Крычаўскіх міліцыянтаў кіраўніцтва прымушае выконваць план па «злачынствах» і аддаваць частку заробкаў. 11 супрацоўнікаў правапарадку даслалі ў лютым ліст міністру Шуневічу, у якім апісваюць умовы сваёй працы.

Падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік праслужыў у міліцыі 21 год, медаль «За бездакорную службу», які ён атрымаў летась, паказвае з гонарам. Міліцыянт прызнаецца, што, аднак, служыць у Крычаўскім РАУСе, дзе ён кіруе цяпер аддзелам аховы парадку і прафілактыкі, усё цяжэй. Падпалкоўнік цвердзіць, што цяперашні ягоны кіраўнік, падпалкоўнік Станіслаў Чупрын, перайшоў усе магчымыя межы: супрацоўнікам не даюць прэміяў, а калі прэміруюць, грошы трэба аддаць кіраўніцтву.

Паборы, кажа Вусік, ягоны кіраўнік дзяліў з намеснікам кіраўніка па ідэалагічнай працы Васілём Ціханенкам.

«У снежні 16-га года нам выдалі прэміі, але мы гэтае прэміяванне мусілі вярнуць. Ціханенку і іншым кіраўнікам, відаць», – распавядае ўчастковы Крычаўскага РАУСу Андрэй Шашкоў.

Паводле міліцыянтаў, дзяжурныя не маглі сыходзіць са службы, не выявіўшы правапарушэнняў паводле артыкулаў «За хуліганства» і «За распіванне алкагольных напояў у грамадскіх месцах». Міліцыянты мусілі дзяжурыць, пакуль не знойдуць вінаватых паводле адпаведных артыкулаў. На ўзмоцнены рэжым нясення службы за мінулы год працаўнікоў аддзелу аховы парадку пераводзілі 8 разоў, зазначае былы міліцыянт Юрый Дзюбанаў.

«Абстаноўка ў райаддзеле была нармальная – людзі маглі працаваць у штатным рэжыме. А гэта [узмоцнены рэжым] – 10 дзён без выходных і 12-гадзінны працоўны дзень», – кажа Дзюбанаў.

Чытайце па тэме:  Большая разборка. Что такое Прокопенягейт?

«Гнілая вінаградзіна»

Апроч таго, міліцыянты кажуць пра вербальныя здзекі. «Абразы? «Гнілы вінаград, гнілая вінаградзіна, плесень, прынясі мне свой дыплом – я яго парву», – кажа Ігар Вусік. – Мае словы могуць пацвердзіць іншыя супрацоўнікі – на нарадах, дзе б гэта ні было: «прынясіце мне свае дыпломы – я парву», «прыносьце мне свае заявы – у мяне ў міліцыю чарга стаіць», «латругі», «ляноты», мацерныя выразы».

Ігар Вусік разам з калегамі звяртаўся да вышэйшага кіраўніцтва, аднак магілёўскае Упраўленне ўласнай бяспекі парушэнняў паводле скаргі міліцыянта не знайшло. Больш за тое, пасля напісання скаргі сам Вусік трапіў на прафілактычны ўлік. Міліцыянт упэўнены: у Чупрына сувязі з магілёўскімі калегамі, што ладзілі правяранне.

«Я галасаваў за прэзідэнта»

Цяпер і Ігар Вусік, і ягоныя паплечнікі разлічваюць на расследаванне сталічных органаў. У звароце да міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча яны пералічылі ўсё, з чым сутыкаліся пад кіраўніцтвам Чупрына: знявагі і кпіны, несправядлівыя пакаранні, неабгрунтаваныя з гледзішча міліцыянтаў пераводы на ўзмоцнены варыянт нясення службы ды абавязковыя выяўленні правапарушэнняў. Падпісалі зварот 11 чалавек.

«Я б хацеў сказаць, што паўжыцця прапрацаваў міліцыянтам. Я галасаваў за прэзідэнта – за гэтую ўладу. Але гэтыя нерадзівыя прадстаўнікі – яны толькі падрываюць яго аўтарытэт. Наш зварот да вас – вымушаны», – прызнаецца Ігар Вусік.

Міліцыянт лічыць, што ягонае кіраўніцтва паводзіць сябе так, бо адчувае беспакаранасць.

Чытайце па тэме:  Кто такой Леонид Пеньковский, за которого вступился Лукашенко?

Станіслаў Чупрын праз тэлефоне кажа, што справу ўжо разгледзелі.
«Калі звярнуліся людзі да міністра са скаргай, значыць, разбіральніцтва праводзяць пэўныя кампетэнтныя органы, – кажа нам па тэлефоне кіраўнік Крычаўскага РАУС Станіслаў Чупрын. – Дакладней, ужо разабраліся, ёсць вынікі пэўных праверак».

За парушэннямі ў Крычаўскай міліцыі пільна сочаць мясцовыя журналісты. Мікалай Гердзій з мясцовае газеты «Вольны горад» прычынаю такое сітуацыі называе кумаўство і закрытасць для медыяў. «Закрытасць нашай міліцыі – гэта асноўная прычына вось гэтых парушэнняў. Вось глядзіце – напіўся, затрымалі – зараз па-мойму кіраўнік па-мойму столінскай міліцыі – чаго ён так сябе паводзіць? Таму што прыкрыюць».

Падпалкоўнік Вусік хоча дамагчыся звальнення кіраўніка, аднак дапускае, што пасля асвятлення справы ў медыях звольняць яго самога. Нават маючы трох малых сыноў, ён такога выніку не баіцца. Кажа, што ў любым выпадку працаваць гэтак, як апошні год, больш не можа.

Белсат


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment