку аэрапорта ўстаноўкі залпавага агню “Град”. На наступны дзень, у 6 гадзін раніцы, была спроба прарыву з боку Марыупаля ў горад Данецк. У гэты ж ноч быў захоплены горад Тэльманава, разрэзаная наша групоўка, узятая ў акружэнне, і мы два дні адбівалі горад назад. Гэтыя факты задакументаваныя ў дзённіку вядзення баявых дзеянняў, мы рэгулярна іх падаём у прэсу, падаём украінскаму боку, і яшчэ ні разу ні адзін з гэтых фактаў украінскі бок не аспрэчыў, а моўчкі іх прымае. Калі ён іх прымае, значыць, прызнае сваю віну.

Еўрарадыё: Па выніку кансультацый у Мінску 5 верасня прагучалі словы пра тое, што ДНР і ЛНР не супраць заставацца тэрытарыяльна ў складзе Украіны, а потым была заява, што такога ніколі не будзе. Што гэта было?

Аляксандр Захарчанка: Нехта нешта няправільна зразумеў. Курс на незалежнасць як быў, так і застаецца — мы лічым сябе самастойнымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, якія маюць права весці самастойную замежную і ўнутраную палітыку, не залежную ні ад вонкавага, ні ад унутранага ўплыву. А ўсё астатняе — працэс перамоўны, і калі для вырашэння пытання пра незалежнасць нашых рэспублік трэба будзе прымаць нейкія міжнародныя прававыя акты, то Украіна як удзельнік гэтых працэсаў мае права прымаць альбо не прымаць рашэнне пра нашу незалежнасць. Вось што было сказана на “мінскіх кансультацыях”.

Практыка надання нашым землям статусу “адкладзеных тэрыторый” ці “асаблівых тэрыторый” прадугледжвае прыняцце адпаведных актаў менавіта ва Украіне, яна гэта і павінная была рабіць, і ў гэтым кірунку былі размовы ў Мінску. Мы разумеем, што міжнародная супольнасць нашу незалежнасць не прызнае, але на ўзроўні добрасуседскіх адносінаў з Украінай мы маем права на тое, каб нас прызналі ў якасці суб’екта незалежнага вядзення замежнай і ўнутранай палітыкі. Праўда, як вы заўважылі, на кансультацыях з украінскага боку прысутнічае Леанід Кучма — неафіцыйная асоба. Тут дваістая сітуацыя: непрызнанне нас як роўных удзельнікаў перамоў цягне за сабой непрызнанне і перамоў, а перавод іх у размовы. Таму і маем кансультацыі. А калі прызнаюць, то мы — не тэрарысты. У іх патавая сітуацыя, і як яны будуць з яе выходзіць, нават разважаць не буду.

Еўрарадыё: Наўрад ці можна на гэта спадзявацца, калі Генпракурор Украіны ізноў заклікаў прызнаць ДНР і ЛНР тэрарыстычнымі арганізацыямі…

Аляксандр Захарчанка: Калі тэрарысты абараняюць сваю зямлю, змагаюцца супраць фашызму, тады тэрарысты — гэта найлепшыя сябры любога разумнага чалавека. Бо змаганне з фашызмам — галоўнае, што было і што павінна працягвацца.

Ну, салдат расійскіх у арміі ДНР няма ўвогуле, а добраахвотнікі расійскія — ёсць.

Еўрарадыё: У Мінску дамовіліся арганізаваць кантроль на ўкраінска-расійскай мяжы, што праходзіць па тэрыторыі ДНР і ЛНР. Як гэта будзе выконвацца?

Аляксандр Захарчанка: Сёння ў нас ствараецца рэспубліканская памежная служба па выніку мінскіх кансультацый. І гэтая служба будзе сваімі сіламі забяспечваць мяжу.

Еўрарадыё: Гэта азначае, што ні ўкраінскія памежнікі, ні прадстаўнікі АБСЕ браць удзелу ў кантролі за тым участкам мяжы не будуць?

Аляксандр Захарчанка: Абсалютна! Я загад аб стварэнні рэспубліканскай памежнай службы сёння падпісваю (размова адбывалася 9 верасня — Еўрарадыё), а ў ЛНР такая служба ўжо створаная.

Еўрарадыё: Колькі на самай справе расійскіх “добраахвотнікаў” і рэгулярных войскаў у складзе войска ДНР?

Аляксандр Захарчанка: Ну, салдат расійскіх няма ўвогуле, а добраахвотнікі расійскія — ёсць. На сёння армія ДНР налічвае 15 тысяч чалавек. Добраахвотнікаў з Расіі прыблізна каля 2 тысяч. Але гэта добраахвотнікі не толькі з Расіі: сюды ўваходзяць добраахвотнікі з Асеціі, Абхазіі, Францыі, Беларусі, Казахстана, Іспаніі, Турцыі, Палесціны, з Рэспублікі Ічкерыя.

Еўрарадыё: Больш падрабязна раскажыце пра “добраахвотнікаў” з Чачні — гэта тыя так званыя “кадыраўцы”, накіраваныя на Данбас адмыслова? І якое дачыненне яны маюць да батальёна “Усход”?

Аляксандр Захарчанка: Батальён “Усход” сфармаваны выключна з мясцовых, з нас. Ні пра якія іншыя батальёны “Усход” нават размовы быць не можа. Што да чачэнцаў у нашай арміі, то найперш яны ваююць у розных батальёнах, а па-другое, гэта этнічныя чачэнцы, якія ўжо працяглы час жывуць на тэрыторыі Украіны ці ўвогуле ўжо атрымалі ўкраінскае грамадзянства.

Еўрарадыё: Вы можаце даць гарантыю, што ўсе камандзіры ўсіх батальёнаў будуць выконваць умовы пагадненняў, пад якімі стаіць ваш подпіс?

Аляксандр Захарчанка: Магу сказаць як галоўнакамандуючы арміяй ДНР: мой загад з’яўляецца адзіным і да выканання абавязковым. Іншая праблема, што пасля таго, як я падпішу загад, то пройдзе пэўны час, пакуль ён да усіх дойдзе. У мяне няма сувязі з некаторымі раёнамі Данецкай вобласці, і яна ажыццяўляецца альбо праз пасыльных, альбо нейкім іншым чынам. Ледзь не поштай. Але гэта жарт! А ёсць гарады, якія напалову акружаныя ці знаходзяцца ў тактычным акружэнні, і туды прабрацца складана. Да прыкладу, загад пра спыненне агню ў Горлаўку прыйшоў толькі ўчора. Праўда, там яго актыўнага і не было, бо не было актыўных дзеянняў, і Горлаўка ўмацоўвалася.

Львоў мы пакуль што не разглядаем як нашу зямлю

Еўрарадыё: А хто тады атакуе Марыупаль?

Аляксандр Захарчанка: Мы знаходзіліся ў прыгарадзе Марыупаля да моманту аб’яўлення перамір’я — мы ўжо з левага берага зайшлі і знаходзіліся ў прыгарадзе. І сёння мы знаходзімся ў Марыупалі і не збіраемся адыходзіць з гэтых пазіцый. Там перыядычна адбываюцца баявыя сутыкненні, гэтак жа, як у Данецкім аэрапорце.

Еўрарадыё: І якія ў вас тэрытарыяльныя амбіцыі?

Аляксандр Захарчанка: Уся наша зямля павінная быць вызваленая. Да апошняй пядзі.

Еўрарадыё: Гэта азначае, што і за Львоў планы сягаюць, да Малдовы?

Аляксандр Захарчанка: Львоў мы пакуль што не разглядаем як нашу зямлю. Як зямлю Данецкай народнай рэспублікі мы разглядаем зямлю Данецкай вобласці.

Еўрарадыё: І пакуль не дойдзеце да мяжы Данецкай вобласці,  будзеце працягваць ваяваць?

Аляксандр Захарчанка: Таму мы і вядзем з імі перамовы і просім, каб яны вывелі войскі з тэрыторыі Данецкай вобласці па-добраму. Каб нават не давялося весці баявыя дзеянні. Гэта адзін з пунктаў перамоў, які быў на кансультацыях у Мінску.

Еўрарадыё: Гэта сёння вы кажыце пра межы Данецкай вобласці, а заўтра запатрабуеце, каб і з суседняй Херсонскай вобласці вывелі ўкраінскія войскі!

Аляксандр Захарчанка: Ну паверце, у Мінск мы прыйдзем толькі як госці.

Еўрарадыё: Як часта вы атрымліваеце ўказанні з Крамля пра тое, што вам рабіць і што казаць?

Аляксандр Захарчанка: Указанняў увогуле не атрымліваю. Маю зносіны з Зурабавым і з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, што знаходзяцца ў Маскве, вельмі ўважліва сачу за медыяпрасторай. А ўсё астатняе — на свой страх і рызыку.

Еўрарадыё: Уся палітыка ДНР распрацоўваецца ў кабінетах вашай адміністрацыі?

Аляксандр Захарчанка: Яна не толькі ў кабінетах у Данецку распрацоўваецца. Калі пачынаеш з людзьмі размаўляць, бачыш іх жаданні і чаканні, то менавіта яны і ўплываюць на палітыку ДНР. Яна ж і была створаная як народная рэспубліка.

Еўрарадыё: Вы звярталіся да Уладзіміра Пуціна з просьбай прызнаць ДНР, станоўчага адказу не атрымалі. Пакрыўдзіліся?

Аляксандр Захарчанка: Я не звяртаўся — звяртаўся Дзяніс Пушылін адразу пасля рэферэндуму. Я цвяроза мыслю і разумею, што на сённяшні дзень гэта нерэальна, таму ніякай крыўды няма. Я вельмі моцна паважаю Расійскую Федэрацыю і не хачу, каб узнікалі нейкія крыўды па няведанні ці з якіх іншых прычынаў.

Еўрарадыё: А да Аляксандра Лукашэнкі наконт прызнання ДНР Беларуссю не звярталіся?

Аляксандр Захарчанка: А як вы думаеце, Аляксандр Рыгоравіч прызнае незалежнасць Данецкай народнай рэспублікі? Я б хацеў пачуць вашае меркаванне. Калі вы скажаце: “Я спадзяюся, што гэта адбудзецца”, — то я праз вас абавязкова звярнуся да Аляксандра Рыгоравіча з просьбай прызнаць нас. Гэтак жа, як нас прызнала Асеція. Ідуць перамовы з Абхазіяй. Мы будзем хутчэй за ўсё ўваходзіць, пастараемся ўвайсці, у Парламенцкую асамблею непрызнаных рэспублік. Ну, у палітычным вектары мы гэтае пытанне шчыльна прапрацоўваем.

Еўрарадыё: Дарэчы, а з Лукашэнкам вам давялося сустракацца?

Аляксандр Захарчанка: Не, не сустракаўся, на жаль.

Калі паглядзіце, як жыве Прыднястроўе і як жыве Малдова, то скажаце: “Божа, як добра быць непрызнаным!”

Еўрарадыё: Вы гатовыя да эканамічных і палітычных праблем, якія маюць такія рэспублікі?

Аляксандр Захарчанка: Вы былі ў Прыднястроўі? Вось калі будзеце і паглядзіце, як жыве Прыднястроўе і як жыве Малдова, то скажаце: “Божа, як добра быць непрызнаным!” Ці не варта падумаць пра тое, каб і Беларусь стала свабоднай ад пэўных эканамічных дужак? Хаця цяпер ваша краіна ў гэтым сэнсе вельмі моцная дзяржава, бо ваш прэзідэнт дастаткова дакладна і зразумела выказвае сваю пазіцыю лідарам іншых краін. За гэта мы яго моцна паважаем.

Еўрарадыё: Які заробак у прэм’ер-міністра ДНР?

Аляксандр Захарчанка: Я заробак прэм’ер-міністра не атрымліваю. Я лічу сябе салдатам і атрымліваю тое грашовае ўзнагароджанне, якое атрымлівае радавы. Дакладней, я ўвогуле яго не атрымліваю, калі шчыра.

Еўрарадыё: А сям’ю вы за што ўтрымліваеце?

Аляксандр Захарчанка: У мяне жонка таксама служыць, вось на яе ўзнагароджанне і жывём. Гэта жарт. На самай справе прадпрыемствы працуюць, эканоміка ў нас не сканала, як хацеў бы шмат хто. Цяпер ідзе падрыхтоўка да пасяўной, будзе ўборачная поўным ходам. На тых тэрыторыях, на якіх мы можам гарантавана весці сельскую гаспадарку, адбываецца пад’ём гэтага вектара эканомікі. Абіраюцца кіраўнікі раёнаў на сходах жыхароў, на поўную магутнасць запускаюцца тыя прадпрыемствы, якія не разбураныя, вугальная прамысловасць пачынае адраджацца.

Еўрарадыё: Ці можна сёння ў Данецку пайсці ў краму і набыць усё неабходнае з прадуктаў?

Аляксандр Захарчанка: Ну, крамы працуюць… Ёсць некаторыя моманты, якіх хацелася б пазбегнуць, але, на жаль, яны прысутнічаюць. І ўсё астатняе працуе: камунальныя службы, транспарт гарадскі, нават тыя гарады, якія былі абстраляныя, сёння добраўпарадкоўваюцца, і жыццё ў нас цячэ нармальна.

Еўрарадыё: А з крыміналам як — можна спакойна вечарам па горадзе пагуляць?

Аляксандр Захарчанка: У нас па вуліцах можна хадзіць спакойна, але толькі да пачатку каменданцкай гадзіны — пасля не рэкамендуецца.

Еўрарадыё: А днём у горадзе ніхто не абрабуе, красоўкі не здыме?

Аляксандр Захарчанка: Не. Адзіная непрыемнасць, што можа здарыцца, — можа прыляцець міна з украінскага боку. Мы за апошні час зрабілі горад бяспечным з усіх бакоў. Апроч аднаго — удары ўкраінскай артылерыі і мінамётаў.

  Армія ДНР, на жаль, не мае тэхнічнай магчымасці збіваць цэлі на такіх вышынях

Еўрарадыё: Колькі палонных украінскіх салдат знаходзіцца ў ДНР і ці адбываецца абмен палоннымі?

Аляксандр Захарчанка: Абмен ідзе пастаянна: мы кожны дзень кагосьці мяняем, кагосьці адпускаем. А за некалькі дзён да абвешчанага перамір’я мы проста так адпусцілі 10 чалавек. Вайскоўцаў ва ўзросце ад 18 да 20 гадоў, дзяцей — проста адпусцілі дамоў. Мы не хочам нічыёй крыві, мы не крыважэрныя тэрарысты, як нас называюць. Мы выдатна разумеем, што з таго боку такія ж славяне, як і мы, і што гэтая вайна развязаная Захадам і ЗША.

Еўрарадыё: Вы чыталі вынікі папярэдняга расследавання крушэння малайзійскага Боінга? Хто яго збіў, па-вашаму?

Аляксандр Захарчанка: Армія ДНР, на жаль, не мае тэхнічнай магчымасці збіваць цэлі на такіх вышынях. Да таго ж па усіх законах міжнароднага права дзяржава, якой належыць неба, у дадзеным выпадку гэта Украіна, вінаватая ва ўсім, што адбываецца з бяспекай паветрана-транспартных сродкаў. Таму выбачайце, але ў адпаведнасці з міжнародным правам Украіна павінная была адмяніць усе палёты ў зоне канфлікту грамадзянскай авіяцыі. А яна гэтага не зрабіла. Дык хто вінаваты ў тым, што Боінг збілі? Калі б мы мелі магчымасць адмяніць усе палёты, мы б зрабілі гэта адразу.

Еўрарадыё: Можа, у пэўнай ступені гэта і віна Украіны, але значна больш вінаваты той, хто націскаў на кнопку “Пуск”, і той, хто аддаў такі загад!

Аляксандр Захарчанка: У нас няма такіх узбраенняў, дык хто на кнопку націснуў?

Еўрарадыё: Расійскія танкі спакойна ездзяць праз украінска-расійскую мяжу то ў адзін бок, то ў другі — мог тое ж і расійскі “Бук” зрабіць…

Аляксандр Захарчанка: А некаторыя ўкраінскія БПМ і БТР чамусьці перасякаюць мяжу з Расійскай Федэрацыяй і па ёй да нас едуць! Гэта было неаднаразова зафіксавана, Расійская Федэрацыя неаднаразова ўкраінскаму боку дасылала ноты пратэсту. Не толькі танкі і БТРы, а яшчэ і верталёты залятаюць і самалёты.

Еўрарадыё: Чым, на вашу думку, завершыцца гэты канфлікт?

Аляксандр Захарчанка: Перамогай. Мы пераможам.

Еўрарадыё: Вядома, што будзе і трэцяя сустрэча ў Мінску вашай кансультацыйнай групы. Калі?

Аляксандр Захарчанка: Мне вельмі спадабаўся ваш горад, я шчаслівы, што яго пабачыў, для мяне ён стаў адкрыццём — такія прыгожыя гарады, як ваш, я сустракаў вельмі рэдка. Я з задавальненнем прыеду да вас у госці, паказаць дзецям і жонцы. Што да даты наступных кансультацый, то яна яшчэ не прызначаная, я нават прыблізна не магу сказаць.

Крыніца: Еўрарадыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...